Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе вянчаўся Якуб Колас


З 1985 году кожную восень, у дзень нараджэньня Якуба Коласа, Дом-музэй народнага паэта зьбірае лепшыя сілы навуковага коласазнаўства з усёй Беларусі і краінаў блізкага замежжа.

Мэта «Каласавінаў» — дасьледаваньне і папулярызацыя творчасьці песьняра. Сёлета ХХІХ навуковая канфэрэнцыя «Якуб Колас. Урокі гісторыі» прысьвечаная 100-й гадавіне пачатку Першай усясьветнай вайны, 70-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 55-годзьдзю адкрыцьця Дзяржаўнага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа.

Сёлета ў дзень народзінаў Якуба Коласа ў дворыку мэмарыяльнай сядзібы музэю адкрылася інтэрактыўная пляцоўка «Паэтычны куток. Героі твораў Якуба Коласа». Тут Ядвіся і Лабановіч, Сымон-музыка, Шчупак. Хутка зьявяцца яшчэ Савось-распусьнік і Кот. У дворыку, дзе разьмешчаныя драўляныя скульптуры, у форме гульні будуць распавядаць дзеткам пра Якуба Коласа.

Дзіцячая экспазыцыя
Дзіцячая экспазыцыя

Сёлета адзначаецца 100-годзьдзе з пачатку Першай усясьветнай вайны, і дасьледчык творчасьці Якуба Коласа доктар філялягічных навук, прафэсар Аляксей Нянадавец быў асноўным дакладчыкам:

«У беларускай літаратуры атрымалася так, што пра Першую ўсясьветную вайну — пра лірычнага героя, чалавека, вяскоўца ў акопах — пісала вельмі мала пісьменьнікаў: Максім Гарэцкі, Якуб Колас, Янка Купала (некалькі вершаў) і яшчэ Максім Багдановіч — „Як Базыль у паходзе канаў“. Гэта цалкам народнае. І Колас стараецца ў гэтым рэчышчы паказаць, як на вайне ўсё было цяжка на самой справе».

Якуб Колас браў удзел у Першай усясьветнай, але не ў баявых дзеяньнях. Ён служыў прапаршчыкам на румынскім фронце. І напісаў даволі шмат твораў, працягвае прафэсар Аляксей Нянадавец:

«Ён стараўся ісьці ў рэчышчы фальклёрным, таму што фальклёрнае ўяўленьне пра вайну, тыя мастацкія сродкі былі вельмі блізкія для простага чалавека. А ён сябе не вылучаў з гэтай масы. І ягоны лірычны герой не вылучаўся. Я прывяду ў якасьці прыкладу вось гэту трыадзінасьць фальклёрную: „Ці пабіты, ці ў палоне, ці паранены ў вайне...“ Ці, напрыклад, такое: „Дачакацца вясны ды вярнуцца з вайны быў бы я шчасьлівы...“ Ён хацеў найперш паказаць, што гэты герой, які апынуўся на Першай усясьветнай вайне, ён апынуўся на вайне зноў-такі ў тых жа самых абставінах, што і 200, і 300 гадоў таму назад. Ён змагаўся і часта ня ведаў, за што змагаецца».

Сямейны партрэт
Сямейны партрэт

У музэі Якуба Коласа ў гэтыя дні праходзіць выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю ягонага сына Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, заснавальніка і першага дырэктара музэю (з 1957 па 1980 гады). На стэндах — шмат унікальных дакумэнтаў, фатаздымкаў. Кожны год знаходзяцца абсалютна ўнікальныя рэчы, сьцьвярджае ўнучка Якуба Коласа і дачка Данілы Міцкевіча Вера Міцкевіч, якая шмат гадоў працуе ў архівах:

Вера Міцкевіч
Вера Міцкевіч

«Шукаць у нашых архівах — гэта адно задавальненьне. Вось гэты мэтрычны запіс аб нараджэньні Данілы Канстанцінавіча — знойдзены ў Нацыянальным гістарычным архіве. І ёсьць цікавы працяг. Я стала шукаць, а дзе ж была тая Праабражэнская царква, дзе хрысьцілі Данілу і годам раней вянчалі Канстанціна Міхайлавіча і Марыю Дзьмітрыеўну. І знайшлі па вельмі цікавай публікацыі — інтэрвію ўладыкі Стэфана, архіяпіскапа Лунінецкага і Пінскага, што ён мае такі дакумэнт і што ў той час так называлі Сьвята-Варварынскі храм у Пінску. І цяпер ідзе размова, каб там усталяваць мэмарыяльную шыльду ў знак таго, што там вянчаліся Якуб Колас і Марыя Дзьмітрыеўна. Тым больш што прэцэдэнт ёсьць — ёсьць такая шыльда пра вянчаньне Пушкіна і Натальлі Ганчаровай у Расеі. Так што і мы можам прэтэндаваць».

Пасьля заканчэньня канфэрэнцыі сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў і гасьцей стаў канцэрт з удзелам кіраўніка ансамбля «Менскі гармонік» Івана Раманчука, на якой адбылася прэзэнтацыя песень на словы Якуба Коласа. А да помніка Якубу Коласу ўсклалі кветкі.

А 4 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа запрашае на радзіму песьняра — наведаць мэмарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць і Смольня.

верш Рыгора Барадуліна
верш Рыгора Барадуліна

ад Рыгора Барадуліна
ад Рыгора Барадуліна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG