Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылі помнік узбэцкаму паэту. Помніка Быкаву дагэтуль няма


Алішэр Наваі, творчасьць якога ў 15 стагодзьдзі дала стымул эвалюцыі літаратуры на цюрскіх мовах

У менскім сквэры на вуліцы Сьвярдлова 29 ліпеня адкрылі помнік узбэцкаму паэту Алішэру Наваі, піша БелТА.

Алішэр Наваі – паэт і філёзаф сувійскага напрамку, яго творчасьць у 15 стагодзьдзі дала стымул эвалюцыі літаратуры на цюрскіх мовах​.

Імпрэза адбылася падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўзбэкістану. Праект помніку стварыў скульптар Максім Макарэвіч.

Помніка Васілю Быкаву ў Менску дагэтуль няма

Менгарвыканкам пакуль не знайшоў вуліцы, каб надаць ёй імя Васіля Быкава. Таксама ня вырашана пытаньне пра ўсталяваньне помніка народнаму пісьменьніку, якому 19 чэрвеня споўнілася б 95 гадоў.

З паўторнай прапановай назваць вуліцу імем Васіля Быкава і паставіць яму помнік зьвярнуўся ў Менгарвыканкам старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Паводле яго, ва ўладаў гораду «ўжо два гады як ёсьць даручэньне ад кіраўніцтва краіны па гэтым пытаньні».

Што да ўсталяваньня помніка Быкаву, то ў Менгарвыканкаме патлумачылі, што «помнік будзе рабіцца там, дзе будзе вуліца».

Чаргінец настойваў на праекце скульптара Аляксандра Батвінёнка і архітэктара Армэна Сардарава, але ўжо без стала ў форме зоркі (гл. на фота ніжэй). Батвінёнак памёр у 2018 годзе.

Макет помніка Васілю Быкаву скульптара Аляксандра Батвінёнка (зьлева) і архітэктара Армэна Сардарава
Макет помніка Васілю Быкаву скульптара Аляксандра Батвінёнка (зьлева) і архітэктара Армэна Сардарава

Пісьменьнік Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці, быў удзельнікам Другой Усясьветнай вайны, якой прысьвечаная асноўная частка ягонай творчасьці. Цэнтральнае месца ў аповесьцях Быкава займаў чалавек, яго гісторыі і складаны маральны выбар у найбольш трагічныя моманты жыцьця.

У 1988 годзе Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. З 1998 году Васіль Быкаў зьехаў у эміграцыю, жыў у Чэхіі, Фінляндыі, Нямеччыне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе перад самай сьмерцю, ягонае пахаваньне ў Менску было адным з самых масавых.

Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG