Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінін падпісваў расстрэльныя сьпісы беларусаў. Цяпер яму помнік, плошча, вуліца і завулак у Менску


Менскі гарвыканкам выдзеліў на рэстаўрацыю пастамэнта помніка Міхаілу Калініну 115 тысяч рублёў. Тэндэр на рэканструкцыю помніка выйграла ТДА «Рэнвітан» — уладальнік шыкоўнай рэстарацыі «Ўрарту» і замоўца будаўніцтва кавярні ў Севастопальскім парку ў Менску.

Бронзавы помнік вышынёю 5,5 мэтра стаіць у цэнтры Менску на аднайменнай плошчы. Скульптуру аўтарства Паліўчука і Глебава паставілі ў 1978 годзе. Яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Рашэньне аб рэканструкцыі прымае Міністэрства культуры.

Кіраўнік рамонтнікаў: «Я толькі выканаўца»

«Помнік знаходзіўся ўжо ў аварыйным стане, пліты гэтыя падалі, мы як маглі мацавалі, — сказаў Свабодзе дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства „Рамаўтадар Першамайскага раёну“ Віталь Германчук. — Грошы выдзеліў, канечне, гарвыканкам. Былі таргі, там прыстойна скінулі. У беларускіх рублях 115 тысяч з капейкамі».

Тэндэр на рэканструкцыю помніка абвяшчаўся на суму каля 134 тысяч рублёў. Дырэктар раённага рамаўтадару лічыць, што гэта нядорага.

«Ды не вялікія гэта грошы, — кажа Віталь Германчук. — Там дзеці ходзяць, катаюцца на скейтбордах, упадзе гэтая плітачка — гэта трагедыя. Здалёк, можа, і падаецца, што чатыры пліткі, а падыдзеш бліжэй, паглядзіш на ногі Міхаіла Іваныча, і працы там хапае. Але ўсё згодна з каштарысам».

Рашэньне пра лёс помніка, сьцьвярджае Віталь Германчук, прымае Міністэрства культуры.

«Я толькі выканаўца. Мне сказалі зьнесьці — я зьнясу. Сказалі рэстаўраваць — я рэстаўрую», — тлумачыць ён.

Мастацтвазнаўца: «Анахранізм, трэба зносіць»

«Я б ставіў пытаньне пра яго знос, — кажа Свабодзе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. — Як пэрсона ён абсалютна несымпатычны — маўчаў, пакуль ягоная жонка сядзела ў ГУЛАГу. А ягоная роля ў гісторыі Беларусі настолькі перабольшаная. Гэта нейкі анахранізм. Зь іншага боку, плошча, сам праект, архітэктура, добраўпарадкаваньне вырашаныя граматна. Як на мяне, то тут няма праблемы для абмеркаваньня. Я б асабіста хацеў яго там ня бачыць».

Плошча бяз помніка Калініну ў сярэдзіне 1960-х гадоў

«У гісторыі Менску Калінін запомніўся некалькімі візытамі, — пішуць на сайце Адміністрацыі Першамайскага раёну Менску. Адзін зь іх прыпаў на 20 чэрвеня 1919 году, калі менскі вакзал пабудзіў гудок агітцягніка. Палымяная прамова Калініна гучала на Траецкай гары і ў сьценах тэатру Опэры і Балету. Памяць пра гэтага чалавека ўвекавечаная ў назвах вуліцы, завулка і плошчы Калініна ў Менску».

Тэатар опэры і балету ў Менску існуе з 1933 году, цяперашні тэатральны будынак быў узьведзены ў 1938 годзе.

Гісторык: У сучаснай Беларусі павінны быць іншыя героі

Міхаіл Калінін — савецкі дзяржаўны дзеяч, вядомы мянушкай «усесаюзны стараста». Доўгія гады ўзначальваў савецкі ЦВК (з 1919 па 1938). У 1938 годзе жонку Калініна Кацярыну арыштавалі і адправілі ў ГУЛАГ, а сам Калінін быў абраны старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Гэтую пасаду ён займаў да самай сваёй сьмерці ў 1946 годзе.

У 1937 годзе Калінін падпісаў дакумэнт аб узмацненьні рэпрэсій у Беларусі, які прапанаваў Сталіну першы сакратар ЦК ВКП(б) Васіль Шаранговіч. Подпіс Калініна стаіць на адрасаванай Сталіну ў 1940 годзе дакладной запісцы Бэрыі, паводле якой у Катыні былі расстраляныя 20 тысяч польскіх афіцэраў, у тым ліку нямала ўраджэнцаў Беларусі.

«У мяне адназначная думка — ён ня варты помніка, — кажа Свабодзе гісторык Ніна Стужынская. — Калі разглядаць незалежную Беларусь і сучасную палітыку мэмарыялізацыі, то гэты чалавек калі і мае дачыненьне да нас, то толькі шкоднае. Ён прыяжджаў падчас грамадзянскай вайны зь нейкім агітацыйным цягніком. Канечне, у сучаснай Беларусі павінны быць абсалютна іншыя героі».

«Ды яшчэ і такія грошы, — задаецца пытаньнем Ніна Стужынская. — У ня самы спрыяльны час, калі столькі сацыяльных праблем у краіне — і такая сума выдаткоўваецца. Нашто? Пытаньне рытарычнае».

Гісторык Андрэй Кіштымаў упэўнены, што ў гэтым выпадку «размову трэба весьці не пра адно прозьвішча і не пра адзін помнік».

«Дзіўна сёньня прыбіраць Калініна і пакідаць Кірава і Сьвярдлова. Гэта павінен быць агульнадзяржаўны падыход. Не грамадзкі, як гэта сёньня ёсьць, а агульнадзяржаўная гістарычныя палітыка. Тады б гэтыя імёны, якія да нас маюць абсалютна ўскоснае дачыненьне, зьніклі з нашых вуліц, — тлумачыць гісторык Кіштымаў. — У свой час ня думалі пра гістарычныя наступствы, калі цэнтральныя вуліцы Менску паназывалі імёнамі Сурганава, Захарава, Казлова і так далей. Што для сучаснай Беларусі яны азначаюць? Нічога! А ў нас цэнтар Менску літаральна засьмечаны такімі імёнамі. Гэтыя дзеячы прыходзяць і сыходзяць, а Менск, менчукі, Беларусь застаюцца. І яны жывуць па гэтых адрасах!»

Працы па рэканструкцыі, кажа дырэктар Рамаўтадару, закрануць у асноўным пастамэнт. «На мой погляд як будаўніка, там падножжа добрае», — кажа Віталь Германчук. Калі ня здарыцца якога форс-мажору, помнік будзе «як новенькі» ўжо да канца году.

Што карыснага можна зрабіць на грошы для рэканструкцыі

Што сапраўды карыснага можна зрабіць на 70 тысяч даляраў проста цяпер? Мы паглядзелі, якім праектам патрэбная дапамога, і маем некалькі варыянтаў:

  • На лекаваньне маленькай Веры Званко, якая мае дыягназ «сьпінальна-мышачная атрафія», трэба сабраць 750 тысяч даляраў. Бацькі ўжо сабралі амаль 17 тысяч.
  • Тэатар для дзяцей з аўтызмам. Грошы зьбірае дабрачынны фонд «Сямейны інклюзіў-тэатар» з дапамогай часопіса «Імёны». Дзеці з аўтызмам граюць у спэктаклях, вывучаюць акторскае майстэрства, сцэнічную мову і вучацца граць на музычных інструмэнтах. Езьдзяць з гастролямі па ўсёй Беларусі. Цяпер у студыі займаюцца 76 дзяцей.
  • Касьцёлу сьвятога Роха на Залатой Горцы патрабуецца неадкладны рамонт. Вернікі ўжо замянілі дах на свае грошы, але ёсьць і іншыя патрэбы. Грошы зьбіраюць на рэсурсе Talaka.
  • Выязная служба беларускага дзіцячага госьпісу. У рэгіёнах сем’ям, дзеці ў якіх цяжка хварэюць, не хапае дапамогі. Беларускі дзіцячы госьпіс арганізаваў службу «Мабільнай паліятыўнай абілітацыі», якая дапамагае ім па ўсёй краіне.
  • Служба дапамогі людзям з бакавым аміятрафічным склерозам. Людзей з БАС нельга вылечыць, але можна дапамагчы ім жыць якасна. У Менску такой дапамогі патрабуюць 50 чалавек. Ва ўсёй Беларусі — каля 200. «Служба дапамогі людзям з БАС» — гэта дактары розных спэцыяльнасьцяў, якія гатовыя дапамагаць такім хворым. З дапамогай часопіса «Імёны» яны шукаюць матэрыяльнай падтрымкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG