Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прыбраць з гарадзкіх вуліцаў імёны ворагаў беларушчыны?


Будуючы сувэрэнную, вольную, дэмакратычную краіну, шануючы яе гісторыю і культурныя традыцыі, задумваючыся над яе эўрапейскім шляхам, беларускія інтэлектуалы, людзі культуры і мастацтва і ўвогуле патрыёты настойліва патрабуюць ад уладаў пазбыцца сымбаляў, знакаў савецкай эпохі. Разбуральная ідэалёгія бальшавікоў, іх крывавая практычная дзейнасьць пакінулі свае брудныя сьляды ў выглядзе помнікаў і назваў вуліцаў, плошчаў у гонар ворагаў беларушчыны, тых людзей, для якіх сама ідэя вольнай Беларусі была непрымальная. А яшчэ сваю прысутнасьць тут яны пазначылі назвамі вуліцаў тыпу Савецкая, Камуністычная, Камсамольская, Рэвалюцыйная... І з гэтай спадчынай загадана беларусам жыць і надалей. Як пазбавіцца яе? Якім шляхам пайсьці ў перайменаваньні вуліцаў, як вярнуцца да традыцыі і лёгікі, якая ў справе называньня вуліцаў існавала не адно стагодзьдзе? Да гэтай дыскусіі я далучаю сёньня гісторыка архітэктуры, культуроляга, выкладчыка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргея Харэўскага.

Вячаслаў Ракіцкі: Перадусім, Сяргей, грамадзкасьць патрабуе наданьня вуліцам імёнаў сапраўды слынных асобаў беларускай гісторыі і культуры. І гэта было б і ўшанаваньнем іхнай памяці, і маральным ачышчэньнем нацыі, і ці не канчатковым вызваленьнем ад злачыннай камуністычнай ідэалёгіі. Шмат людзей, і я сярод іх, успрымаюць як асабістую абразу наяўнасьць вуліцаў Леніна, Калініна, Камуністычнай і ім падобных. Такое перайменаваньне вуліцаў выглядае і палітычна апраўданым, і нават уратавальным для нацыі. Гэты шлях найлепшы?

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі: Я і сёньня б не сьпяшаўся з такім адміністратыўным, дырэктыўным надаваньнем уласных, хай сабе і нашых выбітных, сьветлых імёнаў, вуліцам.

Бо, па-першае, у гэтым ёсьць момант утылізацыі вобразу, прафанаваньня маштабу асобы, калі выдатнымі імёнамі называюць вуліцы недзе ў аддаленых прымесьцях, або на іх урэшце ставяцца абʼекты, якія не пасуюць да імёнаў.

А па-другое — часам гэта можа прыводзіць да курʼёзаў, калі імя ніяк не ўгрунтаванае пакуль у масавую сьвядомасьць або ня мае дачыненьня да канкрэтнага адрасу. Як ужо толькі не перакручваюць імя Напалеона Орды, чыім іменем назвалі далёкую вуліцу. Або згадаем узор фармалізму, калі Танкавую вуліцу перайменавалі ў гонар Максіма Танка, які там ніколі ня жыў.

Яшчэ больш прыкра, калі імёны ўжо нікому нічога ня кажуць: Валадарскага, Фролікава, Русіянава... Або гучаць экзатычна, як на наша вуха, — Алібегава, Арджанікідзэ, Кульман, Лібкнэхта, Мясьнікяна, Мельнікайце, Фабрыцыюса, Судмаліса, а то і Наджафгулу Раджабалы аглы Рафіева. Пагатоў, пра большасьць зь іх нават на іхных радзімах ужо ня ведаюць.

І ўжо зусім недарэчна, калі прозьвішчы супадаюць з рознымі асобамі. Напрыклад, многія перакананыя, што вуліца Караткевіча ў Менску названая ў гонар вялікага пісьменьніка. Але яна названая ў гонар Дзьмітрыя Андрэевіча Караткевіча, падпольшчыка. Калі гэтыя выпадкі памножыць на сытуацыю ва ўсёй Беларусі, то выглядае гэта ўсё поўным абсурдам.

Вуліца Дзяржынскага ў Крэве вядзе да замка
Вуліца Дзяржынскага ў Крэве вядзе да замка

Ёсьць пазытыўныя прыклады, калі, напрыклад, у Добрушы мясцовыя людзі перайменавалі вуліцу Карла Маркса ў вуліцу князя Фёдара Паскевіча, якому Добруш абавязаны ледзь не сваім існаваньнем.

Яшчэ больш удала вярнулі назву вуліцы Ірынінскай у Гомлі, замест Першамайскай, — у гонар княгіні Ірыны Паскевіч, якая таксама заслужыла вялікую добрую славу ў жыхароў гораду.

Ракіцкі: А чаму ж у Менску, у сталіцы Беларусі, усё застаецца па-ранейшаму? Вуліцы Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная, Камуністычная, Камсамольская ў самым гістарычным цэнтры Менску — гэта ж таксама абсурд. Назвы, якія ні пра што ня кажуць. Дзе лёгіка? Якая яна?

Харэўскі: У нас жа і каталіцкі Архікатэдральны сабор Найсьвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца на вуліцы Леніна. Менск, сапраўды, падае прыклад поўнага абсурду і анахранічнасьці мысьленьня!

Менавіта ж 5 гадоў таму намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка на прэсавай канфэрэнцыі раптам сказаў: «Мы хочам сёньня адысьці ад перайменаваньня вуліцаў, гэты пэрыяд мы прайшлі ў пачатку 1990-х гадоў!». А назва «Рэвалюцыйная» — «самая бяскрыўдная назва з пункту гледжаньня ідэалёгіі, тэма рэвалюцыйных хваляваньняў існавала на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва». А вуліца Маркса, на думку Карпенкі, названая імем філёзафа, чые працы вывучаюцца ва ўнівэрсытэтах сьвету.

Цяпер гэты камуніст, з такой вось лёгікай і такімі аргумэнтамі, працуе міністрам адукацыі. Выглядае, што нічога добрага чакаць не выпадае.

Ракіцкі: Сяргей, а што ён меў на ўвазе, калі ў гэтым кантэксьце казаў пра «пэрыяд пачатку 1990-х гадоў»? Можа, нагадаем нашым маладзейшым слухачам?

Харэўскі: Сапраўды, ужо варта нагадваць. Зь «перастройкаю» ў нас рэзка ўзьнялася нацыянальная самасьвядомасьць, абудзіліся грамадзянскія і патрыятычныя пачуцьці. Умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці за кошт дэсаветызацыі і дэрусыфікацыі было тады і застаецца да сёньня адзіным шляхам.

Ужо ў другой палове 1980-х гадоў у Менску ўтварылі Камісію па перайменаваньнях вуліцаў пры Менгарвыканкаме, куды можна было накіроўваць прапановы. Урэшце, спаміж мноства прапановаў, былі вернутыя назвы часткам Даўгінаўскага і Лагойскага трактаў, а вуліцы Радзістаў і Паўднёва-Заходнюю перайменавалі ў Залатую Горку і Козыраўскую. Частка вуліцы Казлова атрымала спрадвечнае імя — Даўгабродзкая, вуліцу Горкага перайменавалі ў Багдановіча. І праспэкт Леніна, які яшчэ раней быў праспэктам Сталіна, атрымаў гордае імя Францыска Скарыны.

У 1993 годзе вярнулі назвы чатыром вуліцам гістарычнага цэнтру: Гарадзкому валу (да гэтага Ўрыцкага), Раманаўскай слабадзе (былая Рэспубліканская), Ракаўскай і Кальварыйскай. То бок у «пэрыяд пачатку 90-х гадоў» вярнулі толькі 4 назвы!..

Але асноўная маса назваў вуліцаў па-ранейшаму засталася савецкай. З 780 менскіх вуліцаў асобам, зьвязаным з Другой сусьветнай вайной, прысьвечаныя назвы 113 вуліцаў, дзеячам расейскай культуры — 68, усесаюзным дзеячам савецкага пэрыяду — 44. Беларуская ж савецкая культура прысутнічае толькі ў 36 назвах, а культура дасавецкага пэрыяду — толькі ў 24!

То бок аніякіх зьменаў за чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці не адбылося. Спатрэбілася чвэрць стагодзьдзя, каб пераканаць вярнуць назву Зыбіцкая, а Камунальную набярэжную пераназваць у Траецкую! Вось і ўсе посьпехі...

Ракіцкі: На думку найлепшага знаўцы гісторыі Менску Захара Шыбекі, блізу 90% назваў менскіх вуліцаў не адпавядаюць гістарычнай традыцыі і вымагаюць перайменаваньня. Ці пагаджаецеся вы з гэткім меркаваньнем?

Харэўскі: Пагаджаюся з патасам шаноўнага навукоўца. Так, мы практычна не вярнулі колішніх назваў дарасейскага часу і дасавецкага пэрыяду. Прытым часам зусім бяскрыўдных. Тых жа Тэатральнай, Гарбарнай, Магазіннай, Падгорнай...

Ужо няма Ленінграду, але ў Менску не далі вярнуць назву Пецярбурскай вуліцы! Я ўжо не кажу пра старажытныя Валоцкую, Зборавую, Койданаўскую. Ну дзеля чаго ў Верхнім Горадзе былая Мала-Бэрнардынская, што за былым кляштарам айцоў бэрнардынаў, носіць імя Герцэна?

Я згодны са спадаром Шыбекам, што большасьць назваў не адпавядаюць нашым традыцыям утварэньня назваў, якія, як мы казалі ў мінулай перадачы, утвараліся натуральна і лягічна, спачатку ў вуснай традыцыі. Але зьвярну ўвагу — Менск за савецкім часам і за гады незалежнасьці вырас у дваццаць разоў. Так ня вырас ніводзін з гарадоў Эўропы. Адпаведна, хочам мы таго ці не, але даробак расейскага і савецкага пэрыяду абсалютна пераважае ў нашай матэрыяльнай культурнай спадчыне. І ад гэтага нікуды ня дзенесься.

У гэтым сэнсе цікавая была рэакцыя нашага грамадзтва на раптоўныя перайменаваньні ў 2005 годзе праспэкта Францыска Скарыны ў праспэкт Незалежнасьці, а праспэкта Машэрава — у Пераможцаў. Гэтыя перайменаваньні мала хто зразумеў, а яшчэ меней хто падтрымаў. Як бачым, не спынілі аніякія фінансавыя выдаткі.

Таму, калі мы гаворым пра прынцыпы гістарызму, то мусім усьведамляць, што плёну бальшавіцкіх экспэрымэнтаў у нашай краіне ўжо сто гадоў. І ўрбаніміка гэта яскрава адлюстроўвае. То бок гэта ўжо частка нашай традыцыі, гэтаксама як і расейскі каляніялізм.

З майго гледзішча, калі вуліцу стварылі ў чыстым полі і назвалі Трактарнай ці Калгаснай, то такой яна і павінна застацца. Пройдзе яшчэ гадоў дваццаць, і ніякіх нэгатыўных канатацыяў гэтыя назвы выклікаць ня будуць.

І калі ўжо гаварыць пра гістарычную назву праспэкта Пераможцаў, то гэта мелася б быць Паркавая магістраль, як звалася гэтая вуліца ад пачатку яе будаваньня. Памятаю захопленыя словы Ўладзімера Караткевіча ў адным з фотаальбомаў: «Паркавая магістраль насамрэч паркавая!». Што праўда, тады на ёй было больш дрэваў.

У Полацку ў 2008 годзе вуліцы Леніна была вернута назва Ніжне-Пакроўская
У Полацку ў 2008 годзе вуліцы Леніна была вернута назва Ніжне-Пакроўская

Ракіцкі: Дык дзе ж выйсьце? З аднаго боку, у Менску і ў іншых нашых гарадах цалкам захоўваецца савецкая сыстэма сымбаляў і культурных знакаў, а зь іншага — Беларусь ужо больш як чвэрць стагодзьдзя незалежная дзяржава, якая ніяк ня можа выкараскацца з павучыньня каляніяльнай спадчыны, абтрэсьці зь сябе ўвесь той пыл, які ўжо цалкам страціў сэнс.

Харэўскі: У маім разуменьні самы слушны шлях — самы кароткі. То бок, каб насыціць нашу ўрбаніміку сэнсам, вярнуць колішнія і падкрэсьліць існуючыя знакі, варта трымацца аднаго прынцыпу — вяртаць першасныя назвы нашым вуліцам і магістралям, робячы толькі паасобныя выключэньні.

Калі вуліца адпачатку звалася Валоцкай трыста з гакам гадоў, то ёй і варта аддаць належнае ёй імя. Калі вуліца ўзьнікла ў расейскі час і звалася Трубнай, а ня Берсана (а хто такі Берсан?), то варта вярнуць ёй першае імя, а не займацца фантазіямі. Калі за царом стварылі вуліцы і назвалі іх Правіянцкай, Кашарскай ці Шпітальнай, то і мусяць быць яны, а не Захарава, Чырвонаармейская і ня Фрунзэ.

Кастрычніцкая павінна наноў стаць Ніжне-Ляхаўскай, Ульянаўская — Верхне-Ляхаўскай, Энгельса, да праспэкту, — наноў стаць Дамініканскай, як яна звалася трыста гадоў, а далей — Тэатральнай, бо што можа быць лягічней, чым такая назва для вуліцы, на якой ажно тры тэатры.

Але пачаць трэба з самых старажытных. Вось ужо вярнулі Зыбіцкую, трэба прасоўвацца далей. Даўно варта прынесьці ў наш тапанімічны абсурд здаровы цям. Мы зможам чытаць па назвах вуліцах гісторыю сваіх гарадоў: у самым цэнтры — нашы назвы часоў Вялікага Княства, за імі — расейскія, а ў Заходняй Беларусі — і польскія, затым — савецкія, а за імі — ужо зноў уласна нашы!

Ня варта баяцца праўды. Калі мы вернем першасныя назвы, то ніякіх Савецкіх, Камуністычных і Камсамольскіх не застанецца, бо яны і ёсьць, пакуль што, у самых гістарычных цэнтрах. Такім чынам, зьнікнуць з нашых вуліцаў імёны Мясьнікова, Алібегава, Даўмана, Кнорына, Ландэра, Тухачэўскага, Сьвярдлова, якія былі прынцыповымі ворагамі беларушчыны, самой ідэі сувэрэнітэту Беларусі.

Вуліца Суворава ў Кобрыні
Вуліца Суворава ў Кобрыні

Дарэчы сказаць, гэткім жа шляхам пайшлі і літоўцы, пакінуўшы гадонімы і царскіх, і польскіх, і нават нэўтральныя назвы савецкіх часоў, але толькі пасьлядоўна перакладаючы тыя назвы на літоўскі лад! То бок стаіць задача не займацца вынаходжаньнем ровара, не ідэалягізаваць, а абчалавечыць, акультурыць нашу ўрбанімічную прастору.

Ракіцкі: Вы прапануеце вельмі радыкальны падыход. Ён пераконвае. Але ж хто будзе ў гэтай справе экспэртамі? Хто яны, судзьдзі?

Харэўскі: Толькі радыкальны, але законны падыход — просты і празрысты. Вядома ж, калі ў вас баліць зуб, вы ідзяце да стаматоляга, а не да практоляга. Адпаведна, няма сэнсу ўлазіць у дэбаты з дылетантамі і палітыканамі.

У нас ёсьць кола дасьведчаных адмыслоўцаў, якія доўгімі гадамі распрацоўвалі гэтую тэму: знаны філёляг Вінцук Вячорка, які яшчэ на пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у працы камісіі па тапаніміцы пры Менгарвыканкаме і распрацоўваў канцэпцыю ўнармаваньня гарадзкой тапанімікі, Іван Сацукевіч, аўтар шматлікіх грунтоўных навуковых публікацыяў па гісторыі беларускай урбанімікі, аўтарытэтныя дасьледчыкі нашай сталіцы — Захар Шыбека, Расьціслаў Баравы, Уладзімер Дзянісаў. Вось вам і гатовы калектыў.

Засталося толькі або выявіць волю, або дачакацца лепшых часоў. Галоўнае — усьвядоміць, чаго ж мы ўрэшце хочам.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG