Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Карл Маркс пацярпеў у Беларусі


Карл Маркс

Помнікі камуністычным правадырам у Беларусі, як вядома, не чапалі нават тады, калі ва ўсіх іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы іх крышылі адзін за адным. Але было выключэньне. У 1992 годзе з цэнтру Менску зьнік бронзавы Карл Маркс. І гэта была ці не адзіная ахвяра сьціплай спробы дэкамунізацыі ў Беларусі.

Некаторыя, напэўна, мне запярэчаць: каля будынка былога ЦК КПБ тады зьнікла скульптура ня толькі Маркса, але і Леніна. Гэта, сапраўды, так. Але бронзавыя, гранітныя і бэтонныя фігуры Ільіча захаваліся ў вялікай колькасьці ў іншых мясьцінах Менску і Беларусі. А манумэнтальны Маркс быў адзіны.

Гісторыя зносу гэтага помніка даволі цьмяная. Калі я два дні таму пацікавіўся пра той даўні эпізод у Станіслава Шушкевіча, які ў 1992 годзе ўзначальваў Вярхоўны Савет, той адказаў, што знос адбываўся безь яго і што гэтае пытаньне не ўваходзіла ў ягоную кампэтэнцыю як кіраўніка ВС.

Мой калега Сяргей Навумчык, які дэталёва дасьледаваў палітычную гісторыю Беларусі пачатку 90-х гадоў, мяркуе, што загад на дэмантаж помнікаў быў аддадзены тагачасным намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Васілём Шаладонавым. Ніякай мэтанакіраванай дэкамунізацыі тады, вядома ж, не вялося. Справа адбывалася ў працэсе пераезду Вярхоўнага Савету з Дома ўраду ў будынак былога ЦК КПБ на вуліцы Карла Маркса. Новай уладзе, якая дэкляравала незалежнасьць ад якой бы там ні было ідэалёгіі, ня вельмі пасавала, што перад галоўным уваходам у орган вярхоўнай улады ўзвышаюцца сымбалі марксізму. Зьнесьлі іх ціха, без усялякай шуміхі, праводзячы рамонтныя працы перад пераездам. Агаломшаныя дэпутаты-камуністы, убачыўшы замест бронзавых бюстаў клюмбы з кветкамі, паспрабавалі ўзьняць шум у Вярхоўным Савеце, але колькі-небудзь значнага працягу гісторыя не атрымала. Беларуская грамадзкасьць да факту зьнікненьня Карла Маркса з гарадзкога пэйзажу паставілася абыякава. Па-сапраўднаму сумаваў з гэтай нагоды, напэўна, толькі адзін чалавек — Заір Азгур, стваральнік помнікаў.

Заір Азгур, архіўнае фота
Заір Азгур, архіўнае фота

Памятаю размову зь ім у ягонай майстэрні ў сьнежні 1987-га, у атачэньні дзясяткаў скульптур — пераважна вялікіх і малых камуністычных правадыроў і кіраўнікоў. Заір Ісакавіч ганарыўся, што менавіта ягоныя працы ўсталяваныя ў самым цэнтры Менску, каля галоўнага бастыёна ўлады. Зь лёгкай іроніяй згадваў ня надта ўдалы лёс іншага манумэнта ягонай працы, які ўзвышаўся недалёка ад гэтага месца, на Цэнтральнай плошчы. Бронзавы Сталін прастаяў там дзевяць гадоў — зь верасьня 1952-га па лістапад 1961-га. Зрыналі яго паводле загаду з Масквы, у працэсе хрушчоўскай «дэсталінізацыі». Манумэнт быў настолькі трывалы, што бурыць яго давялося з дапамогай танкавых цягачоў і стальных тросаў таўшчынёй у руку.

Адкрыцьцё бюстаў Маркса і Леніна каля будынку ЦК КПБ, вясна 1980. Зьлева направа: старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Іван Палякоў, сакратар ЦК КПБ Мікалай Дземянцей, скульптар Заір Азгур, 1-ы сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў і іншыя. Фота Сяргея Навумчыка
Адкрыцьцё бюстаў Маркса і Леніна каля будынку ЦК КПБ, вясна 1980. Зьлева направа: старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Іван Палякоў, сакратар ЦК КПБ Мікалай Дземянцей, скульптар Заір Азгур, 1-ы сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў і іншыя. Фота Сяргея Навумчыка

Аказалася, бронзавых Маркса і Леніна чакаў падобны ж лёс. І прастаялі яны не нашмат даўжэй, чым Сталін, — усяго дванаццаць гадоў.

Што адметна, помнік Карлу Марксу ў Менску існаваў і раней. Прыблізна ў гэтым жа месцы, каля Купалаўскага тэатру, скульптура заснавальніка пралетарскага вучэньня была ўсталяваная ў 1922 годзе. Куды яна падзелася — дакладна не вядома. У 20–30-я гады бальшавіцкая ўлада ставіла скульптуры сваім правадырам у вялікай колькасьці. Але дзеля эканоміі сродкаў выраблялі іх пераважна з гіпсу і бэтону, так што шанцаў на доўгае жыцьцё ў помнікаў не было. Гэтак жа бясьсьледна зьніклі і бэтонныя Ленін і Сталін, якія сядзелі на лаўцы перад фасадам колішняй Ленінскай бібліятэкі — таксама побач з плошчай.

Ленін, як вядома зь некалі славутай паэмы Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, «думаў пра Беларусь». І ня толькі думаў, але і праяжджаў празь яе транзытам, накіроўваючыся ў ліпені 1900 году ці то ў Нямеччыну, ці то ў Швайцарыю.

Адрозна ад яго, Карл Маркс у Менску ніколі ня быў і нават наўрад ці ведаў пра існаваньне Беларусі, бо ў той час назвы гэтай на геаграфічных мапах сьвету не было.

А зрынутая ў 1992 годзе бронзавая скульптура Карла Маркса захавалася — у музэі свайго стваральніка Заіра Азгура.

Калі б СССР дажыў да нашага часу, дзень 5 траўня 2018 году — двухсотгадовы юбілей галоўнага камуністычнага тэарэтыка — адзначаўся б, без сумневу, як найвялікшае сьвята. А цяпер нават вуліцу Маркса ў Менску некаторыя яе жыхары называюць вуліцай Маркеса.

Зрэшты, Аляксандар Лукашэнка аднаго разу згадаў Карла Маркса — летась 27 сьнежня, сустракаючыся са студэнтамі ў Палацы Рэспублікі, ён заўважыў, што мае схільнасьць сумнявацца ў звыклых ісьцінах: «І ня я прыдумаў гэты прынцып. Гэта ідэя Карла Маркса, ён заўсёды завяшчаў: паддавай усё сумневу»

Праўда, калі паставіць пад сумнеў саму гэтую заяву, дык высьветліцца, што аўтар афарызму — ня Маркс, а францускі філёзаф Дэкарт.

У ваколіцах сталічнай Кастрычніцкай плошчы ў розны час можна было пабачыць увекавечаных у граніце, бронзе і бэтоне двух Марксаў, двух Ленінаў, двух Сталінаў. А цяпер — няма нікога. Нічога зь нічога не атрымліваецца, як сказаў бы Дэкарт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG