Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сымон Музыка» выйшаў без цэнзуры. Праз 100 гадоў


Выдавецтва «Медыял» зрабіла на Каляды беларускім бібліяфілам цудоўны кніжны падарунак. Яно выдала ў першародным варыянце самы загадкавы, самы лірычны, самы драматычны твор клясыка беларускай літаратуры.

Першы варыянт сваёй паэмы «Сымон Музыка» Якуб Колас выпусьціў у 1918-м. А пісаць пачаў яшчэ ў 1911-м, адразу па вызваленьні зь менскае турмы, у якой адбыў пяць гадоў за ўдзел у настаўніцкім зьезьдзе.

Так выглядала першае выданьне «Сымона Музыкі» ў 1918 годзе
Так выглядала першае выданьне «Сымона Музыкі» ў 1918 годзе

Паэму ня раз перарабляў аўтар, а яшчэ больш рэдагавалі цэнзары. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч усё жыцьцё трымаў у памяці сапраўдны, непадцэнзурны варыянт твора, які і стаў асновай гэтай кнігі. Уклаў яе гісторык і літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык. Каардынатар выданьня — Глеб Лабадзенка.

Першыя старонкі выданьня 2018 году
Першыя старонкі выданьня 2018 году

«„Сымон Музыка“ — адзін з самых загадкавых твораў у сусьветным мастацтве. Глыбінны сэнс яго сымбалічных вобразаў і матываў яшчэ не раскрыты ў літаратуразнаўстве», — пісаў філёзаф Уладзімер Конан. За савецкім часам, калі нават дасьледчыкам творчасьці Якуба Коласа не былі даступныя ўсе ягоныя рукапісы, раскрыць таемныя сымбалі і знакі паэмы не ўяўлялася магчымым.

Асноўны пасыл паэмы — неразуменьне простым народам сваіх геніяў. Непрызнаныя маладыя таленты нярэдка гінулі. І гэтак адназначна можна было ўспрымаць лёс Сымона Музыкі паводле першае аўтарскае вэрсіі. Але пазьнейшыя дадаткі і пераробкі, забароненыя савецкай цэнзурай амаль 100 гадоў, паказваюць значна шырэйшы і глыбейшы сэнс паэмы і сымболіку галоўнага героя.

Сьпіць Сымон і разважае,
Хоча голаву падняць,
Толькі сіл яшчэ ня мае
Крыльлі вольныя разьняць.
Ды ён ўстане, ён ачнецца,
Круг ня скончыў свой Сымон,
На шырокі шлях прабʼецца,
Хоць мо й доўгім будзе сон.

У кнізе прыведзены ўзноўлены з дапамогай сямʼі Якуба Коласа і архіўных дадзеных аўтарскі варыянт паэмы. Можна ўбачыць дапісаныя песьняром радкі, якіх не было ў першай рэдакцыі — і радкі, выразаныя зь яе; радкі, зьмененыя самім аўтарам — або перапісаныя пад ідэалягічным прымусам. Пачатковы і канчатковы варыянты пры кожнай праўцы падаюцца побач. Іх супастаўленьне дае чытачу магчымасьць прасачыць стогадовы шлях паэмы з усімі яе прыгодамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG