Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У такой Беларусі і з такімі беларусамі хочацца жыць». Пяцітомнік Алексіевіч выйшаў па-беларуску без цэнзуры. ФОТА. ВІДЭА


«У склад аніякай дзяржавы мы ня ўвойдзем». Пяцітомнік Алексіевіч выйшаў па-беларуску без цэнзуры

На краўдфандынгавай плятформе Ulej.by 660 чалавек сабралі на выданьне амаль 232 тысячы рублёў, або 580% сумы, якую пазначылі арганізатары.

«Гэта самая маштабная краўдфандынгавая кампанія ў Беларусі», — казалі на прэзэнтацыі збору твораў пад агульнай назвай «Галасы ўтопіі». Імпрэза адбылася 25 чэрвеня ў прасторы ОК16 у Менску.

Вядоўца — літаратар і перакладчык Андрэй Хадановіч — прывітаў усіх, хто прыйшоў на сустрэчу «зь беларускай пісьменьніцай, якая сёньня робіцца яшчэ і беларускамоўнай пісьменьніцай».

Гарадзенскія ідэолягі ад пяцітомніка Алексіевіч адмовіліся

«Кніжка зьявілася як вынік маштабнай краўдфандынгавай кампаніі — самай вялікай у гісторыі беларускага краўдфандынгу», — зазначыў падчас свайго выступу старшыня праўленьня ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка. Банк адыграў у гэтым немалую ролю, стаўшы галоўным спонсарам праекту. Дзякуючы ягонаму ўнёску пяцітомнік Алексіевіч трапіць у кожную беларускую бібліятэку.

Выступае старшыня праўленьня ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка
Выступае старшыня праўленьня ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка

«Колькасьць бібліятэк скарачаецца, але яны жывыя, працуюць, і людзі працягваюць у іх хадзіць», — патлумачыў сваё рашэньне Віктар Бабарыка.

Пачалі зь Віцебску. Банкіра ўразіла, наколькі глыбока там ведаюць творчасьць нобэлеўскай ляўрэаткі. Аднак падарункам ад Белагазпрамбанку рады ня ўсе.

«Гарадзенская вобласьць афіцыйна, словамі кіраўніка ідэалягічнага ўпраўленьня, увяла панятак „дастатковасьці кніг“, — распавёў Віктар Бабарыка. — У нас ёсьць адказ, які кажа, што ў Гарадзенскай вобласьці ў дастатковай колькасьці кнігі Сьвятланы Аляксандраўны, і яны адмаўляюцца ад падарунка „Белгазпрамбанку“».

​Праўда, кажа банкір, ён у гэта ня верыць. Таму заклікаў гарадзенскія бібліятэкі зьвязацца з банкам і пакінуць ім заяўку на камплекты кніг Сьвятланы Алексіевіч.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Нобэлеўскія ляўрэаты застаюцца назаўжды, — мяркуе Віктар Бабарыка. — Нам вельмі пашанцавала, што мы атрымалі свайго ўласнага нобэлеўскага ляўрэата і ўсе нейкім чынам дапамаглі гэтаму праекту адбыцца».

Амбасадарка Швэцыі выступіла на выдатнай беларускай мове

Крыстына Юганэсан, амбасадарка Швэцыі, сказала, што радавалася за беларусаў, як толькі даведалася, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію.

Амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан
Амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан

Першую кнігу Алексіевіч яна прачытала па-расейску. Гэта былі «Цынкавыя хлопчыкі», якія ўразілі яе «да глыбіні душы». А вось «У вайны не жаночы твар» былі прачытаныя ўжо ў «пранікнёных» перакладах на швэдзкую мову.

«Хачу павіншаваць усіх беларусаў з магчымасьцю прачытаць творы Алексіевіч на роднай мове», — сказала Крыстына Юганэсан.

«Рабіць правільныя рэчы ня больш складана, чым не рабіць нічога»

Эдуард Бабарыка, кіраўнік і заснавальнік краўдфандынгавай плятформы Ulej.by, задаўся ў сваім выступе пытаньнем: «Чаму тое, што адбылося, выклікае такія эмоцыі і ўздым?»

Эдуард Бабарыка, заснавальнік і кіраўнік краўдфандынгавай плятформы Ulej.by
Эдуард Бабарыка, заснавальнік і кіраўнік краўдфандынгавай плятформы Ulej.by

«Тое, што мы зрабілі разам з вамі, — гэта нармальна, — лічыць Эдуард Бабарыка. — Абсалютна нармальна не баяцца і, нягледзячы ані на што, рабіць тое, што лічыш правільным і важным. Абсалютна нармальна не чакаць, калі хтосьці зьверху штосьці прапануе, а браць ініцыятыву ў свае рукі».

«Мы з вамі проста палічылі правільным і важным выдаць свайго нобэлеўскага ляўрэата на беларускай мове. І зрабілі гэта», — кажа бізнэсовец.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Рабіць правільныя рэчы ня больш складана, чым не рабіць нічога», — падсумаваў заснавальнік плятформы Ulej.by і згадаў, што за гэтым праектам стаіць некалькі соцень чалавек, якія нават ня ведаюць адзін аднаго.

​«Зь іншага боку, у нас шмат агульнага. Мы ўсе любім Беларусь, мы ўсе любім беларускую культуру, мы ўсе любім беларускую мову, мы ўсе паважаем працу Сьвятланы Аляксандраўны, і мы ўсе ганарымся нашым першым і адзіным нобэлеўскім ляўрэатам, — кажа ён. — Гэтага аказалася дастаткова, каб мы разам зрабілі гісторыю».

Эдуард Бабарыка распавёў, што выданьне пяцітомніка было для плятформы першым праектам, у якім яны выступілі суарганізатарам. Гэта настолькі натхніла каманду, што цяпер яны запускаюць некалькі праектаў у сфэры літаратуры, адукацыі і гарадзкога асяродзьдзя.

«Я ўсьвядоміў, што менавіта ў такой Беларусі і з такімі беларусамі хочацца жыць», — сказаў Эдуард Бабарыка. — Літаральна празь некалькі гадзін гэта ўсё стане яркім сьледам у гісторыі, які пакінулі мы».

«Па маім жаданьні перакладчыкамі мусілі быць мужчыны»

Ідэя перавыдаць беларускія пераклады Сьвятланы Алексіевіч зьявілася яшчэ ў 2015 годзе, — сказаў выдавец збору твораў Ігар Логвінаў. Ад першапачатковай думкі апублікаваць ужо наяўныя пераклады хутка адмовіліся.

Ігар Логвінаў (у цэнтры) на прэзэнтацыі пяцітомніка кніг Сьвятланы Алексіевіч "Галасы ўтопіі"
Ігар Логвінаў (у цэнтры) на прэзэнтацыі пяцітомніка кніг Сьвятланы Алексіевіч "Галасы ўтопіі"

«Мы вырашылі, што Сьвятлана Аляксандраўна павінна па-беларуску загучаць галасамі найбольш моцных беларускіх стылістаў, літаратараў, інтэлектуалаў, — патлумачыў Ігар Логвінаў. — Па маім жаданьні гэта мусілі быць мужчыны. Калі мы дамовіліся на такія стасункі, усё стала лёгка».

​«Перастваральнікамі», як назваў Андрэй Хадановіч перакладчыкаў кніг нобэлеўскай ляўрэаткі, сталі выбітныя майстры слова. Філёзаф Валянцін Акудовіч пераклаў «У вайны не жаночы твар». Сам Андрэй Хадановіч — «Цынкавых хлопчыкаў». Уладзімер Арлоў, які таксама выступіў на прэзэнтацыі, стаў аўтарам перакладу «Чарнобыльскай малітвы». Пісьменьнік і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч пераклаў «Апошніх сьведак». Публіцыст, літаратар і рэдактар Сяргей Дубавец — «Час сэканд-хэнд».

Пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў і Сьвятлана Алексіевіч
Пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў і Сьвятлана Алексіевіч

«Падчас працы мы часта сварыліся», — сказаў Ігар Логвінаў. — Але праз два гады ў мяне адчуваньне лёгкасьці і абсалютнага задавальненьня тым, што мы зрабілі».

«Мінулае апынулася ня ззаду, а паперадзе нас»

«Я рада бачыць, што вас столькі», — сказала Сьвятлана Алексіевіч, выйшаўшы на сцэну. — Гэта кажа пра тое, што ў склад аніякай дзяржавы мы ня ўвойдзем». Заканчэньне гэтай фразы публіка сустрэла воплескамі.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Я вам вельмі ўдзячная, бо здорава бачыць сьвет і быць вядомай у сьвеце», — працягвала нобэлеўская ляўрэатка. — Але заўжды быў такі сумны стан, што дома цябе нібыта і няма. І ўлада шмат робіць для таго, што цябе няма. Але вельмі сумна, калі няма такіх матэрыяльных доказаў, што ты ёсьць».

Паводле Сьвятланы Алексіевіч, некаторыя яе ранейшыя пераклады на беларускую мову былі няўдалыя, што яе расчароўвала.

«І раптам такі проста бліскучы праект», — кажа яна. — Гэта найлепшыя хлопцы, якія зрабілі пераклад. Я нават не ўяўляю, хто сёньня мог бы зрабіць лепш».

Паэтэса Валянціна Аксак і пісьменьнік і перакладчык Барыс Пятровіч
Паэтэса Валянціна Аксак і пісьменьнік і перакладчык Барыс Пятровіч

Сьвятлана Алексіевіч зьвярнула ўвагу, як шмат людзей далучыліся з падтрымкай. «Справа нават не ўва мне, — сказала яна. — Калі даведалася пра суму, якая сабраная, я зразумела, што мы ёсьць, што душа нашая не зусім расчараваная, што мы ўсё ж здольныя часам узьняцца. Здольныя ажывіцца. Гэта кажа пра тое, што мы ёсьць, толькі агульнай ідэі няма, лідэра няма».

«Мае кнігі — не гісторыя, — кажа Сьвятлана Алексіевіч. — Яны не пра мінулае. На жаль, мы яшчэ б’емся ў абцугах гэтага мінулага. Мінулае апынулася ня ззаду, а паперадзе нас. Бо ў 90-я гады мы не зрабілі таго, што мусілі зрабіць. І ў выніку атрымалася ізноў адчуваньне паражэньня».

Літаратар і перакладчык Андрэй Хадановіч
Літаратар і перакладчык Андрэй Хадановіч

«Але аніякія аўтарытарныя ўлады, аніякія старыя ідэі ня вечныя. Жыцьцё рухаецца. І ніхто ня можа перамагчы ані біялёгію, ані час. Так што час за вамі», — працягвала Сьвятлана Алексіевіч.

«Я звыклася, што зь юнацтва думаю трошкі інакш. І заўжды мяне з усіх бакоў б’юць, — тлумачыць яна. — І ўлада б’е, і адзін час хлопцы зь беларускімі спадзевамі білі, бо ім падавалася, што я недастаткова беларуская ці штосьці...»

Сьвятлана Алексіевіч кажа, што ёй было цяжка патлумачыць, што яе расейская мова — гэта «мова, на якой размаўляе імпэрыя».

«Я мусіла напісаць на гэтай мове... Калі б я напісала па-беларуску, я б не схапіла тую праўду часу, праўду пачуцьцяў. І я мусіла гэта зрабіць. І я, на жаль, стала і закладнікам, і ахвярай гэтага».

За 40 гадоў, што яна займаецца гэтай працай, кажа Алексіевіч, яна склалася ў гэтай моўнай стыхіі.

«Мне вельмі складана цяпер узяць і перайсьці на беларускую мову. Творчы шлях — гэта заўжды ахвяра, ты заўжды закладнік свайго часу, — сказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. — Але мы тут, справа зробленая, і будзем верыць у будучыню».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG