Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ два падазраваныя ў справе аб «крывавым салюце»


Адна з салютных ўстановак, што выбухнулі 3 ліпеня, архіўнае фота
Адна з салютных ўстановак, што выбухнулі 3 ліпеня, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што «яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў статусе падазраваных» у справе аб выбухаў у час салюту 3 ліпеня ў Менску.

СК не камэнтуе, хто гэтыя два падазраваныя. Сьледчыя просяць відавочцаў, якія здымалі здарэньне на відэа, зьвязацца зь імі і прадставіць матэрыялы відэаздымак.

11 ліпеня Telegram-канал Nexta паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што зьявіліся яшчэ два падазраваныя зь ліку беларускіх вайскоўцаў: капітан Пасьледні быў адказны за зараджаньне салютных установак, а старшы лейтэнант Круглік з падначаленымі «непасрэдна падразаў фаервэркі, якія ня ўлазілі, перад тым, як запхнуць іх у марціры». Але тады сьледчыя не пацьвярджалі і не абвяргалі гэтага.

Раніцай 17 ліпеня расейская амбасада паведаміла, што ў справе выставілі абвінавачаньне двум грамадзянам Расеі. СК гэта пазьней пацьвердзіў: абвінавачаньне расейцам выставілі паводле ч.2 арт.299 КК РБ — «парушэньне правілаў абыходжаньня з выбуховымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека», што прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней паведамлялася, што затрыманыя расейцы — супрацоўнікі расейскай фірмы «Пиро-Росс», якая пастаўляла фаервэркі для салюту. Як сьцьвярджалі сьледчыя, яны «зьдзяйсьнялі мэханічны ўплыў на зарады піратэхнікі пры зарадцы мартыраў, не прадугледжанае правіламі».

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG