Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўсе пачалі «старыць» сябе ў сацсетках і што такое FaceApp


Зьлева направа: арыгінальнае фота Аляксандра Лукашэнкі, амалоджанае праз FaceApp, састаранае праз FaceApp і з накладзенымі праз FaceApp барадой, акулярамі і новай прычоскай
Зьлева направа: арыгінальнае фота Аляксандра Лукашэнкі, амалоджанае праз FaceApp, састаранае праз FaceApp і з накладзенымі праз FaceApp барадой, акулярамі і новай прычоскай

З канца мінулага тыдня карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі масава публікаваць фота, апрацаваныя мабільнай праграмай FaceApp — пераважна сябе не ўпрыгожваюць, а «стараць».

Як сябе састарыць

Праграму FaceApp распрацаваў у 2017 годзе былы супрацоўнік «Яндэксу» Яраслаў Ганчароў (навінаў пра пакупку праграмы або буйныя інвэстыцыі не было). Першая хваля яе папулярнасьці была зьвязаная з функцыяй дадаваньня ўсьмешкі: атрымлівалася падобна да праўды, але выраз твару выходзіў няёмкі, нібы ўсьмешка была змушаная.

Як тады, так і цяпер праграма дазваляе таксама зрабіць твар старэйшым ці маладзейшым, а таксама «прыгажэйшым», як гэта ўяўляюць аўтары праграмы. Платная вэрсія дазваляе таксама мяняць прычоскі і колер валасоў, «прымяраць» макіяж. Была функцыя «зьмены расы», але пасьля крытыкі за «адбельваньне» людзей фільтар прыбралі.

Праграма ня можа дасканала адгадаць, як чалавек будзе выглядаць празь дзясяткі гадоў — напрыклад, не прадкажа, што чалавек адгадуе вусы. Зьлева — Аляксандар Лукашэнка ў другой палове 1970-х падчас службы ў памежных войсках, справа — састараны праз FaceApp.
Праграма ня можа дасканала адгадаць, як чалавек будзе выглядаць празь дзясяткі гадоў — напрыклад, не прадкажа, што чалавек адгадуе вусы. Зьлева — Аляксандар Лукашэнка ў другой палове 1970-х падчас службы ў памежных войсках, справа — састараны праз FaceApp.
На колькі гадоў старыць FaceApp, невядома. Зьлева — афіцыйны партрэт Аляксандра Лукашэнкі 2001 году, справа — састараны праз FaceApp
На колькі гадоў старыць FaceApp, невядома. Зьлева — афіцыйны партрэт Аляксандра Лукашэнкі 2001 году, справа — састараны праз FaceApp

Спампаваць бясплатную вэрсію можна на Android і iOS. Вэрсіі для настольных кампутараў няма.

Каб састарыць сябе, трэба даць праграме дазвол на доступ да фота, выбраць здымак або зрабіць новы, пасьля выбару націснуць пад фота кнопку «Age» і выбраць «Old». Калі вынік задаволіць — ціснуць «Apply», а каб захаваць фота — на кнопку са стрэлкай уніз, што ў правым верхнім куце.

Адкуль трэнд

Паводле расейскага выданьня TJournal, за некалькі дзён да таго, як трэнд дабраўся да Беларусі, карыстацца FaceApp пачалі зоркі з краінаў Блізкага Ўсходу, а таксама Партугаліі. Затым «падключыліся» расейскія гумарысты Гарык Харламаў і Міхаіл Галусьцян. У той жа час праграму зноў заўважылі ў ангельскамоўным асяродзьдзі.

Новую хвалю папулярнасьці FaceApp можна зьвязаць таксама з абнаўленьнем праграмы: два гады таму «састараныя» фота можна было рабіць толькі ў нізкім разрозьненьні, цяпер зьявіўся HD-фільтар.

Такія цацкі — сур’ёзны бізнэс, у тым ліку для беларусаў

Падобныя да FaceApp праграмы распрацоўвалі і беларусы. Стваральнікаў MSQRD, якая давала магчымасьць накладаць на твары маскі ў рэальным часе, нават купіў Facebook, а стваральнікаў Fabby, якая дазваляе накладаць на фота анімаваны фон або перафарбоўваць валасы на відэа, купіў Google. Сумы ўгодаў не раскрываліся, але верагодна, што гаворка пра не адзін мільён даляраў.

Сузаснавальнік AIMatter, якая распрацавала Fabby, тлумачыў Свабодзе, што асноўны прадукт кампаніі — ня самі праграмы, а набор інструмэнтаў для іх, так званы Fabby SDK, які дазваляе хутка запускаць на тэлефоне нэўронныя сеткі для апрацоўкі інфармацыі (гэта значыць, выява апрацоўваецца паводле такой схемы, паводле якой працуюць нэўроны ў арганізьме жывой істоты, а праграма можа вучыцца на прыкладах).

Ён кажа, што на стварэньне набору інструмэнтаў пайшло «шмат чалавека-гадоў», але маючы такі набор, зрабіць праграму кшталту Fabby Look — «пытаньне некалькіх тыдняў».

Тэхналёгіі апрацоўваньня выяваў твару могуць ужывацца і для іншых мэтаў: ад распазнаваньня твараў злачынцаў з камэраў відэаназіраньня да стварэньня фэйкавых навінаў і нават фальшывага порна са славутымі людзьмі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG