Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 беларускіх ІТ-стартапаў, купленых замежнымі гігантамі


Штаб-кватэра Google у Пала-Альта, ЗША
Штаб-кватэра Google у Пала-Альта, ЗША

Свабода прыгадвае самыя значныя продажы беларускіх высокатэхналягічных стартапаў замежным кампаніям.

Сёньня стала вядома, што адна зь дзьвюх найбуйнейшых у сьвеце (паводле капіталізацыі) тэхналягічных карпарацыяў Google набывае беларускі стартап Fabby, які распрацаваў аднайменную мабільную праграму, каб мяняць фон сэлфі-фота з дапамогай нэўронных сетак. Свабода прыгадала самыя значныя продажы беларускіх высокатэхналягічных стартапаў замежным кампаніям.

2017 год. Fabby

Гісторыя. Стартап AIMatter паўстаў у мінулым годзе ў Менску. Дзьве яго вядомыя распрацоўкі — папулярныя ў сьвеце мабільныя праграмы Fabby і Fabby Look. Яны дазваляюць натуральным чынам зьмяняць колеры фону і аб’ектаў на фота і відэа карыстальнікаў на падставе арыгінальнай тэхналёгіі ўжываньня нэўронных сетак (выява апрацоўваецца на смартфоне паводле схемы працы нэўронаў у арганізьме жывой істоты; тэхналёгія саманавучаецца).

Заснавальнік AIMatter Юры Мельнічак і гэндырэктар стартапа Андрэй Кулік — беларускія праграмісты, якія дагэтуль зрабілі пасьпяховыя кар’еры ў Google. За год працы праект прыцягнуў 2,5 мільёна даляраў інвэстыцыяў. Значная іх частка — ад вэнчурнага фонду Haxus, сярод заснавальнікаў якога — ці ня самы пасьпяховы беларускі ІТ-прадпрымальнік Юры Гурскі.

Выява з мабільнай праграмы Fabby Look
Выява з мабільнай праграмы Fabby Look

Стартап сёньня налічвае 25 супрацоўнікаў, большасьць зь якіх працуюць у менскім офісе кампаніі (ёсьць яшчэ цюрыхскі ды каліфарнійскі).

Угода. Упершыню глябальная кампанія ўзроўню Google набывае менавіта беларускую высокатэхналагічную кампанію, а не амерыканскую кампанію з цэнтрам распрацоўкі ў Беларусі, як ужо здаралася раней. Фінансавыя падрабязнасьці ўгоды паміж Google і Fabby не раскрываюцца. Невядома і тое, які лёс чакае каманду стартапа. Нярэдка большая кампанія проста паглынае меншую, спыняе працу ейных прадуктаў ды цалкам падпарадкоўвае "набытых" супрацоўнікаў уласным інтарэсам.

Пасьля продажу. Пакуль прадстаўнікі абодвух бакоў паведамілі толькі, што мабільныя праграмы Fabby і Fabby Look, якія маюць сотні тысячаў карыстальнікаў, працягнуць існаваньне.

2016. Masquerade

Гісторыя. Каманда Masquerade на чале з гарадзенцамі Яўгенам Няўгенем і Сяргеем Ганчаром стварыла мабільную праграму MSQRD, якая накладае мастацкія эфэкты на відэа- і фотавыявы асобаў. У аснове праграмы — тэхналёгія кампутарнага зроку і ўнікальны альгарытм трэкінгу твараў, распрацаваны расейскім чальцом каманды Яўгенам Зацяпякіным.

Знаёмыя яшчэ са школы Няўгень і Ганчар напісалі MSQRD за 48 гадзін на хакатоне (гэткім «конкурсе-маратоне» для праграмістаў) Garage48 Minsk у канцы лістапада 2015 году. Усяго за некалькі месяцаў праграма трапіла ў топы рэйтынгаў у 120 краінах, яе ўсталявалі звыш 50 мільёнаў чалавек.

Адзіным інвэстарам і суаўтарам ідэі праекта стаўся ўжо згаданы вышэй прадпрымальнік Юры Гурскі.

Угода. У сакавіку мінулага году самая папулярная ў сьвеце сацыяльная сетка Facebook абвясьціла, што набывае створаны беларусамі стартап. На момант продажу каманда Masquerade налічвала 11 чалавек, 8 зь іх — у Беларусі. Кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг асабіста павітаў хлопцаў у адной зь іхніх масак.

Бакі не агучылі суму ўгоды, аднак, паводле ацэнак экспэртаў ІТ-парталу dev.by, яна магла скласьці больш за 10 мільёнаў даляраў.

Пасьля продажу. Улетку 2016-га асноўныя ўдзельнікі Masquerade пераехалі ў лёнданскі офіс Facebook, дзе заняліся ўкараненьнем свайго прадукту ў відэатрансьляцыі сацсеткі Facebook Live. У сьнежні распрацаваная беларусамі тэхналёгія стала даступная 1 мільярду карыстальнікаў Facebook, што аўтаматычна зрабіла яе самай масавай беларускай ІТ-распрацоўкай.

2014. Maps.Me

Гісторыя. Сэрвіс Maps.me — гэта мабільная праграма з офлайн-мапамі ўсіх краін сьвету на базе картаграфічных зьвестак адкрытай плятформы OpenStreetMap. Сэрвіс дазваляе без далучэньня да інтэрнэту праглядаць мапы, а таксама шукаць аб’екты і пракладаць маршруты. Каб запусьціць уласны праект, праграміст Юры Мельнічак сышоў у 2011 годзе з Google, у цюрыхскім офісе якога адпрацаваў сем год якраз над картаграфічным сэрвісам. На першым этапе ён уклаў у праект звыш 150 тысяч даляраў са сваёй кішэні. За тры гады існаваньня праграму ўсталявалі звыш 7 мільёнаў карыстальнікаў.

Каманда Maps.me у 2014 годзе
Каманда Maps.me у 2014 годзе

Угода. У лістападзе 2014 году расейская карпарацыя Mail.ru Group набыла распрацаваны беларусамі картаграфічны сэрвіс. Афіцыйныя лічбы продажу не публікаваліся, аднак экспэрты ацанілі яго ў 10–20 мільёнаў даляраў. Падчас перамоваў аб продажы Maps.me дапамагаў мэнтарствам Юры Гурскі.

Пасьля продажу. Уся менская каманда стартапа пераехала ў Маскву, а Гурскі ў 2016 годзе нават заняў пасаду віцэ-прэзыдэнта Mail.ru. Праўда, пратрымаўся на ёй усяго паўгода, сышоўшы праз абвінавачаньні ў канфлікце інтарэсаў. Летась беларускія заснавальнікі Maps.me Юры Мельнічак і Віктар Гавака сышлі з расейскага гіганта і пераключыліся на новыя праекты.

2014. Apalon

Гісторыя. Менчукі Пётар Скаромны і Мацьвей Цімашэнка стварылі Apalon у 2007 годзе, выконваючы замовы замежных кліентаў. Паступова кампанія перайшла да стварэньня ўласных прадуктаў, стаўшы адным з усясьветных лідэраў у распрацоўцы спажывецкіх мабільных праграмаў (Weather Live, Notepad+, Emoji Keypad і інш.). У 2013 годзе праграмы Apalon мелі больш за 100 мільёнаў загрузак.

Лягатып кампаніі Apalon
Лягатып кампаніі Apalon

Угода. У лістападзе 2014-га амэрыканская Mindspark Interactive Network, апэрацыйная кампанія публічнай інтэрнэт-карпарацыі InterActiveCorp (IAC) набыла Apalon за неназваную суму. У тэхналягічных мэдыях фігуравала сума ў 80–100 мільёнаў даляраў. Па словах Скаромнага, перамовы доўжыліся больш за год.

Пасьля продажу. Уся каманда Apalon працягнула працу над уласнымі прадуктамі ў Менску, дзе штат стартапа паступова вырас да 130 чалавек. У ліпені 2016-га IAC апублікавала фінансавую справаздачу па выніках 2 квартала, зь якой вынікала, што праца Аpalon за чатыры месяцы прынесла 10 мільёнаў даляраў даходу.

2011. Viaden

Гісторыя. Беларускі ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня заснаваў Viaden Media на пачатку 2000-х, каб распрацоўваць праграмнае забесьпячэньне на замовы. Паступова кампанія перайшла да выпуску ўласных праграмных прадуктаў у сфэры онлайн-забаваў (у прыватнасьці, онлайн-казіно). Партнэрам Пракапені па бізнэсе стаў ужо шматкроць згаданы Юры Гурскі, які стаў адказваць за мабільны кірунк.

Віктар Пракапеня
Віктар Пракапеня

Угода. У 2011–2012 годзе ізраільскі мільярдэр Тэдзі Сагі, вядомы як заснавальнік найбуйнейшага ў сьвеце вытворцы ПЗ для азартных гульняў Playtech, набыў Viaden Media. Дэталяў што да ўмоваў угоды ў публічнай прасторы было вобмаль, аднак у сеціве фігуравала непацьверджаная лічба 95 млн эўра.

Пасьля продажу. Viaden Media захавала ў Менску цэнтар распрацоўкі, зь якога вылучылася яшчэ адна кампанія — Sport.com (пасьпяховы распрацоўшчык мабільных праграмаў для фітнэсу), на чале якой стаў Гурскі. Сам Віктар Пракапеня, прадаўшы гэты бізнэс, заняўся іншымі праектамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG