Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google купіў беларускі ІТ-стартап AIMatter — аўтараў «фарбавалкі валасоў»


IT-гігант Google купіў беларускую кампанію AIMatter, паведамляе Techcrunch. Сума ўгоды не называецца. Паводле зьвестак выданьня, перамовы вяліся ад траўня, угода была закрытая толькі цяпер.

AIMatter вядомая мабільнымі праграмамі Fabby і Fabby Look (раней звалася FabbyHair). Імі карыстаюцца, паводле Similarweb, ня меней за сотню тысяч чалавек. Першая ўмее накладаць на фота карыстальніка анімаваны фон, другая — у рэальным часе накладаць на яго выяву з камэры розныя колеры валасоў.

Як казаў Свабодзе адзін з заснавальнікаў кампаніі Юры Мельнічак, менавіта набор інструмэнтаў для гэтых праграмаў Fabby SDK — асноўны прадукт кампаніі, які дазваляе хутка запускаць на тэлефоне нэўронныя сеткі для апрацоўкі інфармацыі (гэта значыць, выява апрацоўваецца паводле такой схемы, паводле якой працуюць нэўроны ў арганізьме жывой істоты, а праграма можа вучыцца на прыкладах). Паводле яго, на стварэньне набору інструмэнтаў пайшло «шмат чалавека-гадоў», але з такім наборам зрабіць праграму кшталту Fabby Look — «пытаньне некалькіх тыдняў».

Заснавальнікі кампаніі кажуць Tut.by, што Google купіў менавіта кампанію з тэхналёгіяй, а не наняў распрацоўшчыкаў, каб закінуць іхныя напрацоўкі і пераключыць на свае, як гэта часам робіцца ў індустрыі.

Гэта ня першая купля беларускай кампаніі замежным IT-гігантам. Так, у сакавіку 2016-га Facebook набыў Masquerade — беларускую кампанію, чыя мабільная праграма MSQRD у рэальным часе накладае на выяву чалавека віртуальную маску. У пачатку 2014 году японская тэлекам-кампанія Rakuten набыла беларуска-ізраільскі мэсэнджэр Viber за 900 млн даляраў, пад канец таго ж году расейская Mail.ru купіла стваральнікаў мабільных мапаў Maps.me.

Мельнічак раней зрабіў кар‘еру ў Google, пасьля заснаваў Maps.me. Бізнэсовец Юры Гурскі быў мэнтарам і інвэстарам Maps.me, MSQRD і AIMatter (для яго гэта ўжо пяты продаж ІТ-стартапу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG