Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праграму беларусаў, якая «фарбуе» валасы, інвэставалі да мільёна даляраў


Каманда распрацоўшчыкаў AiMatter выдала для смартфонаў на Android і iOS праграму Fabby Hair — дадатак да ранейшай праграмы Fabby.

Fabby Hair умее ўсяго толькі «фарбаваць валасы» на экране смартфона, але робіць гэта ў рэальным часе: чалавек глядзіць на сябе праз франтальную камэру смартфона, а ягоныя валасы становяцца рудымі, сівымі ці кіслотна-салатавымі.

Асноўная праграма Fabby жа ўмее накладаць на зробленае фота (не ў рэальным часе) анімаваны фон: чалавек фатаграфуецца на фоне сьцяны, а праграма замест сьцяны «малюе» пальмы або коцікаў.

У такую, здавалася б, забаўку, на стадыі запуску інвэставалі, як сьцьвярджае vc.ru, ад 500 тысяч да 1 млн даляраў. Афіцыйна сума інвэстыцыяў не называецца.

Свабода спытала сузаснавальніка AiMatter, а таксама сузаснавальніка і былога кіраўніка кампаніі Maps.me, беларускага распрацоўніка Юрыя Мельнічка, ці доўга стваралася «фарбавалка валасоў» і чаму ёй зацікавіліся інвэстары.

«Асноўны прадукт AiMatter — Fabby SDK, — тлумачыць Мельнічак. — Гэта бібліятэка для распрацоўнікаў, якая дазваляе вельмі хутка запускаць нэўронныя сеткі на тэлефоне. На яе стварэньне пайшло шмат чалавека-гадоў. А вось ужо карыстаючыся такой бібліятэкай зрабіць Fabby Hair — пытаньне некалькіх тыдняў для каманды».

Выкарыстаньне нэўронных сетак значыць, што карцінка ня проста апрацоўваецца на тэлефоне. Яна апрацоўваецца паводле такой схемы, паводле якой працуюць нэўроны ў арганізьме жывой істоты. Гэта значыць, апрацоўка карцінкі нелінейна аптымізаваная, а праграма ўмее вучыцца на прыкладах.

Нэўронную сетку можна навучыць і маляваць карціны ў стылі Манэ ці Малевіча, паказаўшы ім арыгіналы, і кіраваць прадпрыемствам на падставе матэматычнай мадэлі ўзаемадзеяньняў прадпрыемстваў, і гуляць у кітайскую гульню го, паказаўшы партыі іншых гульцоў. Праз нэўронныя сеткі працуе і створаная беларусамі «накладалка масак» MSQRD, якую год таму набыў Facebook.

«Fabby Hair мы рабілі не дзеля інвэстараў, — дадае Мельнічак. — З аднаго боку, гэта просты кейс дэманстрацыі тэхналёгіі Fabby SDK, з другога — праграма можа быць цікавай людзям, якія хочуць паэкспэрымэнтаваць са сваёй зьнешнасьцю».

XS
SM
MD
LG