Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма, зоркі, прызавыя і агульны бюджэт. Самае важнае пра Эўрапейскія гульні ў Менску


21 чэрвеня а 20-й гадзіне на менскім стадыёне «Дынама» пачнецца цырымонія адкрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў. У іх возьмуць удзел больш за 4000 атлетаў з 50 краін, якія пазмагаюцца за 200 камплектаў узнагарод. Цырымонія закрыцьця пройдзе 30 чэрвеня.

Каротка

  • Якія віды спорту ў праграме
  • Дзе абдудуцца спаборніцтвы
  • Ці прыедуць у Менск зоркі спорту
  • Які бюджэт Гульняў
  • Колькі прыедзе замежных аматараў
  • Параўноўваем Эўрагульні ў Баку і ў Менску
  • Якія прызавыя атрымаюць беларускія мэдалісты
  • Якія VIP-госьці наведаюць цырымонію адкрыцьця.
Талісманам спаборніцтваў стала лісяня Лесік.
Талісманам спаборніцтваў стала лісяня Лесік.

Віды спорту

Агулам прадстаўлены два дзясяткі дысцыплінаў у 15 відах спорту. Восем зь іх будуць лічыцца кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў у Токіё 2020 году, яшчэ тры — бадмінтон, бокс і дзюдо — пройдуць у рангу чэмпіянату Эўропы.

  • Пляжны футбол;
  • Баскетбол 3×3;
  • Настольны тэніс;
  • Бадмінтон;
  • Акрабатыка;
  • Аэробіка;
  • Спартовая і мастацкая гімнастыка;
  • Трэкавыя і шашэйныя роварныя гонкі;
  • Скачкі на батуце;
  • Веславаньне на байдарках і каноэ;
  • Лёгкая атлетыка;
  • Бокс;
  • Каратэ, дзюдо, самба, вольная і грэка-рымская барацьба;
  • Кулявая стральба, стэндавая стральба;
  • Стральба з лука.

Арэны і пляцоўкі

«Менск-Арэна»
«Менск-Арэна»

​Усе спаборніцтвы пройдуць на 12 менскіх арэнах, за выключэньнем вясьлярных дысцыплінаў: байдарачнікі і канаісты будуць змагацца за мэдалі на канале ў Заслаўі. У пералік аб’ектаў, акрэдытаваных Эўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, увайшлі:

  • «Менск-Арэна»;
  • Алімпійскі стадыён «Дынама»;
  • Палац спорту «Ўручча»;
  • Falcon Club;
  • СК «Алімпійскі»;
  • «Чыжоўка-Арэна»;
  • Sporting Club;
  • Palova Arena;
  • Цэнтральны Палац спорту;
  • Стралковы цір імя Цімашэнкі;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі па вясьлярных відах спорту.

Генэральная рэпэтыцыя запальваньня агню ІІ Эўрапейскіх гульняў
Генэральная рэпэтыцыя запальваньня агню ІІ Эўрапейскіх гульняў

Ці прыедуць у Менск спартовыя зоркі?

Многія экспэрты лічаць, што з Эўрагульнямі арганізатары спазьніліся гадоў на 70 — аналягічныя па сваёй сутнасьці Азіяцкія і Панамэрыканскія гульні ладзяцца ад пачатку 1950-х. За гэты час у Эўропе зьявілася мноства топ-турніраў, годнай альтэрнатывай якім такі «унівэрсыядны» фармат дакладна ня стане.

Міжнародныя фэдэрацыі па відах спорту не разглядаюць Эўрагульні як падзею, вартую высілкаў на падрыхтоўку — за выключэньнем тых дысцыплін, дзе можна здабыць алімпійскія ліцэнзіі, або калі паралельна адбываецца першынство Эўропы. Таму найперш гэта магчымасьць «абкатаць» маладых атлетаў. Зорных спартоўцаў з замежжа ў Менску пакуль не відаць.

​За дзень да стартаў няма буклетаў з канчатковым складам камандаў, а на афіцыйным сайце інфармацыя абмяжоўваецца тым, што сетка спаборніцтваў «у стадыі плянаваньня».

Выключэньнем хіба зборная Расеі, за шматлікія допінгавыя скандалы дыскваліфікаваная з топ-спаборніцітваў — у яе складзе зь дзясятак чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў, сьвету і Эўропы, асабліва што тычыцца барцоўскіх відаў. Цяпер расейцы хапаюцца за любую магчымасьць, каб папрактыкавацца на міжнародным узроўні.

Ёсьць уганараваныя спартоўцы і ў камандзе Беларусі. Сярод іх майстар настольнага тэнісу 43-гадовы (!) Ўладзімер Самсонаў. У лёгкаатлетычнай заяўцы адсутнічае бар’ерыстка Аліна Талай, але значацца чэмпіёнка сьвету Марына Арзамасава (бег на 800 м), чэмпіёнкі Эўропы Эльвіра Герман (бег з бар’ерамі) і Тацяна Халадовіч (кіданьне дзіды), віцэ-чэмпіён Эўропы Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню).

Беларускія спартоўцы Дар'я Домрачава, Аляксандар Багдановіч і Марына Арзамасава на генэральнай рэпэтыцыі запальваньня агню ІІ Эўрапейскіх гульняў. Менск, 16 чэрвеня 2019
Беларускія спартоўцы Дар'я Домрачава, Аляксандар Багдановіч і Марына Арзамасава на генэральнай рэпэтыцыі запальваньня агню ІІ Эўрапейскіх гульняў. Менск, 16 чэрвеня 2019

«Дынамічная новая лёгкая атлетыка»

Да апошняга не было пэўнасьці адносна лёгкаатлетычнай праграмы. Толькі ў канцы красавіка Эўрапейскія алімпійскія камітэты ўхвалілі новы фармат — «Дынамічная новая лёгкая атлетыка» (Dynamic New Athletics — DNA). Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў 24 краін.

​Спаборніцтвы пройдуць 23–28 чэрвеня на стадыёне «Дынама». Рэглямэнтам прадугледжваецца правядзеньне двухгадзінных матчаў паміж зьмяшанымі камандамі-ўдзельніцамі, якія будуць разьмеркаваныя па групах і пачнуць барацьбу з кваліфікацыйнага раўнду. Вызначана дзевяць відаў:

  • Бег на 100 м (жанчыны);
  • Бег на 100 м (мужчыны);
  • Бег з барʼерамі на 100 м (жанчыны);
  • Бег з барʼерамі на 110 м (мужчыны);
  • Кіданьне дзіды (жанчыны);
  • Скачкі ў даўжыню (жанчыны);
  • Скачкі ў вышыню (мужчыны);
  • Зьмяшаная эстафэта 4×400 м;
  • Камбінаваная эстафэта перасьледу (800 м — 600 м — 400 м — 200 м).
Стадыён «Дынама» стане галоўнай арэнай лёгкаатлетычных спаборніцтваў
Стадыён «Дынама» стане галоўнай арэнай лёгкаатлетычных спаборніцтваў

Бюджэт гульняў

Афіцыйны бюджэт І Эўрапейскіх гульняў у Баку перавысіў 1 мільярд даляраў, хоць, паводле падлікаў некаторых экспэртаў, папраўдзе было выдаткавана звыш 5 мільярдаў.

Аляксандар Лукашэнка першапачаткова заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 мільёнаў даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. Аднак у бюджэце на 2019 год на правядзеньне гульняў ужо закладалася больш за 70 мільёнаў даляраў. А ўжо ў базе дзяржаўных закупак для патрэб імпрэзы фігуравалі тэндэры на суму ня меней за 100 мільёнаў даляраў.

Асобным радком значыліся чатыры перасоўныя станцыі для Белтэлерадыёкампаніі — на 34 мільёны даляраў. Мільёнамі вымяраюцца затраты на абсталяваньне для заляў, адзеньне для спартоўцаў, дырэкцыі і валянтэраў (плюс навучаньне апошніх). Тут жа выдаткі білетнага апэратара і кансультацыі замежных экспэртаў. Агульная сума не агучваецца, але зразумела, што ў заяўлены Лукашэнкам парамэтар Беларусь не ўкладзецца.

Заўзятары і цэны

Дырэкцыя гульняў 20 чэрвеня паведаміла, што прададзена прыкладна 160 тысяч квіткоў пры пляне 250 тысяч. Такім чынам, пакуль што рэалізавана 64%. За межы Беларусі пайшло ўсяго 20 тысяч квіткоў, або 12% ад агульнай колькасьці.

За некалькі дзён да старту спаборніцтваў «бязьвізам» скарысталіся 870 заўзятараў і 1500 акрэдытаваных удзельнікаў. Гэта пры тым, што, адрозна ад гульняў у Баку, іншаземцам беларускія візы непатрэбныя, а на памежных пераходах для іх арганізаваныя адмысловыя калідоры.

Квіткі на спаборніцтвы стартуюць ад 5 да 50 рублёў. Самыя дарагія — на ўрачыстыя цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця: 300 рублёў у VIP-ложу стадыёну «Дынама». 21 чэрвеня вольных месцаў на арэне яшчэ было дастаткова.

Менск і Баку

Адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў у Баку, 12 чэрвеня 2015 году
Адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў у Баку, 12 чэрвеня 2015 году

​Чатыры гады таму ў азэрбайджанскую сталіцу Баку на першыя Эўрапейскія гульні зьехаліся амаль 6000 спартоўцаў — у паўтара раза больш, чым сёлета. Было прадстаўлена 30 відаў спорту, што ўдвая перавышае менскую праграму. У Баку разыгрывалася 250 камплектаў узнагарод, у Менску — 200. Гульні ў Баку цягнуліся 16 дзён, у Менску — 9.

Прызавыя чэмпіёнам

У Баку беларусы фінішавалі сёмымі ў агульнакамандным мэдальным заліку і ў хатніх сьценах спадзяюцца палепшыць пазыцыі. Прынамсі стымул ёсьць: пераможцу Эўрапейскіх гульняў Мінспорту Беларусі абяцала 5 000 даляраў прызавых, уладальніку срэбранай узнагароды — 3 000, бронзы — 2 000.

Сусьветны рэкорд прынясе яго ўладальніку яшчэ 3 000 даляраў, эўрапейскі — 2000, нацыянальны — блізу 400. Прапанова Міністэрства спорту і турызму плаціць прызэрам як за Алімпіяду — 150 000 даляраў, 75 000 і 50 000 за першае, другое і трэцяе месца адпаведна — падтрымкі не знайшла.

У Вёсцы спартоўцаў напярэдадні гульняў
У Вёсцы спартоўцаў напярэдадні гульняў

VIP-госьці

Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, хто з вышэйшых кіраўнікоў будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця II Эўрапейскіх гульняў.

Чакаўся прыезд прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева — ягоная краіна была гаспадыняй першых у гісторыі Эўрагульняў. Аднак 21 чэрвеня стала вядома, што замест яго будзе сьпікер парлямэнту Агтай Асадаў. Прычына адсутнасьці Аліева не ўдакладняецца.

Прыляцела ў Менск, але вымушаная была тэрмінова вярнуцца ў Тбілісі прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Прычынай сталі антырасейскія забурэньні, у выніку якіх дзясяткі чалавек пацярпелі. Яна пасьпела сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля чаго накіравалася ў аэрапорт.

Такім чынам, у сьпісе вышэйшых асобаў засталіся толькі прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін таксама не прыедзе, чакаецца кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў. Босьнія і Герцагавіна прадстаўлена на ўзроўні старшыні Прэзыдыюму Міларада Додзіка. Стаў госьцем Эўрагульняў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў (Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў).

​Пацьверджаны ўдзел кіраўнікоў міжнародных арганізацый: генэральнага сакратара Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы Рабэрта Антаніёні, намесьніка генэральнага дырэктара UNESCO Нады Аль-Нашыфа, старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Тыграна Саркісьяна, дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Грыгорыя Рапоты, гендырэктара сакратарыяту Рады дзяржаў Балтыйскага мора Майры Моры.

Чакаецца прысутнасьць былога кіраўніка Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрыка Хікі (ён прыдумаў гэтыя спаборніцтвы). Хікі некалькі разоў судзілі за махлярства, таму спартовае ведамства Ірляндыі напісала МЗС Беларусі, што Хікі рэпрэзэнтуе не сваю краіну, а толькі сябе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG