Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджанская журналістка: акрамя дзіркі ў бюджэце мы нічога не атрымалі ад Эўрапейскіх гульняў


Фаервэрк на цырымоніі адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў, Баку, 12 чэрвеня 2015
Фаервэрк на цырымоніі адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў, Баку, 12 чэрвеня 2015

Заўтра ў Менску адкрываюцца другія Эўрапейскія гульні. 4 гады таму першыя прайшлі ў Азэрбайджане.

Што яны азначалі для краіны, колькі каштавалі, як паўплывалі на сытуацыю з правамі чалавека — пра гэта мы папрасілі расказаць азэрбайджанскую журналістку Арзу Гейбула

Арзу Гейбула
Арзу Гейбула

— Колькі каштавалі Эўрапейскія гульні ў Азербайджане, што да іх пабудавалі?

— Называліся розныя сумы. Некаторыя казалі, што 1.5 мільярда даляраў. Адзін новы стадыён, які збудавалі ў Баку, каштаваў паўмільярда. Незалежныя аналітыкі называлі лічбу 10 мільярдаў даляраў.

Алімпійскі стадыён у Баку
Алімпійскі стадыён у Баку

Была адмысловая заява Freedom House, у якой таксама фігуравала гэтая лічба.

Ня ўсе выдаткі на гульні былі аплачаныя зь дзяржаўнага бюджэту. Паводле ацэнак незалежных эканамістаў, 3.5 мільярды пайшлі зь бюджэту, астатняе зьбіралі зь дзяржаўных структураў. Некаторыя міністэрствы скарацілі заробкі і выплаты сваім супрацоўнікам, і гэтыя грошы пайшлі на Эўрапейскія гульні. Квіткоў было прададзена на 600 тысячаў даляраў. Самы дарагі квіток каштаваў 190 даляраў.

— Ці ёсьць зьвесткі пра тое, колькі грошай, вылучаных на гульні, сышло не паводле прызначэньня, груба кажучы, колькі скралі? Ці былі пра гэта афіцыйныя паведамленьні, крымінальныя справы, ці былі незалежныя ацэнкі?

— Наўпрост пра гэта паведамленьняў не было. Але само гэтае мерапрыемства — выдатны інструмэнт для адмываньня грошай. Міністэрства спорту, якое было галоўным арганізатарам гульняў, не давала дакладнай справаздачы пра тое, колькі і на што пайшло грошай.

Крымінальных справаў наконт раскраданьня грошай не было. Гэта ж
Азэрбайджан. У нас крымінальных справаў з такіх нагодаў не бывае.
Крымінальныя справы бываюць супраць журналістаў, грамадзкіх актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

— Колькі каштаваў афіцыйнаму Баку піяр гульняў, прыцягненьне да іх вядомых імёнаў? Я чуў, што Лэдзі Гага, якая выступіла на цырымоніі адкрыцьця з адной песьняй, атрымала 2 млн даляраў. Ці так гэта, хто яшчэ зь вядомых прадстаўнікоў сусьветнага шоў-бізнэсу і спорту вітаў гульні?

— Так, Лэдзі Гага выступала на адкрыцьці, і ёй далі 2 мільёны даляраў. Пра гэта паведамлялі недзяржаўныя СМІ. Хоць Міністэрства спорту памер яе ганарару так і не агучыла.

Акрамя яе тады нікога з зорак не было. Колькі ў цэлым пайшло на піяр, сказаць цяжка. Былі зьвесткі, што на цырымонію адкрыцьця гульняў пайшло 100 мільёнаў даляраў.

— Я чытаў, што напярэдадні гульняў азэрбайджанскія ўлады рэзка ўзмацнілі рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Наколькі ўзмацніліся гэтыя рэпрэсіі тады?

— Гэта быў 2015 год. Маштабныя рэпрэсіі пачаліся за год да таго і скіраваныя былі ня толькі і нават ня столькі супраць грамадзянскай супольнасьці. На працягу году тады адбыліся дзьве дэвальвацыі. Было вельмі шмат незадавальненьня ў грамадзтве, ня столькі з боку грамадзянскай супольнасьці, колькі з боку народу. Было шмат пратэстаў. Улады іх падаўлялі. Незадоўга да гульняў адбыўся пажар у адным доме, загінула 15 чалавек. Ніхто з начальства не падаў у адстаўку. Гэта стала вельмі нэгатыўным піярам і гульняў, і краіны.

— Навошта гэта было трэба азэрбайджанскім уладам? Паводле ідэі яны павінны былі імкнуцца стварыць спрыяльны вобраз і краіны і рэжыму напярэдадні гульняў. Рэпрэсіі гэтаму наўрад ці спрыялі.

— Азэрбайджанскім уладам не здаецца, што рэпрэсіямі яны могуць істотна пагоршыць свой імідж. Міжнародны імідж Азэрбайджану, зьвязаны са станам правоў чалавека, вельмі кепскі. На Захадзе ўсе выдатна разумелі і разумеюць, што адбываецца ў краіне. На той момант усе самыя знакамітыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці былі арыштаваныя, супраць іх пачыналі крымінальныя справы.

Улады разьлічвалі, што гульні палепшаць іх імідж. Але грамадзянская супольнасьць у Азэрбайджане і за яго межамі скарысталіся гульнямі як піярам супраць уладаў, глядзіце, у краіне 30 лідэраў грамадзянскай супольнасьці ў турме, агулам 150 палітзьняволеных, у краіне эканамічны крызіс, дзьве дэвальвацыі, а грошы трацяцца на гульні.

Улады кепска разьлічылі. Рашэньне аб правядзеньні гульняў у Азэрбайджане прымалася за некалькі гадоў да 2015 году. Тады сытуацыя, у тым ліку і эканамічная, была іншай.

— Наколькі гучнымі былі заклікі да байкоту Эўрапейскіх гульняў? Хто да гэтага заклікаў — у Азэрбайджане і за мяжой? У якой ступені гэтыя заклікі былі пачутыя, мелі посьпех?

— Былі заклікі. Але ўсе такія заклікі да азэрбайджанскіх уладаў ні да чога не прывялі. Яны правялі гульні так, як яны плянавалі. Для замежжа гэта было яшчэ адной ілюстрацый таго, што адбываецца ў краіне. Акрамя гэтага я не памятаю нейкіх выразных вынікаў кампаніі байкоту гульняў.

— Лідэры якіх краін прысутнічалі на гульнях? Ці былі задаволеныя азэрбайджанскія ўлады такім прадстаўніцтвам?

— Прысутнічалі лідэры Расеі, Сэрбіі, Беларусі, Таджыкістану, Туркмэністану. Я мяркую, што азэрбайджанскія ўлады былі задаволеныя. Хоць, зразумела, яны хацелі, каб прыехалі лідэры, скажам, Францыі і Нямеччыны. З заходніх краінаў быў кіраўнік Швэйцарыі. У той год, калі праходзілі Эўрапейскія гульні, праваабаронца Эмін Гусэйнаў хаваўся ад палітычнага перасьледу ў амбасадзе Швэйцарыі ў Баку. Ён там знаходзіўся 10 месяцаў. Менавіта падчас гульняў яму далі магчымасьць выехаць з краіны. Магчыма, прысутнасьць на цырымоніі адкрыцьця гульняў кіраўніка Швэйцарыі была часткай зьдзелкі па вызваленьні Гусэйнава.

Прэзыдэнты Азэрбайджану Ільхам Аліеў (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін (зправа) на цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў, Баку, 12 чэрвеня 2015
Прэзыдэнты Азэрбайджану Ільхам Аліеў (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін (зправа) на цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў, Баку, 12 чэрвеня 2015

— Якія спартовыя вынікі гульняў? Фармальныя вынікі — удзельнічала больш за 5 тысяч спартоўцаў з 50 краін, спаборніцтвы праводзіліся па 30 відах спорту, разыгрывалася 253 камплекты мэдалёў. Ну а зьмястоўна — як ацанілі гульні спартовыя экспэрты, спартовая грамадзкасьць? Які іх узровень, калі параўноўваць з Алімпійскімі гульнямі?

— Усе выдаткі спартоўцаў, які ўдзельнічалі ў гульнях, аплачваліся азэрбайджанскім урадам, нават іх паездкі на таксі на працягу двух тыдняў, пакуль ішлі гульні.

Гэта былі першыя эўрапейскія гульні, да іх у спартовым сьвеце ніхто сур’ёзна не паставіўся. Гэтыя гульні разглядаліся як трэніроўка перад Алімпійскімі гульнямі. Параўноўваць іх проста недарэчна. Я ня думаю, што Эўрапейскія гульні нават некалі ў будучыні можна будзе параўноўваць з Алімпійскімі.

— Ці зьмянілася сытуацыя з правамі чалавека ў Азэрбайджане пасьля завяршэньня гульняў?

— Яна пагоршылася. Яна была кепскай да 2016 году. У 2016 годзе вызвалілі большасьць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Гэта было зроблена невыпадкова. У 2016 годзе Ільхам Аліеў зьбіраўся з візытам у Вашынгтон на ядзерны саміт. Менавіта напярэдадні саміту вызвалілі большасьць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, нават Хадзіджу Ісмаілаву.

Хадзіджа Ісмаілава пасьля вызваленьня з турмы
Хадзіджа Ісмаілава пасьля вызваленьня з турмы

Але многім з вызваленых быў забаронены выезд з краіны. Пры гэтым вызвалілі ў 2016 годзе ня ўсіх, засталося за кратамі некалькі журналістаў і праваабаронцаў.

На цяперашні момант сытуацыя ня надта зьмянілася. Некаторыя палітвязьні былі вызваленыя, але адбываюцца новыя арышты паводле палітычных матываў, ціск на актывістаў.

— Ці атрымаў Ільхам Аліеў ад гульняў тое, чаго ён хацеў? Мелі яны якія-небудзь прамыя або ўскосныя палітычныя наступствы?

— Я мяркую, што акрамя дзіркі ў бюджэце мы нічога не атрымалі ад гэтых гульняў.

— Цяпер, калі прайшло 4 гады, хто-небудзь у Азэрбайджане ўспамінае тыя гульні?

— У нас часта адбываюцца міжнародныя спартовыя мерапрыемствы — штогод праводзіцца «Формула-1», у 2017 годзе прайшлі Ісламскія гульні. Калі гэтыя спаборніцтвы адбываліся, журналісты пыталіся ў людзей, ці патрэбныя краіне такія спаборніцтвы, людзі адказвалі па-рознаму. Не сказаць, каб усе былі супраць. Многія азэрбайджанцы лічаць, што гэта ўплывае на імідж краіны. Але штодзень яны не прыгадваюць пра гульні 2015 году, толькі калі адбываюцца нейкія чарговыя гульні.

У параўнаньні з 2015-2016 гадамі цяпер стала больш незадаволенасьці ў грамадзтве, у народзе. І людзі гэтую незадаволенасьць выказваюць адкрыта. Яны за гэта атрымліваюць па галаве — некаторых арыштоўваюць, некаторых зьбіваюць. Але гэта не спыняе.

Я б адзначыла пэўнае наватарства ўладаў у рэпрэсіях за апошнія гады. У 2017 годзе адбылася сэрыі арыштаў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. Паводле афіцыйных зьвестак, іх было арыштавана 60 чалавек, паводле неафіцыйных — да 200.

Нядаўна мы даведаліся, што для сачэньня за імі была адмыслова купленая за мяжой праграма, якая дазваляе вызначаць сэксуальную арыентацыю карыстальнікаў сацыяльных сетак. Многія прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці, якія былі арыштаваныя ў 2017 годзе, казалі, што іх вылічылі менавіта пры дапамозе гэтай праграмы.

Факты пра Эўрапейскія гульні ў Азэрбайджане

  • У Азэрбайджане да Эўрапейскіх гульняў пабудавалі алімпійскі стадыён на 70 тысячаў гледачоў, палац водных відаў спорту, нацыянальную гімнастычную арэну, стралковы цэнтар, вёску атлетаў, рэканструявалі стадыён імя Тофіка Бахрамава на 31 тысячу месцаў
  • Да правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у Азэрбайджане была арыштаваная рэпартэрка Хадзіджа Ісмаілава, рэдакцыя Радыё Свабода перажыла ператрус і была зачыненая. Праваабаронцы Лэйла і Арыф Юнус былі арыштаваныя пасьля таго, як заклікалі да байкоту гульняў. Адвакат па правах чалавека Інтыгам Аліеў, які вядзе больш за 300 справаў па правах чалавека ў Эўрапейскім судзе, быў асуджаны да 7.5 гадоў пазбаўленьня волі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG