Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму менскія гатэлі не паднялі цэны да Эўрагульняў і адкуль прыедуць турысты


На ўваходзе ў гатэль «Менск»
На ўваходзе ў гатэль «Менск»

21 чэрвеня ў Менску стартуюць Эўрапейскія гульні, яны пройдуць ужо другім разам, першыя адбыліся 4 гады таму ў Баку. Свабода паглядзела, як зьменяцца цэны на гатэлі і ці варта чакаць шмат турыстаў.

Што за Эўрагульні

II Эўрапейскія гульні, якія пройдуць сёлета ў Менску з 21 па 30 чэрвеня, абыдуцца бюджэту Беларусі больш як у 70 мільёнаў даляраў. Толькі цырымонія адкрыцьця і закрыцьця будзе каштаваць 12 мільёнаў даляраў. Пад гэтае спартовае спаборніцтва са студэнцкай вёскі адсялілі ўсіх студэнтаў. Там будуць жыць удзельнікі Эўрагульняў. Глядзім, колькі прыедзе турыстаў і ці ўзьляцелі кошты на гасьцініцы.

Квіткі набылі 20 тысяч замежнікаў

На Эўрагульні чакаюць 4 тысячы спартоўцаў і каля 2 тысяч трэнэраў і абслуговага пэрсаналу. Кошт квіткоў — ад 2 да 20 эўра. Цырымонія адкрыцьця будзе каштаваць наведнікам ад 75 да 150 даляраў, закрыцьця — ад 35 да 70 даляраў.

Як паведамілі Свабодзе ў прэс-цэнтры Эўрагульняў, цяпер прададзена 140 тысяч квіткоў. Зь іх 14% — 20 тысяч — замежнікам. Пераважна гэта грамадзяне Расеі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Нямеччыны і Ірляндыі. Колькі квіткоў цэнтралізавана набылі беларускія прадпрыемствы, не паведамляецца. Агулам месцаў на трыбунах гульняў 375 тысяч, але арганізатары паведамляюць, што іх колькасьць могуць павялічыць да 535 тысяч.

Цэны на гатэлі ня вырасьлі, бо «турыстаў няшмат»

Цэны на гатэлі, гасьцініцы і гостэлы да Эўрагульняў ня вырасьлі. Гэта бачна, калі параўнаць іх зь леташнімі. Але некаторыя гатэлі на даты гульняў запоўненыя амаль на 100%. Напрыклад, у гатэлі «Менск» на час Эўрагульняў забраніраваныя ўсе месцы, паведамілі на рэцэпцыі карэспандэнту Свабоды. 95% месцаў забраніравалі менавіта турысты на Эўрагульні.

У гасьцініцы «40 год Перамогі» на час Эўрагульняў забраніравана толькі палова месцаў. У гостэлах, у якія зьвярталася Свабода, турыстаў таксама будзе няшмат.

У сярэднім адны суткі ў менскім гатэлі на час спаборніцтваў каштуюць ад 30 да 120 даляраў, на кватэры ці ў гостэле можна пераначаваць за 15–20 даляраў.

Сябра саюзу турыстычных арганізацый, экс-рэдактарка газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік лічыць, што на Эўрагульні не прыедзе шмат турыстаў. Таму гатэлям няма сэнсу падымаць кошты.

«Мы росту цэнаў не заўважалі. Забаронаў падымаць іх таксама не было. Проста адсутнічаў моцны попыт. Гэтыя гульні толькі раскручваюцца, няма фанацкага руху, як у футболе ці хакеі. Некалькі тысяч турыстаў прыедуць, але для 2-мільённага гораду гэта няшмат. Адных жа спартоўцаў будзе пару тысяч, а яшчэ афіцыйныя дэлегацыі і журналісты», — кажа Лілія Кобзік.

Як было на I Эўрагульнях

I Эўрагульні прайшлі ў сталіцы Азэрбайджану ў 2015 годзе і каштавалі бюджэту гэтай краіны 1,1 мільярда даляраў. У Баку на Эўрагульні прыехалі 28 тысяч замежных турыстаў. Прыкладна столькі ж афіцыйны Менск чакае на гэтыя спаборніцтвы ў сябе. Але пакуль агульная колькасьць замежнікаў меншая ўдвая.

Да прыкладу, падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе Беларусь наведалі больш за 80 тысяч замежных турыстаў з 46 краін сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG