Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрагульні абыдуцца беларускаму бюджэту ўдвая даражэй, чым плянаваў Лукашэнка


Менскі стадыён "Дынама"

У праекце бюджэту на 2019 год, папярэдні варыянт якога абмяркоўваюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, закладзена больш за 150 мільёнаў рублёў на правядзеньне ў Менску ІІ Эўрапейскіх гульняў.

Сёлета на гэтыя мэты з рэзэрвовага фонду прэзыдэнта ўжо выдаткавана звыш 75 мільёнаў рублёў. Агулам — прыкладна 225 мільёнаў рублёў, у эквіваленце больш за 100 мільёнаў даляраў. Гэта ўдвая больш, чым меркаваў патраціцца прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Як толькі стала вядома, што ў наступны чатырохгадовы цыкль сьледам за Азэрбайджанам Эўрагульні прыме Беларусь, тагачасны міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко спрагназаваў, што дзяржаўныя выдаткі на падрыхтоўку і арганізацыю не перавысяць 30-40 мільёнаў даляраў.

Пазьней Аляксандар Лукашэнка падкарэктаваў чыноўніка, заявіўшы, што верхняя «столь» для такога спартовага форуму — 40-50 мільёнаў даляраў.

«Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 мільёнаў даляраў за гэтыя гады, — цытавала Лукашэнку БелТА ў лістападзе 2016-га. — Гэта сьлёзы для краіны... На пастаноўку цырымоніі адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў Баку выдаткаваў 100 мільёнаў даляраў. У нас гэтага ня будзе. Мы зробім душэўнае адкрыцьцё, каб паказаць душу нашага народу. Прыгожа зробім. Гэта будзе нават менш за 1 мільён».

Трыбуны менскага стадыёну
Трыбуны менскага стадыёну

Выдаткі на Эўрагульні ня ўлічаюць рэканструкцыю стадыёну «Дынама», дзе будуць адбывацца асноўныя спаборніцтвы. Як вядома, на рамонт менскай арэны было патрачана 150 мільёнаў даляраў — адно табло абышлося ў 1,5 мільёна, яшчэ паўмільёна патрацілі на флягштокі.

Выглядае, што канчатковыя інвэстыцыі ў гульні, якія не карыстаюцца вялікім глядацкім попытам, шматкроць перавысяць суму, якую агучваюць дзяржаўныя чыноўнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG