Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён «Дынама» і ложкі для студэнцкай вёскі: што застанецца ў Менску пасьля Эўрагульняў


Стадыён «Дынама»
Стадыён «Дынама»

З 21 чэрвеня ў Менску пачнуцца II Эўрапейскія гульні, якія будуць каштаваць мінімум 72 мільёны даляраў. Глядзім, што пабудавалі да гэтых спаборніцтваў.

Стадыён «Дынама»

Рэканструкцыя стадыёну «Дынама» пачалася ў 2012 годзе, калі пра Эўрагульні ў Менску яшчэ вядома не было. Але першапачаткова заплянаваную для футбольных спаборніцтваў арэну да 2018 году рэканструявалі як лёгкаатлетычную.

Кошт рэканструкцыі стадыёну, які адкрылі за год да Эўрагульняў, звыш 200 мільёнаў даляраў. Перарабіць футбольны стадыён у лёгкаатлетычную арэну вырашылі ў 2013 годзе, а тое, што Беларусь прыме Эўрагульні, стала вядома ў 2016-м. На «Дынама» пройдзе адкрыцьцё Эўрагульняў, закрыцьцё і лёгкаатлетычныя спаборніцтвы.

Стадыён для пляжнага футболу

Пляжны футбол — адзін зь відаў спорту, уключаных у праграму Эўрагульняў. Спаборніцтвы ў ім будуць праходзіць на новым стадыёне для пляжнага футболу каля САЦ «Алімпійскі». Стадыён адкрылі ўлетку мінулага году, прыблізны кошт — каля 400 тысяч эўра.

Дарогі і асобныя пераходы на мяжы

Да Эўрагульняў у Менску аднавілі асфальт на цэнтральных вуліцах. Рамонт зрабілі на вуліцы Багдановіча, на некаторых кавалках праспэкту Незалежнасьці, на вуліцы Янкі Купалы.

Таксама для турыстаў, якія на час Эўрагульняў змогуць праяжджаць бязь візы, адвялі асобны калідор пропуску на мяжы. Прынамсі, такі калідор ужо ёсьць на пункце пропуску Катлоўка на мяжы зь Літвой.

Студэнтам — мэблю, спартоўцам — інвэнтар

Паколькі ўдзельнікі Эўрагульняў будуць жыць у студэнцкай вёсцы на праспэкце Дзяржынскага, туды закупілі мэблю, жалюзі ды іншую фурнітуру. Агулам набылі:

  • 397 камплектаў жалюзі на вокны;
  • 5877 ложкаў і матрацаў;
  • 161 насьценную вешалку ў вітальню;
  • 322 паліцы пад люстэрка ў прыбіральню;

Для спартовых заляў таксама купілі інвэнтар. Дакладна вядома, што пад Эўрагульні набывалі:

  • дыван для мастацкай гімнастыкі за 30 тысяч даляраў;
  • тры дываны для аэробікі за 97 тысяч даляраў;
  • чатыры дываны для спаборніцтваў у самба за 24 тысячы даляраў;
  • татамі для каратэ на 640 квадратных мэтраў за 18 тысяч даляраў;
  • два баксэрскія рынгі, 24 баксэрскія мяхі і 6 стоек за 87 тысяч даляраў;
  • тры гімнастычныя дываны за 167 тысяч даляраў;
  • шэсьць разьміначных баксэрскіх рынгаў за 65 тысяч даляраў;
  • спартовае абсталяваньне для бадмінтону на 135 тысяч даляраў.

Кандыцыянэры ў некаторых аўтобусах

У некаторых менскіх аўтобусах, якія езьдзяць па праспэкце Пераможцаў (на гэтай вуліцы адразу некалькі спартовых арэн) запрацавалі кандыцыянэры. Шмат гадоў менчукі ўлетку скардзіліся на сьпёку ў транспарце. Нарэшце, напярэдадні Эўрагульняў, калі пашчасьціць, можна трапіць у ахалоджаны транспарт.

Асобныя дарожныя палосы для транспарту Эўрагульняў

На некаторых цэнтральных дарогах Менску да Эўрагульняў зьявіліся асобныя палосы з адмысловай разьметкай на дарогах. Цяпер яны ёсьць на праспэктах Дзяржынскага і Пераможцаў, вуліцы Няміга і ў раёне плошчы Багушэвіча. Па гэтых палосах будзе езьдзіць транспарт, які абслугоўвае Эўрагульні.

У некаторых месцах на праспэкце Дзяржынскага аўтамабілістам забаранілі левы паварот. Кіроўцы пакуль не асабліва зьвяртаюць увагу на разьметку да Эўрагульняў. Пасьля спаборніцтваў гэтыя пазнакі з дарог прыбяруць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG