Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў у чарзе на абанэмэнт. Чаму беларусам не дагнаць нямецкі футбол


8 чэрвеня футбольная зборная Беларусі правядзе на «Барысаў-Арэне» першы хатні матч у рамках кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы 2020 году. Супернікамі беларусаў будзе адна з наймацнейшых камандаў сучаснага футболу — нямецкая.​

Чэмпіёны і лузэры

Немцы — чатырохразовыя чэмпіёны сьвету (плюс па чатыры срэбры і бронзы), трохразовыя чэмпіёны Эўропы (па тры срэбры і бронзы), дзейныя ўладальнікі Кубку канфэдэрацыяў. Няўдалыя выступы на леташнім чэмпіянаце сьвету і ў Лізе нацыяў аслабілі міжнародныя пазыцыі каманды — актуальнае 13-е месца ў рэйтынгу FIFA. Але яны па-ранейшаму лідэры пад эгідай UEFA.

Антураж RheinEnergieStadion
Антураж RheinEnergieStadion

Зборная Беларусі сярод лузэраў усясьветнага футболу: 81-я пазыцыя ў рэйтынгу FIFA (найвышэйшае за гісторыю было 36-е месца) і 21-е ў эўрапейскай герархіі UEFA. Ніводнага разу ў выніку кваліфікацыйных адбораў беларусы не выходзілі са сваіх групаў, што дазволіла б удзельнічаць у фінальных стадыях усясьветных ці эўрапейскіх чэмпіянатаў.

У першых двух матчах да Эўра-2020 выхаванцы галоўнага трэнэра Ігара Крывушэнкі саступілі на выезьдзе Нідэрляндам (0:4) і Паўночнай Ірляндыі (1:2). На посьпех у гульні зь немцамі разьлічваюць хіба адчайныя аптымісты.

Гульцы зборнай Нямеччыны сьвяткуюць перамогу ў Кубку канфэдэрацый 2017 году
Гульцы зборнай Нямеччыны сьвяткуюць перамогу ў Кубку канфэдэрацый 2017 году

Зрэшты, станоўчы досьвед змаганьня зь немцамі ўсё ж ёсьць. У 2008 годзе тагачасны настаўнік беларусаў Бэрнд Штанге дамовіўся пра таварыскую гульню зь землякамі. У прысутнасьці 50 тысяч заўзятараў на стадыёне Кайзэрсьляўтэрну беларусы далі бой гранду сусьветнага футболу — 2:2.

Фанацкія дынастыі

Ёрг Фролінг у майцы ФК «Кёльн»
Ёрг Фролінг у майцы ФК «Кёльн»

Нямеччыну можна браць за сусьветны ўзор разьвіцьця і папулярызацыі футболу. Пра нюансы гульні № 1 у 80-мільённай краіне гутарым з журналістам Ёргам Фролінгам (Jörg Fröhling).

Дзесяць апошніх гадоў ён працуе прэс-сакратаром аб’яднанага ўпраўленьня гарадоў Мэшэдэ, Ольсбэрг і Бэствіг у Паўночным Райне —Вэстфаліі. Неаднаразова наведваўся ў Беларусь: пачынаў з чарнобыльскіх праграмаў дапамогі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, пасьля меў стаж у тыднёвіку «Свободные новости». Акрамя службовых абавязкаў, Ёрг вось ужо 45 гадоў ня здраджвае галоўнаму захапленьню. Ён вэтэран-заўзятар футбольнага клюбу «Кёльн».

Найлепшыя часы калектыву прыпалі на 1960–1980-я, калі «Кёльн» тройчы рабіўся чэмпіёнам Бундэсьлігі, сем разоў фінішаваў у прызах і чатыры разы меў Кубак Нямеччыны. Ад канца 1990-х каманду раз-пораз трасе, яна выпадае з элітнага дывізіёну, зноў вяртаецца, але за высокія месцы ўжо не змагаецца. Што не адбіваецца на глядацкім інтарэсе: на кожным матчы трыбуны 50-тысячнага RheinEnergieStadion запоўненыя з каптуром.

Матч Бундэслігі
Матч Бундэслігі

«Тут няма ніякага сакрэту, проста футбол — самы папулярны і любімы від спорту, з багатай гісторыяй, — кажа Ёрг Фролінг. — Напрыклад, адзін са старых клюбаў Schalke 04 арганізаваны аж 115 гадоў таму. Бацькі хадзілі на гульні са сваімі дзецьмі, потым дзеці павялі сваіх дзяцей. Так утварыліся цэлыя заўзятарскія дынастыі, сёньня такіх людзей мільёны па ўсёй краіне. Агулам кажучы, практычна ў кожнай вёсцы ёсьць свая каманда і мясцовыя чэмпіянаты. У спаборніцтвах удзельнічаюць пачынаючы з 6 гадоў. Агулам гэта вялізная маса футбалістаў».

Паводле афіцыйных зьвестак, Нямецкі футбольны зьвяз (Deutscher Fußball-Bund, DFB) аб’ядноўвае звыш 6 мільёнаў 700 тысяч прафэсійных гульцоў і аматараў.

Тузін дывізіёнаў

Нямецкая футбольная гаспадарка — гэта 12 рознаўзроўневых дывізіёнаў, ня лічачы аматараў. Самыя прэстыжныя — першая і другая Бундэсьлігі.

Ёрг Фролінг (справа) зь сябрамі-заўзятарамі і талісманам-казлом
Ёрг Фролінг (справа) зь сябрамі-заўзятарамі і талісманам-казлом

Не паддаецца дакладнаму падліку, колькі вялікіх і малых стадыёнаў па ўсёй Нямеччыне. Толькі тых, якія зьмяшчаюць ад 25 тысяч гледачоў і больш, блізу паўсотні; 10 здольныя прыняць звыш 50 тысяч чалавек. Бясспрэчны факт, што кожнае мястэчка ці вёска маюць сваю ўласную пляцоўку.

Натуральна, кажа Ёрг Фролінг, ня ўсе гульні зьбіраюць поўныя трыбуны. Найперш важна, каб клюб меў даўнія традыцыі. Калі гэта ёсьць, тады і ў 5-й, і ў 6-й, і ў 7-й лігах будзе аншляг. Але адназначна гарантаваныя праблемы з квіткамі, калі хочаш трапіць на матчы двух першых дывізіёнаў проста з вуліцы. Ня кажучы пра абанэмэнт — у чарзе даводзіцца стаяць гадамі, а бывае, і дзесяцігодзьдзямі.

Заўзятарская атрыбутыка
Заўзятарская атрыбутыка

«Каб стаць уладальнікам абанэмэнту каманды, трэба чакаць 10, а то і 15 гадоў, настолькі вялікі попыт, — тлумачыць заўзятар. — Гэта прыкладна як у часы сацыялізму людзі стаялі ў чарзе на машыну. Прычым тычыцца ня толькі Бундэсьлігі, а і другога, нават трэцяга дывізіёнаў. У мяне пакуль няма абанэмэнту на FC Köln: месца ў прамежку ад 500 да 1000, агулам прэтэндэнтаў больш за 10 тысяч. Мала таго, нават калі хочаш набыць просты квіток на адну гульню, трэба пастарацца: усё расхопліваюць за першыя 3-5 хвілін пасьля старту продажу ў інтэрнэце».

Паводле суразмоўцы, абанэмэнт не дае ягонаму ўладальніку вялікай грашовай эканоміі — сама больш 10-15% пры ўмове наведваньня ўсіх хатніх матчаў у сэзон. Але грошы тут ня маюць прынцыповага значэньня. Па-першае, грэе сам статус «абранага», па-другое, ты маеш замацаванае пэрсанальнае месца на трыбуне.

Гульня і бізнэс

Як прызнае Ёрг Фролінг, футбол у Нямеччыне — ня толькі захапляльнае відовішча, а і прыбытковы бізнэс, які лягічна вынікае з масавага інтарэсу публікі.

Стадыён падчас вечаровага матчу
Стадыён падчас вечаровага матчу

«Турнірныя разборы — толькі адзін бок мэдаля, — працягвае журналіст. — Вакол круцяцца вялікія грошы — рэкляма, атрыбутыка, тэлетрансьляцыі. Бундэсьлігу паказваюць на розных платных каналах. Каб выціснуць максымум, самыя глядзельныя матчы пачынаюцца ўвечары пятніцы, працяг у суботу а 15.30 (гэта „клясычны час“), затым а 18.30 і ў нядзелю а 13.30, 15.30 i 18.30. Натуральна, клюбы зь ніжэйшых дывізіёнаў скардзяцца, што на іхныя матчы прыйдзе менш гледачоў, бо ёсьць фанаты, гатовыя бясконца глядзець футбольныя каналы. Але бізнэс перадусім».

На футбол немцы прыходзяць сем’ямі ці зь сябрамі. Гэта ня толькі перажываньне за любімую каманду, а цэлы рытуал выходнага дня, які суправаджаецца дэкалітрамі выпітага піва, тонамі зьедзеных каўбасак і кілямэтрамі клюбных шалікаў.

Заўзятары «Кёльну»
Заўзятары «Кёльну»

Яшчэ ў 1990-х футбольныя мэнэджэры агучылі тэзу: для далейшага разьвіцьця патрэбны сучасныя камфартабэльныя стадыёны, куды будзе прыемна хадзіць. Гэта значыць, стварыць такі ўзровень хатняй утульнасьці, каб не сумавалі ні дзеці, ні дарослыя. Масавасьць, у сваю чаргу, дапаможа клюбам атрымліваць дадатковыя прыбыткі, прыцягваць новых спонсараў.

У сэзоне 2017/2018 даход Бундэсьлігі (галоўным чынам ад продажу тэлеправоў і квіткоў) дасягнуў рэкорду ў 3,81 млрд эўра. Толькі за першую палову сэзону 2018/2019 у дзьвюх найвышэйшых нямецкіх лігах прадалі больш за 9,4 млн квіткоў, то бок 42217 квіткоў на гульню ў сярэднім.

Зь вялізнымі рэсурсамі, якія круцяцца ў спорце, Нямеччына дзеля ўмацаваньня ўласнай гегемоніі без асаблівай натугі магла б культываваць шмат якія дысцыпліны. Але ўкладацца ў маларэнтабэльныя праекты дзелавыя людзі не сьпяшаюцца. Такім прыкладам — хакей, зусім непрыкметны ў цені футболу. Адрозна ад Беларусі, дзе «прэзыдэнцкая забава» зьядае вялізныя дзяржаўныя рэсурсы, а ўзроўнем аддачы дэманструе амаль нулявую эфэктыўнасьць.

Футбольны заўзятар Ёрг Фролінг
Футбольны заўзятар Ёрг Фролінг

«Хакей у Нямеччыне нішто ў параўнаньні з футболам, — канстатуе Ёрг Фролінг. — Шчыра кажучы, у нас няшмат лядовых палацаў, адпаведна і нязначная колькасьць хакеістаў. Сама цікавасьць да гэтага віду спорту мінімальная — з абанэмэнтамі дакладна ніякіх праблемаў, купляй хоць сёньня. Зрэшты, сам я ня ведаю ніводнага хакейнага заўзятара, хоць праводзіцца ўнутраны чэмпіянат. А вось для футбольных фанатаў гэта вельмі важны складнік жыцьця».

Футбольны рай

Як падсумоўвае Ёрг Фролінг, нягледзячы на і без таго грунтоўную матэрыяльную і трэнэрскую базу, апошнія 15 гадоў у Нямеччыне дзейнічае «Праграма падтрымкі талентаў» («Talentforderung»). Найперш яна закліканая забясьпечыць пераемнасьць пакаленьняў, не дапусьціць, як у Беларусі, кадравых «дзірак», калі старэйшыя гульцы сыходзяць, а іхнае месца няма каму заняць.

Пры распрацаваньні дарожнай мапы, якой ад пачатку апякуецца Нямецкі футбольны зьвяз (DFB), выкарыстоўваўся досьвед некаторых іншых гаспадарак — найперш Нідэрляндаў і Францыі. Але ў цэлым гэта know-how, выстраенае выключна пад нацыянальныя адметнасьці краіны.

Асноўныя пункты футбольнай рэформы палягаюць у наступным.

  • Непрафэсійныя аматарскія клюбы, якіх у структуры DFB больш за 27 тысяч, атрымліваюць шырокую падтрымку ад зьвязу для прыцягненьня дзяцей да заняткаў футболам і працы зь юнымі гульцамі.
  • Ніводзін юны талент (хлопчык ці дзяўчынка) не павінен застацца незаўважаным. Дзеля гэтага па ўсёй краіне стварылі сетку цэнтраў падтрымкі Stützpunkte, якія займаюцца футболам у аматарскіх клюбах.
  • Кожны прафэсійны футбольны клюб Нямеччыны для атрыманьня ліцэнзіі на права выступу ў першай і другой Бундэсьлігах абавязаны мець цэнтар рыхтаваньня моладзі да спорту найвышэйшых дасягненьняў.
Еднасьць трыбунаў
Еднасьць трыбунаў

  • Падлеткі, якія займаюцца ў клюбных цэнтрах, не павінны рабіць гэта на шкоду вучобе. Таму ўмацоўваецца каапэрацыя са спэцыялізаванымі навучальнымі ўстановамі, у якіх можна атрымаць прафэсію.
  • Перагледжаная сыстэма спаборніцтваў у дзіцяча-юнацкім, юніёрскім і моладзевым футболе. Створана юніёрская бундэсьліга для гульцоў, не старэйшых за 19 гадоў (A-Junioren-Bundesliga).
  • Зборныя малодшых узростаў (пачынаючы ад U-15) становяцца вяршыняй піраміды дзіцяча-юнацкага футболу. Усе каманды трэнуюцца і гуляюць паводле адзіных асноватворных прынцыпаў.
  • Рэформа сыстэмы Вышэйшай школы трэнэраў для падрыхтоўкі дзіцяча-юнацкіх спэцыялістаў. У рамках адзінай трэнавальнай і гульнявой філязофіі асноўны аспэкт робіцца на тэхнічнае забесьпячэньне маладых футбалістаў і разьвіцьцё гульнявога мысьленьня.

Нямецкі шлях разьвіцьця становіцца папулярным. Так, у Аўстрыі паводле такога ж прынцыпу стварылі тры дзясяткі цэнтраў футбольнай адукацыі і прынялі адзіны плян работы 12 акадэмій пры клюбах. У Ісьляндыі ўтрая вырасла колькасьць палёў са штучным пакрыцьцём, узьвялі дзясятак цёплых манэжаў, пры кожнай школе абсталявалі міні-футбольныя залі. У 300-тысячнай краіне 22 тысячы футбалістаў і 700 ліцэнзаваных трэнэраў.

Задавальненьне ад кампаніі аднадумцаў і відовішча
Задавальненьне ад кампаніі аднадумцаў і відовішча

Падпісалася на нямецкі плян нават Расея, але так званая «Стратэгія-2030» уперлася ў мясцовыя рэаліі: аказалася, што на ўсіх узроўнях адукацыйнай піраміды квітнее лабіяваньне дзяцей чыноўнікаў і алігархаў, кумаўство ды карупцыя.

Пра беларускі інтарэс да досьведу нямецкіх рэформаў у спорце № 1 невядома. Прынамсі, заявы «прыгледзецца і прыслухацца» з боку футбольных функцыянэраў не гучалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG