Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайбаксёр Гуркоў пра Эўрагульні: «Ніякіх эмоцыяў, што гэта дрэнна ці добра»


Віталь Гуркоў, архіўнае фота
Віталь Гуркоў, архіўнае фота

Днём 18 чэрвеня па цэнтры Менску прайшла эстафэта «Полымя міру» — цэнтральны праспэкт перакрылі, каб пранесьці па ім факел Эўрапейскіх гульняў. Сярод тых, хто нёс факел, быў і шматразовы чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе, сьпявак рок-гурту Brutto Віталь Гуркоў. Ці не перашкодзілі гэтаму ранейшы канфлікт паміж ім і Міністэрствам спорту?

«Запрасілі, прапанавалі паўдзельнічаць у эстафэце — чаму б не, чаму я павінен адмаўляцца?» — перапытвае Свабоду Гуркоў.

Муай-тай, у якім перамагае Гуркоў, не прадстаўлены ў праграме Эўрапейскіх гульняў. Спартоўцу крыўдна ня толькі за сябе: маўляў, «гэта адзін з наймацнейшых відаў спорту ў Беларусі», краіна магла б «паказаць свае дасягненьні і здабыць шмат перамогаў». Але хто ў гэтым вінаваты, ён не бярэцца казаць: згадвае, што, напрыклад, на Ўсясьветных гульнях у 2017 годзе ва Ўроцлаве тайскі бокс быў прадстаўлены (і Гуркоў там перамог), а ў Менску магла не зацікавіцца эўрапейская фэдэрацыя, а мо беларускі бок ня змог кагосьці пераканаць, «не пралабіравалі».

Гуркоў мяркуе, што шмат для каго Эўрапейскія гульні — гэта сапраўды важна, «крутая падзея».

«А ёсьць шмат людзей, для якіх нічога такога не адбываецца ў гэты час, — разважае ён. — Я да гэтага стаўлюся халодна: я прымаю, як ёсьць, так ёсьць. Ніякіх эмоцыяў, што гэта дрэнна ці што гэта добра, няма. Гэта проста адбываецца».

Ён згадвае Насту, дзяўчыну-валянтэрку зь Пінску, якая дапамагала падчас шэсьця. Разважае: яе на 10 дзён прывезьлі ў Менск, пасялілі ва ўнівэрсытэцкі інтэрнат, далі амаль бескаштоўна перасоўвацца па горадзе... Ёй такім чынам, мяркуе Гуркоў, далі ў маладым узросьце шанец крыху пажыць іншым жыцьцём, «паглядзець на экшн». Адпаведна, гульні для яе — пазытыўная падзея.

Таксама спартовец расказвае пра чалавека, які хацеў сфатаграфавацца зь ім перад эстафэтай з факелам.

«Ён спытаў: „Можна сфатаграфавацца са знакамітасьцю?“ Кажу, можна. Мы сфатаграфаваліся. Пытаю, калі ён кажа, што са знакамітасьцю: „Вы хоць ведаеце, чым я знакаміты?“ Ён ня ведаў. Разумееце, яму дастаткова было таго, што перакрылі праспэкт, а я стаю з гэтым факелам у белым спартовым касьцюме... Проста так ня можа ж такое адбывацца! Значыць, я нейкі знакаміты.

Ён пытае: „А хто вы?“ Я кажу: „Спартовец, ёсьць такі від спорту — тайскі бокс“. Пытае: „А як вас зваць?“ Сказаў яму, як зваць, а ён: „Вой, цікава, я ў інтэрнэце пагляджу“. Яму важна, каб у яго гэты здымак быў, бо перакрылі праспэкт, і вось ён са знакамітасьцю стаіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG