Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынайдзены бясшкодны сонцаахоўны крэм


4-5 чэрвеня ў Лёндане дэрматолягі з усяго сьвету сабраліся на канфэрэнцыю, каб абмеркаваць пытаньні абароны скуры чалавека ад сонечных промняў.

Апошнім часам карысьць сонцаахоўных крэмаў ставіцца пад сумненьне. Гэтаму прысьвечаны артыкул у брытанскай газэце Financial Times.

Дылема дэрматолягаў

З аднаго боку дэрматолягі разумеюць, што сонечнае сьвятло зьвязана з пагрозай узьнікненьня раку скуры, а зь іншага вядома, што менавіта сонечнае сьвятло мае шмат выгадаў для здароўя чалавека. І гэтыя выгады, дарэчы, далёка не абмяжоўваюцца за ўтварэньне ў нашым арганізьме вітаміну D пад узьдзеяньнем сонечных промняў.

Цяпер усё больш пішуць, што з сонечным сьвятлом зьвязана зьніжэньне крывянога ціску і працягласьць жыцьця чалавека. Паводле аднаго з удзельнікаў канфэрэнцыі, доктара Рычарда Ўэлэра, крывяны ціск пад узьдзеяньнем сонечных промняў зьніжаецца таму, што ў скуры адбываецца выдзяленьне аксыду азоту.

Аксыд азоту — гэта бескаляровы газ, які прымушае ўнутраныя мускулы крывяносных сасудаў пашырацца і павялічваць цыркуляцыю крыві.

Прапанова доктара Уэлэра

Менавіта да вынікаў дасьледаваньняў доктара Ўэлэра прыцягвае ўвагу чытачоў Financial Times. Гэты лекар, здаецца, знайшоў рашэньне дылемы — патрэбы абароны чалавека ад сонца і адначасова працягу яго жыцьця.

Лекары прапанаваў касмэтычным кампаніям распрацаваць крэм, які мог бы абараняць скуру ад сонца, ня ўмешваючыся ў функцыю выпрацоўкі аксыду азоту.

Але касмэтычныя кампаніі праігнаравалі заклікі навукоўца. Іх прадукцыя адпавядае прынятым на сёньня стандартам у краінах, дзе крэмы вырабляюцца і выкарыстоўваюцца, а сусьветны рынак гэтай прадукцыі ацэньваецца амаль на 25 мільярдаў даляраў.

Шкодныя і карысныя інгрыдыенты

З таго часу, як рэкамэндаваныя стандарты апошні раз пераглядаліся, прайшло некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Сёньня навукоўцы кажуць, што ў абарончых крэмах выкарыстоўваюцца 16 актыўных інгрыдыентаў, але добра дасьледаваныя толькі чатыры зь іх.

Зусім бясьпечныя два зь іх — аксыд цынку і дыяксыд тытану, а іншыя два — PABA і таламін саліцылят — шкодныя. 12 астатніх пакуль вывучаюцца.

Добрая навіна

Вядома, што крэмы ад сонца захоўваюць скуру маладой і перашкаджаюць яе старэньню. Што ж рабіць? Лекары раяць выкарыстоўваць сонцаахоўны крэм без фанатызму, насіць сонцаахоўнае адзеньне і пазьбягаць сонечных апёкаў. Заўсёды варта падумаць, што для вас важней — загар ці здароўе.

А добрая навіна, якую прыносіць сваім чытачам Financial Times, заключаецца ў тым, што доктар Рычард Уэлэр усё ж здолеў знайсьці партнэраў і распрацаваць крэм, які абараняе ад сонца і не перашкаджае выпрацоўцы аксыду азоту. Гэты крэм называецца Sunwell.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG