Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымаць ці не прымаць вітамін D?


Вітамін D неабходны для здароўя касьцей, цягліц і зубоў. Таму прымаць яго часта рэкамэндуюць старэйшым пацыентам, якія маюць праблемы якраз з касьцямі, зубамі і цягліцамі.

Але мэдыкі засьцерагаюць ад празьмернага захапленьня вітамінам D. Паводле новых дасьледаваньняў, павелічэньне дозы не дае адпаведнага эфэкту. Пра гэта піша сайт Чэскага радыё.

Экспэрымэнт у Ньюкастле

Нядаўна навукоўцы з брытанскага гораду Ньюкастл правялі вялікі экспэрымэнт, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе American Journal of Clinical Nutrition.

400 пажылых пацыентаў на працягу году атрымлівалі 300, 600 і 1200 мікраграмаў вітаміну D штомесяц. Гэта адпавядала штодзённаму прыёму 10, 20 і 40 мікраграмаў адпаведна.

Аказалася, што ва ўсіх выпадках вітамін D паспрыяў здароўю касьцей, але ніяк не паўплываў, напрыклад, на колькасьць падзеньняў.

Прааналізаваўшы вынікі, навукоўцы зрабілі выснову, што калі размова заходзіць пра ўплыў недахопу вітаміну D на аслабленьне костак, мы, магчыма, блытаем прычыну і сьледзтва.

Гэтую выснову добра ілюструе наступны прыклад. Лекары ведаюць, што тканкі злаякасных пухлін маюць дэфіцыт вітаміну D, але вынікі дасьледаваньняў выключаюць магчымасьць, што вітамін D здольны затармазіць ці прадухіліць рост пухліны.

Высокія дозы вітаміну D не паляпшаюць прагнозу

Аўтары брытанскага дасьледаваньня лічаць, што ўзровень вітаміну D можа служыць папераджальным сыгналам аб тым, што ў арганізьме ўзьніклі праблемы.

Вітамін D можна прымаць рэгулярна, але нельга перавышаць прадпісаныя лекарам дозы. У кожным асобным выпадку яны розныя. Таксама ня варта забывацца, што для пасьпяховага засваеньня і назапашваньня вітаміну D у нашым арганізьме патрэбны тлустыя кіслоты.

Сонца, рыба і вітамін D

Вітамін D уяўляе сабой цэлую групу рэчываў, якія ўплываюць на розныя хімічныя працэсы ў нашым целе. Чалавек атрымлівае яго ад знаходжаньня на сонцы і ад спажываньня натуральных прадуктаў, такіх як рыба і печань.

У беларускіх шыротах назіраецца брак гэтага вітаміну.

Колькасьць вітаміну D, якую мы атрымліваем зь ежай, у любым выпадку вельмі невысокая. Асноўная крыніца — сынтэз у скуры падчас знаходжаньня на сонцы. Але ва ўмовах карыстаньня ахоўнай касмэтыкай з UV-фільтрамі часта не спрацоўвае і сонца.

Таму можна прымаць вітамін D у выглядзе харчовых дабавак, асабліва калі ўжо ёсьць праблемы са здароўем і лекар гэта рэкамэндуе.

Але трэба памятаць, што самае важнае для здароўя касьцей і цягліц пажылых людзей — гэта збалянсаваная дыета, знаходжаньне на адкрытым паветры і рэгулярныя фізычныя практыкаваньні.

Таксама ня трэба забывацца, што вітамін D мае ўласьцівасьць назапашвацца ў нашым целе. Таму трэба выкарыстоўваць цёплыя і сонечныя месяцы году на поўную катушку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG