Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыт вітаміну D падвышае рызыку сардэчнай недастатковасьці ў 12 разоў


Сэнсацыйнае адкрыцьцё зрабілі бразыльскія навукоўцы: дэфіцыт вітаміну D падвышае рызыку сардэчнай недастатковасьці ў 12 разоў. У гэтым артыкуле — пра ролю вітаміну D у здароўі сэрца, а таксама пра тое, колькі вітаміну D нам патрэбна і адкуль яго браць.

Увогуле ў сьвеце назіраецца зьніжэньне ўзроўню сьмяротнасьці ў выніку сардэчна-судзінных хваробаў (ССХ) у пажылых людзей. Гэта зьвязана зь лепшым лячэньнем высокага крывянага ціску (гіпэртэнзіі) і дысьліпідэміі, з разьвіцьцём тэхналёгій у дыягностыцы і лячэньні ССХ, а таксама з тым, што людзей, якія паляць, становіцца ўсё менш. Тым ня менш, сардэчна-судзiнныя захворваньні дагэтуль зьяўляюцца вядучай прычынай інваліднасьці і сьмяротнасьці ў сьвеце.

Агульным канчатковым этапам большасьці захворваньняў сэрца зьяўляецца сардэчная недастатковасьць (СН). СН уяўляе сабой важную праблему грамадзкай аховы здароўя і зьяўляецца асноўнай прычынай шпіталізацыі сярод пажылых людзей. Таму навукоўцы бяз стомы шукаюць фактары рызыкі СН.

Сярод незалежных фактараў рызыкі, зьвязаных з СН, можна выдзеліць сталы ўзрост, мужчынскі пол, цукровы дыябэт, гіпертэнзію, атлусьценьне і востры інфаркт міякарда.

У навуковай літаратуры ёсьць пераканаўчыя доказы таго, што вітамін D мае непасрэдны ўплыў на сардэчнае здароўе. Зусім нядаўна група навукоўцаў з Бразыліі правяла маштабнае дасьледаваньне, каб знайсьці сувязь паміж дэфіцытам вітаміну D і рызыкай сардэчнай недастатковасьці. Навукоўцы высьветлілі, што ад недахопу вітаміну D у пажылых асоб павялічваецца рызыка СН. Заўважым, што рызыка павялічваецца аж у 12 разоў (у параўнаньні з тымі асобамі, у якіх нармальны ўзровень вітаміну D)!

Чаму гэта так — пакуль ня вельмі зразумела. Мяркуецца, што гэта хутчэй за ўсё зьвязана з запаленчым мэханізмам. Адэкватная канцэнтрацыя вітаміну D можа падаўляць запаленчую рэакцыю шляхам стымуляцыі супрацьзапаленчых цытакінаў (цытакіны — гэта бялкі, якія кіруюць клеткамі імуннай сыстэмы).

Таксама гэтае дасьледаваньне пацьвердзіла ўжо вядомае: акрамя дэфіцыту вітаміну D, рызыка СН зьвязана з мужчынскім полам, атлусьценьнем і сардэчнымі арытміямі.

Колькі вітаміну D нам трэба?

У летнi час вiтамiн D сынтэзуецца ў скуры пад узьдзеяньнем сонца. Узiмку як эўрапейскiя, так i амэрыканскiя ўстановы, адказныя за здароўе насельнiцтва, рэкамэндуюць спажываць яго ў выглядзе сынтэтычнага вiтамiну ў дазiроўцы ня менш за 10 мкг/дзень, бо дасягнуць аптымальнага ўзроўню гэтага элемэнту праз харчаваньне практычна немагчыма.

Добрая крынiца вiтамiну D — печань траскi, а таксама тлустая рыба кшталту ласося, селядца i скумбрыi. Акрамя таго, ён прысутнiчае ў мясе, яйках i малочных прадуктах, але ў значна меншай ступенi. Нiжэй прыведзеныя найлепшыя крынiцы гэтага вiтамiну.

• Печань траскi (15 г): 50 мкг
• Ласось гатаваны (125 г): 12 мкг
• Селядзец (1 шт, прыкладна 40 г): 11 мкг
• Скумбрыя вэнджаная (порцыя 40 г): 3 мкг
• Яйка (1 шт): 0.8 мкг
• Масла (5 г): 0.1 мкг

Вітамін D3 выпрацоўваецца ў скуры і знаходзiцца ў шэрагу харчовых прадуктаў жывёльнага паходжаньня.

Вітамін D2 сынтэзуецца (у нязначных колькасьцях) у прадуктах расьлiннага паходжаньня, такiх як грыбы i дрожджы, пад узьдзеяньнем ультрафiялетавага апраменьваньня.

Сынтэтычны вітамін D выпускаецца ў дзьвюх формах: холекальцыфэрол альбо вітамін D3, і эргакальцыфэрол, альбо вітамін D2. Абедзьве формы зьяўляюцца актыўнымі, але вітамін D3 засвойваецца лепш, чым D2.

Вітамін D, дарэчы, лепш за ўсё засвойваецца зь некаторай колькасьцю тлушчу.

Рэкамэндаваная для ўсіх дзённая доза вітаміну D складае 10 мкг. Асобам старэйшым за 70 гадоў патрэбна 20 мікраграмаў у дзень.

Увага: як улетку, так i ўзiмку, наступным катэгорыям грамадзян настойлiва рэкамэндавана прымаць сынтэтычны вiтамiн D у дазіроўцы 10 мкг на дзень:

• Дзеці ва ўзросьце ад 0 да 4 гадоў
• Жанчыны ад 50 да 70 гадоў
• Цяжарныя жанчыны
• Асобы да 70 гадоў з цёмнай скурай
• Асобы да 70 гадоў, якiя атрымлiваюць недастаткова сонечнага сьвятла

Зьвярнiце асаблiвую ўвагу на апошнюю катэгорыю. Магчыма, што да яе можна аднесьцi i вас!

Дарэчы, у ЗША i некаторых iншых краiнах вітамін D прынята вымяраць у так званых мiжнародных адзiнках, скарочана IU. Біялягічная актыўнасьць 40 IU роўная 1 мкг вітаміну D.

Зашмат вітаміну D?

Высокае спажываньне вітаміну D можа мець месца толькі ў выніку працяглага выкарыстаньня занадта вялікай колькасьці сынтэтычных вiтамiнаў. Пры працяглым ужываньні доз вышэйшых за дапушчальнай верхняй мяжы у суставах могуць утварыцца саляныя адклады.

Дарэчы, ад працяглага знаходжаньне на сонцы лiшак вітаміну D не ўтвараецца. На практыцы перадазіроўка ў здаровых людзей назiраецца рэдка.

Верхняя дапушчальная мяжа спажываньня вітаміну D для дарослых і дзяцей ва ўзросьце 11-17 гадоў складае 100 мкг у дзень.

Для дзяцей 1-10 гадоў гэтая норму — 50 мкг у дзень.

Для дзяцей да году верхняя мяжа складае 25 мікраграмаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG