Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечныя таблеткі кальцыю?


Адна зь вядомых рызыкаў такога прыёму — утварэньне камянёў у нырках. Але новыя дасьледаваньні канцэнтруюцца на іншых патэнцыйных пагрозах, у тым ліку на павышанай рызыцы дачаснай сьмерці, раку і хваробах сэрца.

Навошта людзі прымаюць кальцый

Пра пагрозы ад прыёму кальцыю піша ў газэце The New York Times доктар мэдыцыны Рычард Класка. Паводле яго, кароткі адказ на пытаньне ў загалоўку — так, хутчэй за ўсё прымаць кальцый бясьпечна. Але нюансы ёсьць.

Кальцый у выглядзе харчовых дадаткаў звычайна прымаюць жанчыны пасьля мэнапаўзы ў спадзяваньні ўзмацніць косткі. Звычайная доза, якую раяць лекары такім жанчынам, — 1000 мг (або менш) на дзень. Аднак дасюль дакладна невядома, ці дапамагае гэта пазьбегчы пераломаў.

Камяні ў жаночых нырках

Камяні ў нырках зьяўляюцца найбольшай з агульнапрызнаных рызыкаў прыёму кальцыю, і залежыць яна ад таго, ці прымаеце вы адначасова вітамін D.

Нядаўна ў ЗША было праведзена дасьледаваньне з удзелам 36 000 жанчын пасьля мэнапаўзы. Адны зь іх бралі кальцый і вітамін D, іншыя — толькі кальцый. Аказалася, што прыём толькі кальцыю павялічыў рызыку ўтварэньня камянёў у нырках на 17%, але пры прыёме кальцыю разам зь вітамінам D рызыка зьнікае.

Дачасная сьмерць, рак і хваробы сэрца

Іншыя вялікія дасьледаваньні, праведзеныя ў апошнія гады, былі сканцэнтраваныя на выяўленьні такіх ускладненьняў пры прыёме кальцыю, як дачасная сьмерць, розныя формы раку і сардэчна-судзінныя хваробы.

Дасьледаваньне, праведзенае Нацыянальным інстытутам раку ЗША, выявіла, што прыём кальцыю не павялічвае рызыку заўчаснай сьмерці.

Гэтае і іншыя дасьледаваньні таксама ня выявілі ніякіх пагрозаў захварэць на рак малочнай залозы, каларэктальны рак, перадракавыя паліпы тоўстай кішкі і на іншыя анкалягічныя хваробы для людзей, якія прымаюць кальцый у спалучэньні зь вітамінам D.

Тое самае і з хваробамі сэрца і судзінаў. Нядаўні Гарвардзкі агляд пацьвердзіў гэтую выснову:

«Спажываньне кальцыю з рацыёну або ў выглядзе харчовых дадаткаў мае зусім малы ўплыў або наагул не ўплывае на рызыку разьвіцьця сардэчна-судзінных хваробаў», — напісалі гарвардзкія мэдыкі..

Браць ці ня браць

Рашэньне залежыць ад вашых індывідуальных праблем са здароўем. Пагроза разьвіцьця остэапарозу або яго наяўнасьць могуць схіляць шалі на бок прыёму кальцыю. Калі ж у вас ёсьць праблемы з камянямі ў нырках — тады лепш кальцый ня браць.

Таксама варта ведаць, што кальцый можа ўзаемадзейнічаць зь некаторымі лекамі, напрыклад, леватыраксінам, які прымяняецца для лячэньня шчытападобнай залозы. Тое самае тычыцца і прэпарату Fosamax, якія цяпер шырока выкарыстоўваецца ў сьвеце для лячэньня якраз остэапарозу.

Агулам жа, прыём кальцыю разам зь вітамінам D можна лічыць бясьпечным.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG