Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі мы едзем на мора то, натуральна, спадзяемся паправіць здароўе і запасьціся сонцам, сьвятлом і станоўчымі эмоцыямі на доўгую, халодную і цёмную зіму.

Але які час зьяўляецца аптымальным з пункту гледжаньня адаптацыі да новых кліматычных умоў і назапашваньня станоўчых зрухаў здароўя?

Пры перамене клімату ў здаровых людзей і пры наяўнасьці хранічных захворваньняў адбываюцца пэўныя зрухі ў арганізьме, якія працякаюць у некалькі этапаў.

Першы этап, які цягнецца 5-7 дзён. У гэты час можа назірацца павышэньне тэмпэратуры цела, пачашчэньне пульсу і колькасьці дыхальных рухаў, у крыві можа зьніжацца колькасьць натрыю. Пры наяўнасьці хвароб менавіта ў першыя дні прыезду на мора пацыенты могуць адчуваць пагаршэньне стану здароўя, найбольш часта — пад’ём артэрыяльнага ціску, наяўнасьць болю ў раёне сэрца, галаўны боль і іншае.

Другі этап — наступныя 5-7 дзён. Яны адзначаюцца канчатковым фармаваньнем мэханізмаў адаптацыі да новых кліматычных умоў. У здаровых людзей ён працякае незаўважна, а пры наяўнасьці хранічных хваробаў могуць назірацца часовыя праблемы са здароўем у выглядзе, напрыклад, скачкоў артэрыяльнага ціску.

Трэці этап — наступны тыдзень. Гэта час фармаваньня доўгатэрміновых санагенных рэакцый, калі мы, кажучы простымі словамі, назапашваем здароўе на ўвесь наступны год.

Вось калі падсумаваць, то атрымліваецца, што першыя два тыдні на моры — гэта адаптацыя да новых кліматычных умоў, а доўгатэрміновыя рэакцыі ўмацаваньня здароўя пачынаюць разьвівацца толькі на трэці тыдзень пасьля прыезду. Вось адсюль і адказ на нашае пытаньне — аптымальны тэрмін адпачынку на моры, у іншых кліматычных умовах — тры тыдні.

Памятаеце працягласьць лячэньня ў савецкіх санаторыях — яна якраз столькі і складала, 21 дзень. Ну а што тычыцца людзей з наяўнасьцю хранічных хвароб, асабліва пры схільнасьці да частай дэкампэнсацыі, людзей ва ўзросьце пасьля 65-70 гадоў, то пытаньне адпачынку ў іншых кліматычных умовах лепей вырашаць зь лекарам індывідуальна. Цалкам можа быць, што ў такіх выпадках лепшы адпачынак будзе ў сваёй кліматычнай зоне, паколькі не патрабуецца двухтыднёвы пэрыяд адаптацыі, што будзе больш карысным для здароўя. Ну а калі ўсё ж хочацца пабачыць мора, то лепей выбіраць восеньскі ці вясеньні час, калі кліматычная розьніца не такая вялікая і акліматызацыя працякае больш лагодна.

XS
SM
MD
LG