Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтым нарысе — працяг размовы пра забесьпячэньне арганізму неабходнай колькасьцю вітаміну D.

Галоўнай крыніцай гэтага жыцьцёва важнага рэчыва зьяўляюцца сонечныя промні. Але ў нашых кліматычных умовах абмежаванай інсаляцыі, калі назіраецца невялікая колькасьць сонечных дзён, пэўнае значэньне набывае харчаваньне.

Лічыцца, што вітамін D знаходзіцца ў наступных прадуктах у такой колькасьці: сёмга (90 грамаў) — 360 МЕ (міжнародных адзінак), сардыны (30 грамаў) — 250 МЕ, тлушч пячонкі траскі (1 чайная лыжка) — 1360 МЕ, малако (1 шклянка) — 100 МЕ, сьвініна (100 грамаў) — 35 МЕ, ялавічная пячонка (100 грамаў) — 50 МЕ, нятлусты сыр (30 грамаў) — 12 МЕ. Нагадаем, што сярэднестатыстычнаму даросламу чалавеку ў дзень трэба атрымаць, пераважна з сонечнымі промнямі, 600 МЕ вітаміну D.

Вітамін D зьяўляецца прынцыпова важным рэчывам для костак. Справа ў тым, што біялягічна актыўная форма вітаміну — кальцытрыёл, павялічвае ўсмоктваньне кальцыю і фосфару зь ежы, а яны жыцьцёва неабходныя для забесьпячэньня нармальнага цыклю аднаўленьня касьцявой тканкі. Таксама кальцытрыёл садзейнічае павелічэньню прадукцыі калагену і матрычных пратэінаў у остэабластах, якія аднаўляюць костку.

Таму калі казаць пра паўнавартаснае харчаваньне, то чалавеку, асабліва сталага ўзросту, неабходна ўключаць у рацыён прадукты, якія разам зь невялікай колькасьцю вітаміну D маюць у сваім складзе кальцый, неабходны для костак.
У гэтым сэнсе неацэнным зьяўляецца сыр, бо ў лусьце сыру знаходзіцца вялікая колькасьць вітамінаў групы В — яны неабходныя для нармальнай дзейнасьці нэрвовай сыстэмы. Таксама ў сыры ёсьць вітамін А — ён будзе карысным для скуры. Яшчэ там мноства мікраэлемэнтаў (цынк, фосфар, магній і іншыя), якія патрэбныя для нармальнай дзейнасьці цягліц.

Дарэчы, менавіта па гэтай прычыне ўжываньне сыру неабходнае ня толькі для сталых людзей, але і для асобаў, якія пастаянна займаюцца фізычнай працай ці спортам. Сыр зьяўляецца неабходным для папаўненьня запасаў кальцыю, які асабліва неабходны ў сталым узросьце, калі актывізуюцца працэсы вымываньня кальцыю з костак і яны становяцца крохкімі, што павышае рызыку пераломаў і выклікае болі ў канцовінах і суставах.

Паглядзіце. У 100 грамах звычайнага нятлустага сыру знаходзіцца 900 мг кальцыю, што значна перавышае іншыя прадукты з таксама высокім складам гэтага кампанэнту (кансэрвы «Сардыны» — 380 мг, арэхі кунжут — 700 мг, шпінат — 210 мг, фасоля — 194 мг, тварог — 300 мг, зерневы хлеб — 50 мг). Пры гэтым, згодна з дадзенымі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, для дарослых сутачная патрэбнасьць ў кальцыі складае 800 — 1200 мг, для спартсмэнаў — на 200 мг болей, для цяжарных жанчын — 2000 мг. Такім чынам, ужываньне 100 грамаў нятлустага сыру ў дзень фактычна забясьпечыць дзённую патрэбу у кальцыі.

Што тычыцца малака, то шклянка цэльнага вясковага малака здольная забясьпечыць сутачную патрэбу чалавека ў вітаміне D на шостую частку.

Такім чынам, розныя прадукты харчаваньня забясьпечваюць сутачную патрэбу ў вітаміне D прыкладна на 10 — 20%, астатняе робяць сонечныя промні. Але ў складзе дыеты прынцыповым зьяўляецца комплексны падыход. Гэта значыць, што ў нашым выпадку для падтрыманьня касьцявой сыстэмы важна ўлічваць ня толькі наяўнасьць у прадукце вітаміну D, а таксама карысных рэчываў, неабходных для здавальняючай рэгенэрацыі касьцявой тканкі.

І вось такому комплекснаму падыходу адпавядаюць абсалютна банальная шклянка малака, заедзеная лустай сыру. Не забывайцеся аб гэтым простым і даступным для кожнага спалучэньні!

XS
SM
MD
LG