Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас летніх вакацый у паўднёвых краінах або падчас летняй працы на гародах і лецішчах, пільнай увазе падлягае скура, асабліва ў людзей, якія маюць павышаную ўспрымальнасьць да сонечных промняў.

У гэтым артыкуле мы раскажам пра тое, як зрабіцца «таўстаскурым» — або абараніць скуру ад шкоднага ўплыву сонца пры дапамозе спэцыяльных крэмаў.

Калі вы купляеце абарончы крэм, то трэба зьвярнуць увагу на ўпакоўку — крэм мае абарончы індэкс, які сьведчыць пра сілу абарончага эфэкту. Ён пазначаецца літарамі ангельскага алфавіту як SPF (Sun Protector Factor). Калі гэты фактар вышэй 15 — значыць, крэм мае высокую абаронную здольнасьць, бо ў звычайных умовах скура на сонцы пачырванее праз 20 хвілін, а калі нанесьці крэм — пачырваненьне скуры будзе назірацца толькі праз 5 гадзін.

Калі вы маеце смуглую ад нараджэньня скуру ці ўжо дастаткова загарэлі, то вам пасуе крэм са ступеньню абароны ад 2 да 4-х. Наадварот, калі скура бледная, мае павышаную адчувальнасьць да сонечных промняў, а таксама для дзяцей мэтазгодна будзе карыстацца крэмамі зь індэксам SPF вышэй за 15. Большасьці ж людзей са звычайнай сонцаўспрымальнасьцю скуры падчас знаходжаньня пад адкрытым сонцам падыдзе крэм са ступеньню абароны ад 5 да 10.

Пра што трэба памятаць, калі вы карыстаецеся абарончымі крэмамі? Па-першае, усе яны водарастваральныя. Гэта значыць, што пасьля купаньня ці карыстаньня душам іх трэба наносіць на скуру зноў. Па-другое, іх эфэкт не назапашваецца — гэта азначае, што два крэмы зь велічынёй індэксу SPF 10 не дадуць эфэкту індэксу 20. Па-трэцяе, калі вы трапляеце ва ўмовы іншага клімату ў якую-небудзь паўднёвую краіну, трэба спачатку, першыя чатыры дні, карыстацца крэмам і індэксам SPF 15 — 20, а потым пераходзіць на крэм з індэксам ад 5 да 10.

Канешне, маюць значэньне і агульныя рэкамэндацыі — лепей загараць у час да 11 гадзін раніцы і пасьля 16 гадзін вечарам; пазьбягаць працяглага знаходжаньня пад адкрытым сонцам пры наяўнасьці сардэчна-судзінных, аўтаімунных і іншых хранічных хваробаў, а таксама пры наяўнасьці сьветлай скуры і вялікіх пігмэнтных утварэньняў на скуры.

Спадзяемся, што нашы простыя парады дазволяць вам на летні час стаць "таўстаскурымі, пазьбегнуць непрыемных сонечных апёкаў і палепшыць адпачынак ці працу на сьвежым летнім паветры.

XS
SM
MD
LG