Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купаньне ў моры павялічвае рызыку хваробаў — новае дасьледаваньне


Людзі, якія купаюцца ў моры, маюць значна больш высокую рызыку захварэць на расстройства кішэчніка, запаленьне вуха і многія іншыя хваробы. Прычына гэтага — забруджваньне прыбярэжных вод прадуктамі жывёлагадоўлі і каналізацыі.

Маштаб дасьледаваньня

Да такіх высноваў прыйшла каманда навукоўцаў з Мэдычнай школы Эксэтэрскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў «Міжнародным часопісе эпідэміялёгіі» (International Journal of Epidemiology).

Шырокую публіку з дасьледаваньнем, якое ахапіла і абагуліла вынікі 19 іншых дасьледаваньняў у Гішпаніі, Вялікабрытаніі, ЗША і Нарвэгіі, знаёміць брытанская газэта The Guardian.

«Я думаю, што ў краінах з высокім узроўнем даходаў, такімі як Вялікабрытанія, існуе думка, што рызыка ня надта высокая і на яе можна не зьвяртаць увагі. Тым ня менш, новыя вынікі паказваюць, што шанцы захварэць значна большыя», — сказала доктарка Эн Лэнард, адна з аўтараў дасьледаваньня.

Нягледзячы на тое, што навукоўцы не змаглі дакладна ацаніць шанцы захварэць пасьля купаньня ў моры, некаторыя лічбы яны ўсё ж назвалі.

Рызыка ў лічбавым выражэньні

марскія купальшчыкі на 86% маюць большую верагоднасьць захварэць на нейкую з інфэкцыйных хваробаў у параўнаньні з тымі, хто не купаецца ў моры

Аказалася, што марскія купальшчыкі на 86% маюць большую верагоднасьць захварэць на нейкую з інфэкцыйных хваробаў у параўнаньні з тымі, хто не купаецца ў моры.

Аматары марскога купаньня маюць у больш чым два разы большую рызыку адчуць прынамсі адзін з сымптомаў хваробы вуха.

На 44% павялічваецца рызыка дыярэі.

На 27% павялічваецца рызыка боляў у жываце.

Таксама ўзрастае рызыка інфэкцыі мачавых шляхоў. Іх выклікаюць устойлівыя да антыбіётыкаў бактэрыі, у тым ліку кішэчная палачка.

Разам з тым доктарка Лэнард кажа, што вынікі дасьледаваньня не азначаюць, што людзі павінны перастаць купацца ў моры.

«Я думаю, вельмі важна, каб людзі ведалі, што рызыка прысутнічае. Тады іх рашэньне ісьці купацца будзе больш абгрунтаванае і яны будуць думаць пра тое, як тую рызыку мінімізаваць», — сказала Лэнард.

Шкодныя мікраарганізмы трапляюць у прыбярэжныя воды празь сьцёкавыя воды, куды ў сваю чаргу трапляюць адкіды жыцьцядзейнасьці чалавека і прадукты жывёлагадоўлі.

Парады лекараў

Бруд змываецца ў рэкі і вадаёмы падчас атмасфэрных ападкаў. Таму, на думку навукоўцаў, лепш за ўсё не купацца ў моры адразу пасьля дажджу.

Таксама навукоўцы раяць вельмі ўважліва выбіраць месцы для купаньня ў моры.

Людзі, якія рэгулярна купаюцца ў моры, маюць ад гэтага і шмат перавагаў для здароўя. Гэта і фізычная нагрузка, і здаровы эфэкт ад сонечных промняў, і станоўчыя эмоцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG