Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаць на пастамэнт — гэта вандалізм». Масквічку затрымалі ў Менску за фота з «царскім гарадавым»


Скульптура «царскага гарадавога» ў Менску
Скульптура «царскага гарадавога» ў Менску

Яна думае, што справа можа быць у незвычайным капюшоне байкі ейнага хлопца.

На расейскім ананімным калектыўным блогу Pikabu карыстальніца sImoRENka расказала гісторыю пра затрыманьне яе і ейнага хлопца за фота са скульптурай «царскага гарадавога» ў Менску.

Атрымаць апэратыўны камэнтар у менскіх праваахоўнікаў не ўдалося. У менскай міліцыі Свабодзе сказалі, што афіцыйны камэнтар рыхтуецца, ён будзе зьмешчаны на сайце МУС.

Масквічка Ірына (прозьвішча вядомае рэдакцыі, але Ірына папрасіла яго не называць) сказала Свабодзе, што ейная гісторыя ня выдуманая, але фота з «гарадавым» яна пакуль ня можа аднавіць — міліцыянты загадалі іх выдаліць. Але Ірына паказала іншыя здымкі — з будынкам Міністэрства ўнутраных справаў, музэем МУС і з Маскоўскім РУУС, куды даставілі затрыманых.

Што расказваюць пра затрыманьне

Паводле Ірыны, яна і ейны сябра Кірыл былі ў Менску 11–12 траўня, прыехалі ў горад упершыню. 11 траўня па дарозе ў гатэль яны пабачылі скульптуру і вырашылі сфатаграфавацца з «сымпатычным бронзавым мужчынам з сабачкам». Яна адзначае, што ніякіх папярэджаньняў або загародак ля скульптуры няма.

Ірына мяркуе, што міліцыянта насьцярожыла байка Кірыла: капюшон зашпіляецца на твары, складваецца ў малюнак чэрапа. Менавіта так, з зашпіленым капюшонам, Кірыл фатаграфаваўся з «гарадавым»
Ірына мяркуе, што міліцыянта насьцярожыла байка Кірыла: капюшон зашпіляецца на твары, складваецца ў малюнак чэрапа. Менавіта так, з зашпіленым капюшонам, Кірыл фатаграфаваўся з «гарадавым»

Яны зрабілі некалькі здымкаў і пайшлі, але «не пасьпелі прайсьці і аднаго дома», як да іх падышлі два міліцыянты, якія хацелі пераканацца, што пара «проста сфатаграфавалася» і што яны «не хуліганы», і папрасілі выдаліць фота. Пара пагадзілася, здымкі выдалілі, міліцыянты іх адпусьцілі.

Але пазьней міліцыянт зноў дагнаў іх ля скрыжаваньня. Цяпер ужо ў іх сталі патрабаваць пашпарты і прайсьці «для высьвятленьня абставінаў», заявілі пра затрыманьне за адміністрацыйнае правапарушэньне. Але на просьбы патлумачыць, што адбылося, ці не адказвалі, ці сьцьвярджалі, што «сталі на пастамэнт, а гэта вандалізм».

Спачатку затрыманых адвялі на тэрыторыю музэю МУС і сказалі чакаць, праз паўгадзіны адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну. Там іх «пасадзілі ў клетку» і заявілі, што затрымаць могуць і на тры дні. Але ў выніку адпусьцілі — сказалі «не крыўдаваць і лічыць усё гэта забаўнай прыгодай». Ірына сьцьвярджае, што чула ў размове міліцыянтаў фразу «у вас тут палітычныя, а вы ўсялякай *** з гарадавым займаецеся».

Дык ці можна фатаграфавацца з «царскім гарадавым»?

За «абразу гарадавога» ў Менску пакаралі прынамсі 8 чалавек. МУС фармальна не забараняе «дакрануцца або сфатаграфавацца» з помнікам, калі гэта не «сплянаваныя акцыі і флэшмобы». Але рэагуе ці не на любую актыўнасьць ля скульптуры.

Гісторыя скульптуры гарадавога цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Актывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.

У мінулым лістападзе за поўху «гарадавому» быў затрыманы падлетак Арсеній. Міліцыя публікавала відэа з выбачэньнямі хлопца за ягоны ўчынак. Справу за «дробнае хуліганства» ўрэшце спынілі.

У сакавіку за замах нагой на скульптуру «царскага гарадавога» была затрыманая 18-гадовая Аляксандра С. У чаканьні суду яна правяла два дні на Акрэсьціна, але суд накіраваў пратакол на дапрацоўку: на відэа з камэраў назіраньня было відаць, што фізычнага кантакту з помнікам не адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG