У Вэнэсуэле 1 траўня ўспыхнулі новыя сутычкі паміж апазыцыйнымі дэманстрантамі і вайскоўцамі, якія застаюцца на баку афіцыйнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Байцы Нацыянальнай гвардыі ўжылі раздражняльны газ супраць пратэстоўцаў, якія спрабавалі заблякаваць дарогу каля авіябазы ва ўсходняй частцы Каракасу.
Сотні людзей выйшлі на акцыю пратэсту супраць Нікаляса Мадура на заклік лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо ператварыць 1 траўня ў пачатак «фінальнага этапу» ліквідацыі афіцыйных уладаў. Згодна з паведамленьнямі, частка пратэстоўцаў выказвала расчараваньне тым, што вайскоўцы не адгукнуліся на заклік Гуайдо перайсьці на бок апазыцыі і паўстаць супраць улады, іншыя былі расчараваныя занадта нізкай яўкай самых пратэстоўцаў.
Мадура, са свайго боку, заявіў, што Гуайдо спрабаваў зладзіць узброены пераварот, але яго спроба правалілася.
1 траўня ўлады Вэнэсуэлы рэзка абмежавалі доступ жыхароў краіны да інтэрнэту, часова заблякаваўшы некалькі папулярных у краіне сацыяльных сетак, каб перашкодзіць Гуайдо арганізаваць масавыя пратэсты, а таксама сайты і тэлеканалы інфармацыйных службаў CNN і ВВС за рэпартажы пра акцыі пратэсту.
Падчас акцыяў загінулі 2 чалавекі
Падчас акцыяў пратэсту 1 траўня ў Вэнэсуэле загінулі сама меней два чалавекі. Як заявіў лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо за апошнія два дні ў штаце Арагуа загінула 27-гадовая дзяўчына і 24-гадовы хлопец.
«Гэта павінна спыніцца, і забойцам давядзецца ўзяць на сябе адказнасьць за свае злачынствы. Я пакладу сваё жыцьцё на гэта», — заявіў Гуайдо.
«Я ведаю, што маіх спачуваньняў вашай сям’і недастаткова, але узурпатар ведае, што ў кожным нашым кроку да свабоды ёсьць сіла нашых пакутнікаў, якія патрабуюць справядлівасьці», — дадаў ён.
Мясцовыя праваабаронцы паведамляюць, што падчас пратэстаў 30 красавіка па ўсёй Вэнэсуэле было затрымана 119 чалавек.
ЗША назвалі дзеяньні Крамля ў Вэнэсуэле «непрымальнымі»
Белы дом назваў дзеяньні Крамля ў Вэнэсуэле «непрымальнымі». Як заявіў 1 траўня ў інтэрвію CNN памочнік Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан, Расея «толькі і марыць аб тым, каб ткнуць Амэрыцы пальцам у вока». Крэмль як самастойна, так і з дапамогай Кубы спрабуе ўтрымаць у сваёй арбіце важную краіну Лацінскай Амэрыкі, дадаў Болтан.
Паводле яго ацэнкі, Масквой рухае не ідэалёгія, а традыцыйныя геапалітычныя меркаваньні — спроба суперніцтва з ЗША. У сваю чаргу прэзыдэнт Трамп спрабуе давесьці да Крамля, што «Белы дом адраджае дактрыну Манро», якая кажа пра недапушчальнасьць умяшаньня заморскіх дзяржаваў у справы краінаў Заходняга паўшар’я непасрэдна або праз сатэлітаў, падкрэсьліў Болтан.
Ён распавёў, што дыялёг з Масквой адносна Вэнэсуэлы ажыцьцяўляецца на розных узроўнях і што ён будзе працягвацца. Разам з тым Белы дом ня будзе абмяжоўвацца ўгаворваньнямі.
«Мы робім больш жорсткімі санкцыі супраць Мадура, якія мэтадычна і плянамерна падрываюць аснову рэжыму, пазбаўляюць яго сродкаў на матэрыяльнае забесьпячэньне войска, уключаючы выплату жалаваньня вайскоўцам», — адзначыў Болтан.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.
Падрабязьней >>>