Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Санкцыі ЗША супраць Кубы прывядуць да міждзяржаўных спрэчак


Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз

У беларускім МЗС выказаліся наконт магчымых санкцый ЗША ў адносінах да Кубы, паведамляе БелТА. Раней ЗША агучвалі намер узмацніць санкцыі супраць Кубы за вайсковую падтрымку кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў магчымасьць увядзеньня новых санкцыяў ЗША ў адносінах да Кубы. 1 траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра магчымае ўвядзеньне поўнага эмбарга ў адносінах да Кубы за вайсковую падтрымку кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

«Добра вядома, што Беларусь пасьлядоўна і нязьменна выступае супраць любых аднабаковых абмежавальных мер па-за залежнасьці ад таго, хто зьяўляецца іх суб’ектам і абʼектам, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС. — Мы перакананыя, што аднабаковыя санкцыі ніколі ні да чаго добрага не вядуць. Наадварот, яны часьцяком сурʼёзна пагаршаюць сытуацыю, заводзяць міждзяржаўныя адносіны ў тупік», — сказаў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

Ён дадаў, што санкцыі могуць закрануць не толькі Кубу, але і іншыя краіны.

«Ужо зараз відавочна, што магчымыя новыя амэрыканскія санкцыі супраць Кубы акрамя таго, што ніяк не палепшаць жыцьцё кубінскага народа, прывядуць да новых міждзяржаўных спрэчках, яшчэ больш расхістваючы асновы міжнароднага гандлю і міжнародных эканамічных адносін, — заявіў прэс-сакратар.

Ён выказаў спадзеў, што новыя санкцыі ў адносінах да Кубы ўсё ж не ўвядуць.

Пры чым тут Куба

30 красавіка ў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе, у раёне авіябазы «Ла Карлота», паліцыя ўжыла сьлезацечны газ супраць прыхільнікаў Гуайдо.

Вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы, ляяльныя Мадура, заехалі ў натоўп маніфэстантаў у Каракасе на браніраваных аўтамабілях, ёсьць пацярпелыя. Па інфармацыі ЗША ўлады Кубы аказваюць актыўную падтрымку Мадуру, у тым ліку вайсковую.

Вострая фаза супрацьстаяньня праходзіць у Вэнэсуэле ад студзеня, калі Гуайдо абвінаваціў Мадура ва ўзурпацыі ўлады і прыняў прысягу як часовы прэзыдэнт. Рычагі кіраваньня краінай і сілавымі структурамі застаюцца ў руках Мадура, якога падтрымліваюць Куба, Расея, Кітай і Турэччына. ЗША, большасьць краін Лацінскай Амэрыкі і ЭЗ падтрымліваюць Гуайдо.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG