Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як не падабаецца — выйдзі за дзьверы. Спрэчка паміж Севярынцам і ПЭН-Цэнтрам вачыма настаўніцы

абноўлена

Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай
Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай

Аднаго зь кіраўнікоў БХД, палітыка і пісьменьніка Паўла Севярынца выключылі з Беларускага ПЭН-Цэнтра. Афіцыйная прычына — нясплата ўнёскаў. Ён вінаваціць арганізацыю ў гей-прапагандзе.

Сьцісла

  • Ці падтрымліваю я пазыцыю Паўла адносна ЛГБТ? Катэгарычна — не.
  • Ці падтрымліваю я рашэньне ПЭНа выключыць яго з арганізацыі за пратэстную нясплату ўнёскаў? Катэгарычна — не.
  • Ці можна пазбаўляць чалавека права на каханьне? Не.
  • Што ня так з дыскурсам ЛГБТ, што ён нараджае такі супраціў?
  • Чаму мы так пужаемся заўвагаў, незадаволенасьці, пратэсту ці ўзьнятых пытаньняў. Паглядзі. Патлумач. Паспрачайся.
  • ПЭН бароніць правы чалавека. У тым ліку — права чалавека задаваць пытаньні і права памыліцца.

Сказаць па праўдзе, гэта мяне бянтэжыць і ў школе. Як толькі уздымеш на пэдсавеце сярод калегаў вострае пытаньне ці паспрабуеш аспрэчыць чарговы загад — адзіным аргумэнтам бывае такі: «Вы тут на дзяржаўнай службе, а не ў прыватнай установе. Калі што не падабаецца — трэба звальняцца, а як працуеце — то працуйце па тых правілах, якія для вас складаюць тыя, хто браў вас на працу».

Але ж — дарагія мае. Той, хто складае для мяне правілы, таксама можа памыляцца. Больш за тое: ён можа памыляцца моцна. Ці не зьяўляецца маім прамым абавязкам рэагаваць на гэта? Якая пазыцыя больш сумленная: маўчаць і грызьці пазногці, кідаць дзяцей і сыходзіць ад свайго прафэсійнага прызначэньня — альбо спрабаваць нешта зьмяніць? Прынамсі — ініцыяваць абмеркаваньне?

Я не разумею, чаму мы так пужаемся заўвагаў, незадаволенасьці, пратэсту ці ўзьнятых пытаньняў. Гэта ж як тэмпэратура на градусніку: падымаецца — значыць, недзе нешта зламалася. Паглядзі. Падкруці. Патлумач. Паспрачайся.

Гэта ж тады што будзе? Не падабаецца табе арганізацыя — звальняйся. Не падабаецца прывычка мужа раскідваць шкарпэткі — развадзіся. Не падабаецца, як добраўпарадкавалі культурную каштоўнасьць — зьяжджай з краіны. Не падабаецца жыцьцё — скачы з даху. А як зьмяняць жыцьцё да лепшага, як не знутры?

Мне баліць сытуацыя паміж Паўлам Севярынцам і ПЭНам — гэтаксама, як мне баляць шмат якія пытаньні на школьных пэдсаветах. І ляпнуць дзьвярыма і сысьці я тут не магу. З ПЭНу — таму, што ў яго і не ўваходжу. Ад Паўла — бо ён мне брат.

Ці падтрымліваю я ягоную пазыцыю адносна ЛГБТ? Катэгарычна — не. Ці падтрымліваю я — звонку, проста як назіральніца — рашэньне ПЭНа выключыць яго з арганізацыі за пратэстную нясплату ўнёскаў? Катэгарычна — не.

Але я бачу, як можна было б адрэагаваць на гэтую спрэчку. Прыкладам, накіраваць ягоныя ўнёскі на тыя справы, якія не супярэчаць ягоным рэлігійным поглядам. (Дарэчы, як было б файна, калі б і ў дзяржаве мы плацілі свае падаткі з усёй грамадзкай адказнасьцю, падзяляюючы іх па тых сфэрах, па якіх мы лічым патрэбным? Ня думаю, што гэта было б складана зрабіць у дваццаць першым стагоддзі ў IT-краіне, хаця б у некаторай частцы). Ці, прыкладам, абмеркаваць на Радзе спрэчнае пытаньне і высьветліць, які выхад бачыць для сабе пісьменьнік. Ці, прыкладам, паставіць пытаньне галасаваньнем на зьезьдзе. Прадугледзець у Статуце мэханізмы вырашэньня спрэчных пытаньняў.

І, нарэшце, падумаць: а што ня так? Што ня так з дыскурсам ЛГБТ, што ён нараджае такі супраціў? Чаму замест спакойнай, мэтадычнай працы атрымліваюцца скандалы і расьце градус абмеркаваньня ў нашым і без таго гамафобным грамадзтве? Мо, трэба нешта рабіць неяк па-іншаму? Мо, трэба падумаць, як працаваць з гэтай тэмай больш канструктыўна?

У нягнуткіх гамафобных галовах тэма ЛГБТ, як яна падаецца, выглядае барацьбой за права на сэкс. Гэта закладзена з тэрміналёгіі «гомасэксуальнасьці», гэта цягнецца чырвонай ніткай праз мастацкія тэксты, прысьвечаныя гэтаму пытаньню. Таму гамафобныя людзі ў сваіх распаленых жарсьцю аргумэнтах апэлююць да маралі і чалавечнасьці, крычаць пра бездухоўнасьць і лёгка параўноўваюць стасункі гомасэксуальных людзей з вычварэньнямі.

Але ж дыскурс ЛГБТ — гэта ня права на адзін толькі сэкс. Гэта права на каханьне. Я шмат размаўляла з гамафобнымі людзьмі. Вы зьдзівіцеся, але шмат хто зь іх не разумее, што нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя — гэта не пра сэксуальнае задавальненьне найперш. Гэта пра каханьне.

Гэта пра чалавечае права кахаць і быць каханым. Гэта пра тое, што ў кожнага з нас каханьне — найвялікшая каштоўнасьць чалавечага жыцьця — запускаецца цэлым комплексам хімічных рэакцый, якія не залежаць ані ад нашых сьвядомых памкненьняў, ані тым больш ад агітацыі і прапаганды. Проста ў кагосьці матылькі ў жываце і шчасьлівае ныцьцё пад каленкамі спрацоўвае да чалавека іншага гендэру, а кагосьці — аднаго зь ім.

Ці можна пазбаўляць чалавека права на каханьне? Не. Ці можна вырашыць праблему гомасэксуальнасьці праз сэксуальнае ўстрыманьне і іншыя эпітыміі, прыдуманыя хрысьціянскай ідэалёгіяй? Не. Ніхто ня можа забараніць чалавеку кахаць.

Ты можаш не прымаць гомасэксуальнасьці — для сябе. Гэта тваё права. Але ты ня можаш забараніць яе іншым — гэта іх права. Ты маеш права не фінансаваць пэўную прапаганду. Гэта тваё права.

Ты маеш права быць пачутым. Гэта — таксама тваё права. Ты маеш права пачуць іншых. У спакойнай, сур’ёзнай, канструктыўнай гутарцы. ПЭН бароніць правы чалавека. Ён не бароніць свой статут ці свой бюджэт. Гэта другасна. Ён бароніць правы.

У тым ліку — права чалавека памыліцца. І права задаваць пытаньні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG