Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перадала Беларусі прапановы наконт далейшай інтэграцыі. У Менску вызначаюцца


Дзьмітрый Мядзьведзеў у Дзяржаўнай Думе
Дзьмітрый Мядзьведзеў у Дзяржаўнай Думе

Беларусь атрымала прапановы ад Расеі адносна далейшай інтэграцыі ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы». Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў у часе справаздачы ўраду перад Дзяржаўнай Думай.

Ён сказаў, што цяпер Менск абдумвае, якія прапановы будуць для яго прымальнымі.

З трыбуны Дзярждумы Мядзьведзеў нагадаў, што ў гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў саюзнай дамове Расеі і Беларусі, якая зьяўляецца «падмуркам інтэграцыйнага праекту».

«Мы вядзём з нашымі калегамі і партнэрамі размову пра тое, якім чынам гэтую інтэграцыю зрабіць яшчэ больш важкай, — цытуе кіраўніка расейскага ўраду РБК. — Беларускім сябрам перададзеныя нашыя прапановы па інтэграцыі, яны вызначаюцца, што для іх ёсьць прымальным, што менш прымальным».

У сьнежні 2018 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пад выглядам глыбокай інтэграцыі Масква на самой справе хоча ўключыць Беларусь у склад Расеі.

«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі, — сказаў ён. — Я заўсёды задаю пытаньне: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне і міжнародная супольнасьць? Сувэрэнітэт для Беларусі — гэта сьвятое».

Тым ня меней, сьледам за Расеяй прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас падпісаў распараджэньне аб стварэньні сумеснай працоўнай групы, чальцы якой будуць вырашаць спрэчныя моманты ў працэсе далейшай інтэграцыі.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG