Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Паліенку накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Паліенку адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь яшчэ 10 красавіка, зьняволены дагэтуль там.

Паводле зьвестак ягонай сяброўкі Насты Гусевай, якія перадае Palitviazni.info, актывіст Зьміцер Паліенка з 10 красавіка знаходзіцца ў лякарні ў Навінках, дзе мае праходзіць судова-псыхіятрычную экспэртызу.

«Ад яго няма асаблівых навінаў, бо лісты, што піша Зміцер, мне практычна не даходзяць, — кажа Наста Гусева. — Зь дзясятка прыйшлі толькі два, а ў Навінкі і наогул пісаць нельга».

Колькі Паліенка прабудзе на экспэртызе, невядома.

Паліенку выставілі абвінавачаньні ў «асабліва злосным хуліганстве», «распальваньні сацыяльнай варожасьці» і «апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці». Яму пагражае да 10 гадоў турмы.

Паводле Гусевай, на Паліенку працягваюць заводзіць адміністрацыйныя справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і павесткі яму прыходзяць на хатні адрас «цэлымі пачакамі».

***

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка ў ягонай кватэры паводле падазрэньня ў злосным хуліганстве. Яго трымалі без выстаўленьня абвінавачаньня больш за 10 дзён.

У Сьледчым камітэце БелаПАН заявілі, што пачалі крымінальную справу паводле заявы менчука, які сьцьвярджаў, што Паліенка нібыта распыліў яму ў вочы пярцовы газ. Тэрмін утрыманьня падазронага Паліенкі пад вартай без выстаўленьня абвінавачаньня скончыўся 30 сакавіка.

Паліенка раней прабыў за кратамі больш за паўтара года. У 2016-м асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» за дзеяньні падчас ягонага затрыманьня на акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG