Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нашая бяда — псыхалёгія. Мы, аграрыі, пачынаем ныць, што нам цяжка»

абноўлена

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі», 2017 год
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі», 2017 год

У час рабочай паездкі ў Лагойскі раён 9 красавіка Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў падвысіць узровень дысцыпліны ў сельскай гаспадарцы, піша БелТА.

Ён заклікаў «у большай ступені разьлічваць на свае сілы».

«Нашая бяда — псыхалёгія, — разважаў Лукашэнка. — Мы, аграрыі, пачынаем ныць: а вось нам цяжка. Дворнік ходзіць, думае: так, сапраўды. Зразумеў становішча. Трэба ім дапамагаць. Бяжыць да мяне, мяне пераконвае. Я таксама думаю: так, трэба дапамагаць. А ён сядзіць і рукі пацірае, пасьмейваецца: вось я напружыў — мне далі. Усё, дурніца павінна быць закончаная».

Паводле БелТА, Лукашэнка меў на ўвазе новага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дворніка, прызначанага на месца Міхаіла Русага, звольненага за брудных кароваў.

Таксама Лукашэнка паставіў задачу падвысіць узровень забясьпечанасьці Менскай вобласьці мінэральнымі ўгнаеньнямі на 10% да канца году.

«Мы разумеем, хто за гэта павінен адказваць, — казаў Лукашэнка пра ўгнаеньні. — Першы віцэ-прэмʼер і прэмʼер сядзяць і лічаць грошы. Трэба напружвацца і шукаць гэтыя грошы, а рукамі разводзіць і казаць, што нельга — тады нічога і ня будзе».

Паводле Лукашэнкі, трэба «паставіць сабе задачу кроў з носа з восені ўсё пераараць». Як перадае дзяржаўны тэлеканал АНТ, Лукашэнка таксама заклікаў «працаваць з арганікай», бо ў гаспадарках, дзе не забываюць пра гэта, «ёсьць ураджай».

Акрамя таго, ён прапанаваў «дагрузіць падшэфнымі калгасамі» якія-небудзь прадпрыемствы, як то МТЗ ці «Беларуськалій».

Лукашэнка 28 сакавіка​ прызначыў новага кіраўніка Лагойскага райвыканкаму — ім стаў былы першы намесьнік старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Аляксандар Ласевіч. Лукашэнка казаў, што Лагойскі раён яго «насьцярожвае»: маўляў, даўно там ня быў, але часта пралятае над раёнам і бачыць, што Лагойск — «фактычна горад-спадарожнік Менску».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG