Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паболела жыхароў у гарадах-спадарожніках Менску, пра якія 10 гадоў гаворыць Лукашэнка?


Менск і гарады-спадарожнікі

Пра разьвіцьцё гарадоў-спадарожнікаў каля Менску Аляксандар Лукашэнка гаворыць ужо 10 гадоў, 8 гадоў дзейнічае ўрадавая праграма па разьвіцьці гэтых гарадоў. Свабода паглядзела, ці памянялі беларусы сталіцу на гарады-спадарожнікі.

З чаго ўсё пачалося

11 сакавіка Аляксандар Лукашэнка чарговым разам выказаўся пра разьвіцьцё гарадоў-спадарожнікаў Менску на сустрэчы з кіраўніком Менгарвыканкаму Анатолем Сіваком. Маўляў, годзе будаваць у сталіцы.

«У старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзеньня ў парадак Менску. І дамовіліся аб тым, што паволі, наколькі гэта атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Упершыню тэма разьвіцьця малых гарадоў гучала яшчэ ў 2008 годзе, праз два гады ўрад прыняў праграму будаўніцтва буйных жылых раёнаў для менчукоў у гарадах-спадарожніках і вынас прадпрыемстваў са сталіцы за гарадзкую рысу. Першапачаткова гаворка вялася пра 9 малых гарадоў паблізу Менску: Смалявічы, Стоўпцы, Узду, Дзяржынск, Фаніпаль, Лагойск, Рудзенск, Заслаўе, Жодзіна. У адных толькі Смалявічах меліся пабудаваць цэлы раён на 10 тысяч чалавек.​

Дык ці паболела там жыхароў за гэтыя 9 гадоў?

Сярэдні прырост насельніцтва — 11%, але ў некаторых гарадах людзей стала меней.

Горад Смалявічы атрымаў статус спадарожніка Менску ў 2010 годзе. Тады ж было вырашана пабудаваць для менчукоў адразу некалькі шматпавярховікаў. У 2009 годзе, паводле перапісу, у Смалявічах жылі 15 092 чалавекі. Праз 9 гадоў стала 16 784, то бок прырост склаў усяго 11%. За гэты ж час насельніцтва амаль двухмільённага Менску вырасла на 8%.

У Рудзенску — пасёлку гарадзкога тыпу, які таксама палічылі горадам-спадарожнікам, — насельніцтва за 9 гадоў зьменшылася на 184, або на 6%. Хоць паводле дзяржаўнай праграмы людзей там павінна было стаць на 9 тысяч болей да 2020 году. У 2009-м у Рудзенску было 2864 жыхары.

Найбольш з усіх гарадоў-спадарожнікаў прыбыло насельніцтва ў Фаніпалі — плюс 30% за 9 гадоў, сюды прыехала амаль 4 тысячы новых жыхароў. Гэты горад найбліжэйшы да Менску, тут ёсьць буйная вытворчасьць электрычак Shtadler.

У суседнім Дзяржынску насельніцтва паболела толькі на 10%, гэтаксама вырасла насельніцтва ў Стоўпцах і Заслаўі. У Жодзіне жыхароў стала болей на 4,5%, у Лагойску — на 22%.

Пакуль дзевяць гарадоў-спадарожнікаў Менску павялічыліся ў насельніцтве на 17 тысячаў жыхароў, сам Менск вырас на 145 тысячаў.

«Кошт квадратнага мэтра не кампэнсуе пакутаў»

Новая аднапакаёўка ў Заслаўі каштуе каля 40 тысяч даляраў, двухпакаёўку ў Жодзіне можна набыць за 35 тысяч даляраў. Але гэта нават не ўдвая таньней, чым у Менску. На гэта ў размове са Свабодай зьвяртае ўвагу блогер Дзяніс Блішч, які аб’ехаў некалькі гарадоў-спадарожнікаў і паназіраў за іх інфраструктурай.

«Горад-спадарожнік не дае ніякіх перавагаў. Мы пераяжджаем у такое ж Сухарава, але за 20 кілямэтраў ад сталіцы. Гэта асноўная прычына, чаму людзі ня хочуць туды ехаць. У Смалявічах, напрыклад, чатыры дамы проста стаяць на пяску на ўскрайку гораду. Ні пагуляць у парку, ні схадзіць нікуды. Няхай там жыльлё каштуе на 20% таньней, але гэта не кампэнсуе пакутаў», — кажа Дзяніс Блішч.

На яго думку, найперш для гарадоў-спадарожнікаў важна:

  • Добрае транспартнае злучэньне зь Менскам
  • Інфраструктура — паркі, месцы, дзе пагуляць
  • Прывабны кошт жыльля
  • Добрая мэдыцына і адукацыя

А на сёньня гэтага ў гарадах-спадарожніках няма, лічыць Дзяніс Блішч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG