Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўжо няздольны нават абяцаць павялічэньне даходаў, — эканаміст Чалы


Аляксандар Лукашэнка, «Вялікая размова з прэзыдэнтам».

Госьць «Інтэрвію тыдня» — эканаміст Сяргей Чалы. Ён тлумачыць, чаму нават у перадвыбарчы год заробкі ня будуць істотна падвышацца, і кажа, што для Лукашэнкі заявіць пра неабходнасьць рэформаў — гэта прызнаць, што дагэтуль ішлі ў тупік.

  • Сьцісла:
  • Магчымасьцяў для франтальнага росту заробкаў для ўсіх нават у гэты, перадвыбарчы год ужо няма.
  • Эканамічная праграма ўладаў пачынае эвалюцыянаваць у нейкі набор паказальных выпадкаў.
  • У якасьці выбарчага лёзунгу вылучаецца — «Мы ня зробім ніякіх дзеяньняў, якія прывядуць да падзеньня вашых даходаў».

Той эканомікі, якой можна «загадаць», становіцца ўсё менш

— «У Беларусі арганізацыі не выконваюць патрабаваньні па росьце заробку». Пра гэта 2 красавіка заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці рэгіёнаў. «Больш за тое, заробак яшчэ і выплачваецца ня ў час. І гэта адказнасьць прэм’ер-міністра і першага віцэ-прэм’ера», — заявіў Лукашэнка.

Мы разумеем, што ў Беларусі наступіў перадвыбарчы год, і звычайна перад выбарамі праблемаў з заробкамі не павінна быць. Бо ўлада зробіць усё, каб заробкі як мінімум выплачваліся і нават падвышаліся. Ці здолее ўлада забясьпечыць такі стабільны рост заробкаў гэтым разам, ці ёсьць для гэтага магчымасьці і палітычная воля?

— Жаданьне, канечне, ёсьць. Але мы бачым, як ня першы ўжо год не атрымліваецца «сьвятая» лічба — тысяча рублёў сярэдняга заробку. Нягледзячы на рост даходаў насельніцтва апошнія два гады — але гэта аднаўленчы рост, пасьля спаду 2015–16 гадоў.

Зь іншага боку, зьмянілася структура эканомікі ў параўнаньні з 2010 годам, калі апошні раз улады займаліся такімі рэчамі — напампоўваньнем заробку. Бо ў 2015-м выбары прайшлі ўвогуле без праграмы, без «раздачы сланоў».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Доля дзяржаўнай эканомікі, якая забясьпечвае выкананьне гэтых указаньняў, увесь час скарачаецца, і фінансавае становішча дзяржаўных прадпрыемстваў увесь час пагаршаецца. То бок той эканомікі, якой можна «загадаць» — становіцца ўсё менш. А прыватныя прадпрыемствы вымушаныя вызначаць заробак, зыходзячы з магчымасьцяў рынку працы і рынку збыту. З улікам макраэканамічнай сытуацыі цяперашні заробак мае той раўнаважны ўзровень, які толькі і можа быць.

Урад, дарэчы, калі складаў пляны на гэты год, то казаў толькі пра падвышэньне заробкаў бюджэтнікам, прычым найперш бюджэтнікам з малымі даходамі. Плюс пэнсіянэры. То бок магчымасьцяў для франтальнага росту заробкаў для ўсіх няма. Агулам кажучы, можа гэта і добра.

«Я даўно прэзыдэнт, што я вам яшчэ павінен даказваць?»

— Але ці здолее ўлада выканаць хаця б такія арыенціры? Можна ж узяць крэдыт, знайсьці дадатковыя фонды. Хіба гэта нейкая надзвычай складаная задача — падняць заробак бюджэтнікам?

— Ня так гэта і лёгка. Бо перад уладамі цяпер стаяць задачы значна больш складаныя. Гэта і выплата замежнага доўгу, дзеля чаго якраз і шукаюцца дадатковыя крыніцы, асабліва з улікам страты 400 мільёнаў даляраў у сувязі з падатковым манэўрам Расеі. Тут і агульны стан эканомікі, асабліва ў рэгіёнах, што патрабуе вялікіх уліваньняў, а гэта скарачае магчымасьці бюджэту.

Сытуацыя даволі напружаная ў гэтым сэнсе. Для ўлады ёсьць задачы важнейшыя, чым паднімаць заробкі бюджэтнікам. Нацбанк нават падвышэньне даходаў у канцы мінулага году ўжо ацэньваў як інфляцыйнае. І інфляцыя сапраўды ў першыя месяцы году паскорылася. Таму мы бачым пазыцыю Нацбанку, які выступае супраць такога эканамічна неабгрунтаванага падвышэньня заробкаў.

— Ці магчыма прадказаць, як будзе выглядаць сацыяльна-эканамічны блёк у праграме кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі?

— Цяжка сказаць. Падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка якраз прыводзіў прыклад выбараў 2015 году, калі ён перамог без усялякай праграмы. І пракамэнтаваў гэта так: маўляў, я даўно прэзыдэнт, што я вам яшчэ павінен даказваць, вы і так усё пра мяне ведаеце.

У Лукашэнкі ўсё часьцей зьяўляецца такі матыў — «вы не глядзіце на апошнія гады, затое за 25 гадоў мы пабудавалі сувэрэнную дзяржаву». Бачна, наколькі эканамічная праграма пачынае эвалюцыянаваць у нейкі набор паказальных выпадкаў.

Напрыклад, аршанскі рэгіён, дзе нейкія вынікі намаганьнямі ўсёй краіны будуць дасягнутыя — будзе абвешчаны мадэльным. Будзе сказана, што мы і астатнія гарады прывядзём у парадак. Нейкая пацёмкінская вёска — і будзе абвешчана, што гэтак стане ўва ўсіх. Але ўжо цяпер зразумела, што гэта проста ўся краіна, напружваючыся, уздымае нейкую сваю частку. І таму гэты досьвед ня можа быць распаўсюджаны на іншыя рэгіёны.

Для Лукашэнкі заявіць пра неабходнасьць рэформаў — прызнаць, што дагэтуль ішлі ў тупік

— Як можа выглядаць «намэнклятурная» тэма? У Баранавічах Лукашэнка заявіў, што «ня трэба зацягваць паясы». Здавалася, што выбарчая кампанія павінна прайсьці ў адносна спакойным рэчышчы. Але потым дзякуючы нямытым каровам зьявіліся публічна зьняважаныя і зьнятыя чыноўнікі — якія, аднак, даволі хутка былі пастаўленыя на новыя пасады. Як падчас выбарчай кампаніі будзе выглядаць «карупцыйны» складнік?

— Дарэчы, заява «ня трэба зацягваць паясы» паказвае, што Лукашэнка ўжо няздольны нават абяцаць павелічэньне даходаў, а ў якасьці лёзунга вылучаецца — «мы ня зробім ніякіх дзеяньняў, якія прывядуць да падзеньня вашых даходаў». Пад такімі «дзеяньнямі» разумеюцца любыя эканамічныя рэформы, якімі палохае насельніцтва Лукашэнка.

Каб патлумачыць, чаму ж даходы не растуць, выкарыстоўваецца рыторыка, што ўсе неабходныя рашэньні Лукашэнка ўжо прыняў, тры дырэктывы падпісаў — засталося толькі ўсё гэта выконваць. Але чаму не выконваецца? — бо ёсьць валакіта і безгаспадарчасьць. І гэтая песьня будзе трансьлявацца ў выбарчы пэрыяд. Маўляў, ён зрабіў усё, што мог, і ўсё, што патрэбна, але на месцах кепскія выканаўцы гэта ўсё сабатуюць.

— У прэсе даволі актыўна прагучалі вынікі дасьледаваньняў, паводле якіх беларусы становяцца ўсё большымі рыначнікамі. Чаму Лукашэнка, ведаючы пра гэтыя зьмены ў грамадзкай думцы, ня хоча на іх рэагаваць?

— З той простай прычыны, што ён ня можа даць справаздачу за апошнія 10 гадоў. У нас жа гэта страчанае дзесяцігодзьдзе, 500 даляраў заробак быў тады, і цяпер яго яшчэ не дасягнулі. Пры тым, што пакупніцкая здольнасьць даляра ўпала. Эканамічны рост за апошнія 5 гадоў на нулі.

Мэдыянныя заробкі ў Беларусі па абласьцях, лістапад-2018
Мэдыянныя заробкі ў Беларусі па абласьцях, лістапад-2018

Таму яму самому ня вельмі цікавыя нейкія інавацыі. Калі ты надта доўга ва ўладзе — пачынаеш думаць пра сябе як пра гістарычную фігуру. І ўсе праекты, якія рыхтуюцца афіцыйнай прапагандай з сэрыі «25 гадоў беларускай дзяржаўнасьці» (якая чамусьці адлічваецца з 1994 году) — усе яны кажуць: «А давайце паглядзім на доўгі гарызонт».

І для Лукашэнкі зараз прызнаць неабходнасьць рэформаў — гэта прызнаць, што дагэтуль ішлі ў тупік. Ці, прынамсі, у няправільным кірунку. А чым даўжэй чалавек пры ўладзе, тым больш складана яму казаць, што ранейшы шлях быў у няправільным кірунку. Адсюль і ягоныя адказы, што ніякіх стратэгічных памылак не было, што ніякіх рэформаў не патрэбна — а трэба, каб кожны на сваім месцы рабіў сваю працу. Але гэта няпраўда, бо праблема ў нас сыстэмная. І чым далей, тым больш складана яму будзе думаць пра рэформы, бо вобразу будучыні няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG