Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнізілі акцызы на паліва меней, чым зьбіраліся. Што гэта значыць?


Акцыз ня тое самае, што цана на бэнзін — ён складае 10–20% ад той цаны, якую кіроўца бачыць на запраўцы. І акцызы засталіся ніжэйшымі, чым былі летась.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ (PDF) аб зьмене акцызаў на аўтамабільнае паліва ад 15 сакавіка. Новыя лічбы вызначаныя на 31 сьнежня 2019 году.

Новыя стаўкі ніжэйшыя, чым былі ў 2018 годзе. Але раней улады зьбіраліся зьнізіць акцызы на 25% для бэнзіну і дызэльнага паліва і не мяняць акцызы на біяпаліва і газ.

У выніку акцыз на бэнзін клясы 5 зьнізілі на 13%, на астатні бэнзін — на 18%, на дызэльнае паліва клясы 5 — на 3,3%, на іншы дызэль — на 9%. Акцыз на прыродны газ падвышаны ўдвая, роўна на 100%.

Якая сувязь паміж акцызам і цаной бэнзіну

Акцыз — гэта ўскосны падатак на тавары, якія вырабляюцца ўнутры краіны (дзяржава накладае акцызы таксама на алькаголь і тытунёвыя вырабы), і ён накладаецца на канчатковую цану, апроч падаткаў. Паводле падлікаў сайту Zaprauka.by, акцыз складаў у 2017 годзе каля 11% цаны дызэльнага паліва, каля 16% АІ-98, каля 18,5% — АІ-95 і каля 20% — АІ-92. Падатак на даданую вартасьць складаў 16,67% цаны, а прыбытак заправак — ад 7% да 14%.

Гэта значыць, паліва можа патаньнець на «дзясятую частку пятай часткі» цаны — гэта каля 2%. Ды цэны на бэнзін не прывязаныя наўпрост да акцызаў. Іх вызначае паводле сваіх унутраных разьлікаў дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» (які, як паказала практыка, можа падпарадкавацца вуснаму распараджэньню Лукашэнкі).

«Белнафтахім» пакуль не абвяшчаў новых цэнаў — апошні раз паліва даражэла 17 сакавіка на 1 капейку. Гэта чацьвёртае з пачатку году падаражаньне на капейку. За мінулы год праз такія падаражаньні цана паліва павялічылася на 24–27 капеек, то бок больш як на 20%.

Чаму панізілі, але не на 25%?

З чым зьвязанае «недазьніжэньне» акцызу, не паведамляецца. Але вядома, што ў сярэдзіне мінулага году Міністэрства фінансаў дапускала нават поўную адмову ад акцызаў на паліва, каб кампэнсаваць страты ад расейскага падатковага манэўру беларускім нафтаперапрацоўчым заводам і «дзеля захаваньня прымальнага для эканомікі і насельніцтва ўзроўню розьнічных цэнаў на паліва». Страты ад такога кроку для бюджэту тады ацанілі ў 0,7% ВУП.

Эканаміст Яраслаў Раманчук сказаў Свабодзе, што ня бачыць нічога незвычайнага ў зьмене плянаў адносна акцызаў: маўляў, «палічылі, паплакалі і пералічылі» акцызы ў сувязі са стратамі ад падатковага манэўру.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG