Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму я ня веру ў праваслаўны фэмінізм


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Вера Сярдзюк, пралайферка, дырэктарка цэнтру «Матуля», якая нярэдка спасылаецца на Біблію і падкрэсьлівае, што галоўны ў сям’і — мужчына, раптоўна назвала сябе фэміністкай.

Зрэшты, зьмястоўна ў яе рыторыцы нічога не зьмянілася: яна ўсё так жа супраць абортаў, выказваецца пра каштоўнасьць цнатлівасьці, падтрымлівае працоўную дыскрымінацыю жанчын. Проста тое, што раней актывістка называла традыцыяналізмам, цяпер яна вырашыла перайменаваць у фэмінізм.

Пры гэтым, што характэрна, яна заяўляе, што ў палітыку яна ня ўмешваецца, бо ўзаеміны з мужчынамі трэба вырашаць бязь яе (палітыкі). Гэткая апалітычная праваслаўная фэміністка, якая лічыць аборт грахом.

Але гэта ўсё на самой справе, на маю думку, ня мае аніякага дачыненьня да фэмінізму. Я ня ведаю, зь якімі мэтамі Вера Сярдзюк вырашыла пагуляцца з тэрміналёгіяй, але ведаю дакладна, што ўсе гэтыя мэты выключна палітычныя. Сама яна, можа, ня робіць абортаў, не карыстацца прэзэрватывамі, пазьбягае гарманальнай кантрацэпцыі і не займацца «цяжкай фізычнай працай». Але актывістцы гэтага мала, ёй трэба, каб аналягічны выбар у жыцьці рабілі ўсе астатнія жанчыны. І гэта палітычная заява ў чыстым выглядзе.

Фэмінізм — гэта для жанчын і пра жанчын

Гэта такая спроба заявіць, што любыя погляды жанчыны мусяць шанавацца фэміністкамі, а калі не шануюцца, дык гэта няправільны фэмінізм і ўвогуле дыскрымінацыя? Стары, стары маніпуляцыйны мэтад. Мы ня мусім шанаваць тое, што прыніжае нас і пагаршае нашае жыцьцё.

Ня мусім даваць іншым права распараджацца нашымі сямейнымі і кар’ернымі магчымасьцямі, ня мусім дазваляць іншым абмяжоўваць нас у правах. Нават калі гэтыя іншыя — жанчыны.

У фэмінісцкіх колах нярэдка бываюць спрэчкі, і ў шэрагу аспэктаў нашыя меркаваньні могуць разыходзіцца, але ёсьць так званы базавы набор каштоўнасьцяў, які падзяляюць усе фэміністкі. Гэтыя каштоўнасьці складаюць сутнасьць фэмінізму, які, дарэчы, ёсьць нішто іншае, як палітыка. І Вера Сярдзюк не «трапляе» ні ў адну з гэтых каштоўнасьцяў.

Немагчыма называцца фэміністкай і адмаўляць жанчыне ў праве распараджацца сваім целам, выступаць за абмежаваньне ў працоўных правах і заяўляць, нібыта ў жанчын ёсьць нейкая «жаноцкасьць» як інструмэнт уплыву на мужчын, а ў Беларусі пануе матрыярхат. Гэта прыблізна тое ж самае, як калі я назаву сябе праваслаўнай актывісткай і дадам, што Бога на самой справе няма. Альбо назавуся вэганкай і буду пра гэтым расказваць пра неабходнасьць жывёльных бялкоў у рацыёне. Такія заявы выглядаюць абсурдна.

І апошняе: Вера, перад тым, як у наступны раз вырашыце назваць сябе фэміністкай, узгадайце, калі ласка, што фэмінізм — гэта для жанчын і пра жанчын. А любіце вы мужчын ці ненавідзіце, ня мае да гэтага абсалютна аніякага дачыненьня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG