Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ружовая кашулька і лялька зробяць з хлопчыка гея? Дыскусія пра гендэрна нэўтральнае выхаваньне


Ілюстрацыйнае фота.

Кухонны посуд для хлопчыкаў і машынкі для дзяўчынак. Ружовае і хакі для ўсіх. Як выхоўваць дзетак бяз гендэрных стэрэатыпаў? Сваім досьведам дзеляцца арганізатарка праекту «Падворкі» і маці дзьвюх дачок Наста Базар, мадэльерка і маці 8-гадовага сына Рэгіна Ждановіч, бугальтарка і маці дваіх дзяцей Натальля Кузьняцова, журналістка і маці трох дзетак Алена Шчарбінская.

Чатыры асноўныя парады

  • Наста Базар: Гэта эмпатыя. Трэба ведаць, хто я і чаго хачу, пры гэтым паважаць межы іншых і свае. Патрэбнае крытычнае мысьленьне, каб любы факт паставіць пад сумнеў.
  • Рэгіна Ждановіч: Трэба вучыць хлопчыка разумець свае эмоцыі і правільна выказваць сваю агрэсію, бо агрэсія, як эмоцыя, была, ёсьць і будзе.
  • Натальля Кузьняцова: У вайну хлопчыкам гуляцца ня трэба. Натуральным чынам чалавек ніколі не пачне гуляцца ў вайну, калі ён гэтага ня бачыць навокал.
  • Алена Шчарбінская: Трэба пачынаць зь сябе. У сям’і, дзе бацькі ўмеюць наладзіць нармальны кантакт паміж сабой, дзяцёнак ня вырасьце зь нейкімі маральнымі адхіленьнямі.

Чаму ня трэба казаць «ты ж дзяўчынка, будзь прыгожай і асьцярожнай» ці «ты ж хлопчык, ня мусіш плакаць»?

Рэгіна Ждановіч. Фота Нэлі Шчаснай.
Рэгіна Ждановіч. Фота Нэлі Шчаснай.

Рэгіна Ждановіч: У мяне Макс яшчэ не навучыўся хадзіць, а ўжо сядзеў на падлозе і гатаваў у рондалі супчык ці кашу і ўсіх частаваў. Гэты інтарэс захоўваецца дагэтуль. Калі мы ідзем у дзіцячую краму, то ён заўжды просіць купіць яму кухню, пліту альбо нейкія іншыя прыстасаваньні, зьвязаныя з бытавой тэхнікай. Я ніколі не лічыла патрэбным яму адмаўляць у гэтым, таму што гэта яму цікава. Заўжды арыентавалася на ягоныя інтарэсы. Калі ён хацеў пакалыхаць нейкую ляльку, пакласьці яе спаць — калі ласка. Дагэтуль любіць гуляцца ў кавярню, гатаваць ежу. Мы ўсе павінныя прайсьці праз пэўныя зацікаўленасьці ў жыцьці, гэта нармальна.

Анастасія Базар. Фота Алены Ліс.
Анастасія Базар. Фота Алены Ліс.

Наста Базар: Усё пачалося з маёй адукацыі, з разуменьня таго, што такое гендэрная нэўтральнасьць і які гэта дае ўплыў. Стэрэатыпы адыгрываюць вельмі дрэнную ролю. Я гэта адчула больш за ўсё ў мацярынстве. Ёсьць толькі вельмі прыгожы бок мацярынства, які паўсюль прапагандуецца, але ніхто ня кажа, што ў той жа час гэта цяжкі і вельмі ня проста.

У нашым грамадзтве недастатковая роля бацькі. Я ведаю шмат гісторый, калі мужчыны нават хочуць быць добрымі бацькамі, але ня могуць, бо гэта ж — не мужчынская справа. Я арыентуюся на гендэрна нэўтральнае выхаваньне дзеля маіх дзяўчынак. Я кажу ім пра тое, што ты не абавязаная быць расчэсанай, ціхай і гэтак далей. Безумоўна, ёсьць нейкія правілы паводзінаў. У грамадзкім транспарце мы не крычым, але не таму, што «ты ж дзяўчынка», а таму, што гэта — норма паводзінаў. І, канешне, няма ніякіх асаблівасьцяў у выбары колераў адзеньня альбо цацак. Што мае дзеці хочуць, тое я ім купляю. Малодшая доўгі час вельмі любіла машынкі, у яе не было лялек, і для мяне гэта не было ўвогуле пытаньнем.

Натальля Кузьняцова
Натальля Кузьняцова

Натальля Кузьняцова: Я ніколі не выбірала, як мне гадаваць дзяцей, і ніколі ня думала, што гэта будзе гендэрна нэўтральнае выхаваньне. Для мяне гэта было натуральным, што ня можа быць розных каштоўнасьцяў для жанчыны і мужчыны. Мне вельмі пашанцавала мець дзяцей аднолькавага ўзросту (двайняты) і розных палоў. І хлопчык, і дзяўчынка ад самага нараджэньня мелі розныя цацкі, якія ім дарылі ці набывалі. Яны заўсёды маглі выбіраць, ці гуляцца ў клясычныя цацкі для дзяўчынак ці ў клясычныя цацкі для хлопчыкаў. У мяне была магчымасьць рабіць маленькі экспэрымэнт. Было цікава назіраць, што навязваецца грамадзтвам, а што дзеткі выбіраюць самі. Зараз стала трошку складаней, бо дзеці ходзяць у садок, а там прынята, што хлопцы сябруюць з хлопцамі, дзяўчынкі зь дзяўчынкамі.

​Але мае дзеці ўжо больш дарослыя і задаюць пытаньні. Мы размаўляем пра розныя прафэсіі, і я расказваю, што ў старажытнасьці былі прафэсіі, якія маглі сабе выбіраць толькі мужчыны, напрыклад, быць прэзыдэнтам. Дзеці сьмяюцца, не разумеюць, чаму гэта так. Я кажу, давайце паразважаем. Што ў дзяўчынак і ў хлопчыкаў рознага? Розныя палавыя органы, дарослыя мужчыны звычайна больш моцныя за жанчын, і гэта ніяк не ўплывае на тое, ці можа чалавек быць прэзыдэнтам. Таму дзеці сьмяюцца.

Самае дрэннае ў выхаваньні хлопцаў, гэта выказваньні пра мужчын, якія ня плачуць. Малыя дзеці не разумеюць, чаму дзяўчынка можа плакаць, а хлопчык ня можа. Таму нашы мужчыны маюць вялікія праблемы з эмпатыяй, яны трымаюць эмоцыі ў сабе. Адсюль, я лічу, і хатні гвалт ідзе, калі не фізычны, дык псыхалягічны. Але ня так важна, якія цацкі, больш важна, што дзеці бачаць вакол сябе. Колькі б мама не выхоўвала дзяцей нэўтральна, ніякага сэнсу ня будзе, калі дзеці бачыць, што яна робіць усе хатнія справы, падносіць ежу мужу, саступае яму. Патрабуецца больш добрых прыкладаў і роўнасьці ў дарослым жыцьці.

Алена Шчарбінская
Алена Шчарбінская

Алена Шчарбінская: Мой сын сам стаў выбіраць дзявочыя цацкі, калі яму было два гады, мог папрасіць ружовую кашульку, і я ня бачыла ў гэтым ніякіх праблем. Адпаведна ўсё пайшло па накатанай, мы куплялі, ён гуляўся. Потым нарадзілася дачка, і яна стала гуляцца зь нейкімі хлапчуковымі цацкамі. Цяпер у нас трое дзяцей, і ўсе яны гуляцца з рознымі цацкамі, і ніякіх праблем я ў гэтым ня бачу.

Дакладна гэтак жа і з адзеньнем, з выказваньнямі пра тое, што дзяўчынка павінна быць прыгожай... Шчыра кажучы ўжо і ня ведаю, што кажуць дзяўчынкам, бо я гэтага не гавару гэта сваёй дачцэ. Гэтак жа ў нас забаронена казаць «хлопчыкі ня плачуць». Лічыцца, што нібыта потым вырасьцім нэўрастэніка. Але гэта зусім ня так. Зараз трэба разьбірацца зь дзіцячым садком, бо там ёсьць пэўныя гендэрныя адрозьненьні, і дзецям складана. Сын можа прыйсьці з саду і сказаць, што зь дзяўчынкамі ён гуляць ня будзе. Пакуль я шукаю шляхі выхаду з гэтай сытуацыі.

Якія зьмены вы б прапанавалі ў дзіцячых садках, у школьнай праграме, у напісаньні казак ды іншых сфэрах?

Наста Бахар: Я — прыхільніца альтэрнатыўнай адукацыі. Як у маці, якая не вадзіла дзяцей у садок і ня водзіць у школу, у мяне надта шмат пунктаў, што б я прапанавала зьмяніць у садочку і ў школе. Шчыра, мне прасьцей проста туды не вадзіць дзяцей, бо я шмат з чым не пагаджаюся. Мы спрабавалі вадзіць дачок у беларускамоўную групу ў садку. Аднойчы я прыйшла ўпрыгожваць групу да Новага году і пачала гуляцца зь дзецьмі. І мяне парадавала, што ў дзяцей яшчэ няма ў галовах стэрэатыпаў. Хлопчыкі мне прыносілі пірожныя, гулялі ў кавярню, адна дзяўчынка сказала «зараз я табе парэжу жывот, я хірург», потым нехта мне рабіў фрызуру, дзяўчынкі мяне прычэсвалі, а хлопчыкі сушылі фэнам...

Спачатку мы даем хлопчыкам канструктары, рэчы, якія разьвіваюць сыстэмнае мысьленьне, а потым кажам, што дзяўчынкі не разумеюць матэматыку. Можа тады варта зь дзяцінства пачынаць разьвіваць хлопчыкаў і дзяўчынак аднолькава? Я бы мяняла падыход, я б не дзяліла на чыста дзявочыя і хлапечыя справы. Зрабіўшы драўляную сьцяну ў сваім доме, я разумею, што больш хацела б на дзень народзінаў цыркулярную пілу, чым срэбнае ўпрыгожваньне, таму што яна мне больш патрэбная ў доме, дзе я раблю рамонт. І я вучу гэтаму дзяўчат.

Я даведалася, што ў 9-11 клясах уводзяць такі прадмет, як сямейнае плянаваньне ці нешта такое, у якім вельмі шмат прапісана «асаблівасьцяў псыхафізіялягічнага разьвіцьця мужчыны і жанчыны». З аднаго боку клясна ведаць, як знаходзіць кампраміс у сям’і, але пры гэтым вельмі шмат увагі надаецца менавіта розьніцы паміж хлопчыкамі і дзяўчатамі. Як выбраць сужэнца? Як стаць бацькам? То бок быць маці — гэта само сабой павінна...

Рэгіна Ждановіч: У мяне хлопчык ужо на машынцы ўмее шыць і вышывае побач са мной. Я не лічу, што швачка, напрыклад, гэта нейкая гендэрная прафэсія. У той жа час сын з татам нешта пілуе і паяе. Ён атрымлівае і такія, і такія заняткі, і мы ніколі не падкрэсьлівалі, што яны маюць нейкую гендэрную арыентаванасьць. Я разумею, што ён усё роўна ў школе сутыкнецца з гэтым, і ў жыцьці з гэтым сутыкнецца, таму што грамадзтва ў нас застаецца кансэрватыўным. Але калі ён будзе бачыць, што ў доме ён можа займацца і тым, і гэтым, то ён будзе мець шырэйшыя погляды на жыцьцё, больш дэмакратычныя.

Важна падкрэсьліць, што «мужчыны ня плачуць» — проста непрымальна для мяне і маіх стасункаў з сынам. Эмпатыя выхоўваецца зь дзяцінства. Як маці рэагуе на дзіцячыя эмоцыі, як яна тлумачыць дзіцяці ягоныя эмоцыі, так ён сам іх усьведамляе.

Натальля Кузьняцова: Мне больш за ўсё шкада хлопцаў, таму што яны ў горшым становішчы. Хлопцам цікава і шыць (як я са сваімі дзеткамі), і вязаць. Сьмяемся разам, вучымся. Атрымліваецца, што ў грамадзтве дзяўчынкам больш усяго дазволена, бо яны могуць быць піратамі, пажарнымі, для іх абсалютна нармальна насіць штаны, а хлопцам нібыта ўжо няправільна гуляцца ў прынцэс. Мае дзеткі гуляюцца і ў прынцэс разам... Чаму хлопцы павінны быць у нейкім прыніжаным стане?

Дзеці Натальлі Кузьняцовай
Дзеці Натальлі Кузьняцовай

Што тычыцца падрыхтоўкі да шлюбу і гэтага курсу сямейнага выхаваньня ў школе, то я лічу, што гэта можа быць і дрэнна для псыхалягічнага стану ўжо дарослых людзей. Дзяўчынак рыхтуюць з маленькага ўзросту, што яны будуць нечымі жонкамі, што яны народзяць дзяцей. Сьвет зьмяніўся. Гэта зусім неабавязкова, і гэты ціск грамадзтва можа нават пагоршыць жыцьцё дзяўчынкі, а потым дарослай жанчыны. Яна не мусіць адчуваць ціск, што яна павінна мець сям’ю, выходзіць замуж і так далей. Патрыярхальнае суіснаваньне людзей зьменіцца, і гэта пытаньне часу. Людзі будуць жыць разам неяк інакш, як партнэры, ці ўвогуле, можа, ня будуць разам жыць. Але сям’і ў такім патрыярхальным выглядзе, дзе мужчына займаецца аднымі рэчамі, а жанчына іншымі, ужо ня будзе.

Дзяцячы пакой у кватэры Алены Шчарбінскай.
Дзяцячы пакой у кватэры Алены Шчарбінскай.

Алена Шчарбінская: Рыба гніе з галавы. Праблема ў кансэрватыўным грамадзтве, у падыходах да жанчын і мужчын. Пакуль існуюць сьпісы забароненых для жанчын прафэсій (а яны ў нас існуюць і аб’ёмныя), складана змагацца за гендэрную роўнасьць, калі жанчыну ня ставяць на адну і тую ж прыступку з мужчынам. Я да гэтага пытаньня падыходжу глябальна і лічу, што трэба знаходзіць шляхі і маленькімі крокамі мяняць грамадзтва, і потым ужо прыйдзем да садкоў і школаў.

Цалкам паслухаць 30-хвілінную дыскусію можна тут:

Дыскусія ў Фэйсбуку: Ці можна «перанакіраваць» сэксуальную арыентацыю ў дзяцінстве, купляючы хлопчыку ружовыя кашулі?

Напярэдадні запісу перадачы «Толькі жанчыны» у Фэйсбуку адбылася дыскусія пра гендэрна нэўтральнае выхаваньне, у якой адныя дзяліся сваім досьведам, а другія выказвалі асьцярогі, што купляючы лялькі і посуд хлопчыкам, можна «перанакіраваць» сэксуальную арыентацыю.

Прапануем некалькі цытатаў:

  • А навошта купляць сыну лялькі, калі ён зь ім не гуляе?
  • Парушэньне палавой ідэнтыфікацыі ў дарослым узросьце ў большасьці выпадкаў праяўляецца зь дзяцінства. І тут пытаньне — ці гэта зьвязана патрабаваньнямі самога дзіцяці купляць яму такія цацкі і рэчы, ці гэта фармуецца пад уплывам бацькоў?
  • Машынкі, відаць, ва ўсіх дзяўчынак ёсьць, а вось кухонны посуд у хлопчыкаў, пэўна, радзей...
  • У малога чырвоная куртачка. Была вельмі зьдзіўленая рэакцыяй людзей «ой, якая ў вас дзяўчынка». Ужо ня толькі ружовы, але i чырвоны асацыюецца выключна з дзяўчынкамі?
  • Я дачцэ ляльку купіла аднойчы і то таму, што лялька была вельмі прыгожая, у мяне такой у дзяцінстве не было. На што яна праз тры хвіліны зрэагавала: «Лепей бы ты мне машынку купіла».
  • У мяне ўнук з унучкай разам гуляюць і ў лялькі, і ў машынкі. І нават пераапранаюцца адна ў хлопчыка, другі — у дзяўчынку. Але соцыюм цісьне. Унук у трэцяй клясе задумаўся, ці варта напранаць фіялетова-ружаватую кашулю, а ўнучка на камізэльку нібыта хлапечага крою абурана ўзмахнула рукамі: «Тое ж зусім не для дзяўчынак!». У гэтым пытаньні сямʼя й грамада патрапляюць у нязбыўную сытуацыю супраціву.
  • Мабыць, нешта пайшло ня так з гендэрнымі стэрэатыпамі. Мая дачка (дванаццацігадовы падлетак) на маю прапанову весьці сябе як дзяўчына, адказала, што ў душы яна — сантэхнік Вася. Адчапіся, мамка, са сваімі спаднічкамі і "вядзі сябе, як лэдзі"😀
  • Сын захапіўся бісерапляценьнем... Чаго толькі не наслухалася!

Ці ёсьць сувязь паміж ролевай мадэльлю і парушэньнем палавой ідэнтыфікацыяй

Наста Базар: Гэта бомба. Мяне гэтае пытаньне настолькі ўскалыхнула. Насамрэч тут закапаны клад. Страх гендэрна нэўтральнага выхаваньня мае пад сабой тое, што людзі проста элемэнтарна баяцца гендэрнай нэўтральнасьці, таму што большасьць уяўляе яе як аднаполыя стасункі. І самае галоўнае тады што? Хто будзе нараджаць? Для мяне гэта настолькі дзіўна... Я ня ведаю, наколькі верная гэтая статыстыка, але з таго, што я вывучала, то каля 80% людзей насамрэч бісэксуальныя, і толькі 10% людзей насамрэч гомасэксуальныя, і толькі 10% — гетэрасэксуальныя. І гэта заўсёды было і ёсьць.

Заўсёды гомасэксуальнасьці будзе меней. Мы ня вымрэм у любым разе. Я ведаю шмат аднаполых параў, якія хочуць дзяцей. Неабавязкова быць у традыцыйным выглядзе сям’і, каб хацець дзяцей. Я на гэты момант разьведзеная, не пляную больш выходзіць замуж, не пляную больш стасункаў, але я хачу яшчэ дзяцей. І калі я фінансава стану на ногі, то з задавальненьнем нараджу сабе дзіцёнка і буду выхоўваць яго ці яе.

Я выступала на адной з «жывых бібліятэк» у якасьці кніжкі «Фэміністка» пра фэмінізм. Адзін з мужчын у мяне ціхенька спытаў, як вы адкажаце мне на пытаньне, што фэміністкі — збольшага лесьбіянкі? Я адказала: «Я ведаю як фэміністак-лесьбіянак, так і лесбіянак-нефэміністак, тут увогуле ніякай карэляцыі я ня бачу».

Рэгіна Ждановіч: Гомасэксуальныя людзі вырасталі ва ўсе часы, незалежна ад таго, як іх выхоўвалі. Я для сябе я даўно вырашыла, што які б мой дзяцёнак ня вырас, я яго прымаю. Гэта маё дзіця, і гэта ягоны выбар, зь якім я змагацца не зьбіраюся. Проста такія рэчы адразу заўважныя, куды чалавек мае арыентацыю, і змагацца з гэтым бессэнсоўна. А калі гэта выклікае дыскрымінацыю такіх людзей у грамадзтве, то мне вельмі сумна ад таго, што ў нас гэта ёсьць.

Натальля Кузьняцова: Ня ведаю, як можна ўвогуле адказваць на такое цемрашальства. Спрачацца няма сэнсу. Для нармальнага чалавека відавочна, што гэтыя рэчы не зьвязаныя. Мне сумна ад таго, што людзі вераць, што ёсьць нейкая залежнасьць. Напачатку 20-га стагодзьдзя баяліся, што жанчыны пачнуць насіць штаны, потым прыйдуць да ўлады, пачнуць прыніжаць мужчын ці ўсе лесьбіянкамі стануць. Поўнае глупства. Яшчэ мне вельмі сумна, што людзей пужае менавіта гомасэксуальнасьць. Не пужае агрэсія, тое самае глупства не пужае, а пужае «няправільнае» каханьне, хоць па сутнасьці, якая розьніца, каго чалавек будзе кахаць, галоўнае ж, каб ён любіў, кахаў, быў свабодны ўнутры.

Алена Шыбінская: Банальны стэрэатып, які пад сабой ня мае ніякай навуковай базы, ані дасьледаваньняў, што цацкі ці ружовая вопратка можа неяк зрабіць з хлопчыка гея. Гэта ня больш чым стэрэатып, які ў нашым кансэрватыўным грамадзтве вельмі ўкараніўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG