Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад партыйнай намэнклятуры да катавальні «Талібану». Аўганец пра ратавальны Менск, цынічную Маскву і выбуховы Кабул


Абдул Зухур Размджо (зьлева) за інтэлектуальнай гульнёй, 1985 год
Абдул Зухур Размджо (зьлева) за інтэлектуальнай гульнёй, 1985 год

Да 30-х угодкаў вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, які завершыўся 15 лютага 1989-га, Свабода падрыхтавала сэрыю публікацый, дзе сваім досьведам падзяліліся беларускія ўдзельнікі тагачасных падзеяў — шарагоўцы, афіцэры, дарадцы.

А як 10-гадовую прысутнасьць «шураві» ацэньваюць аўганцы, якія дагэтуль не атрымалі абяцаных спакою і стабільнасьці? Распавядае намесьнік старшыні партыі нацыянальнага адзінства Аўганістану «Пайванд-Е-Мільлі» Абдул Зухур Размджо. Ён — колішні чалец Палітбюро ЦК кіроўнай Народна-дэмакратычнай партыі Аўганістану (НДПА), першы сакратар Кабульскага гаркаму партыі. У канцы 1990-х вымушаную эміграцыю сумясьціў з вучобай у асьпірантуры Беларускай політэхнічнай акадэміі.

Хлопец гуляе каля рэштак савецкага танка на ўскраіне Кабула, вясна 2018 году
Хлопец гуляе каля рэштак савецкага танка на ўскраіне Кабула, вясна 2018 году

Пра што згадаў Абдул Зухур Размджо

  • Як у 30-гадовым узросьце малады партыец узначаліў Кабульскі гаркам партыі
  • Супраца з партыйным дарадцам зь Віцебску Іосіфам Навумчыкам
  • Што стала з чальцамі НДПА пасьля прыходу да ўлады рэжыму талібаў
  • Пра ўцёкі праз Пакістан у Расею і прытулак у асьпірантуры ў Менску
  • Навошта ягоная партыя «Пайванд-Е-Мільлі» удзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі-2019

Больш за 70 палітычных партый, кожная імкнецца да ўлады

35-мільённы Аўганістан рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Першапачаткова яны былі прызначаныя на красавік 2019 году, аднак з улікам тэхнічных праблемаў пры падліку галасоў падчас леташняй парлямэнцкай кампаніі і позьняй рэгістрацыі кандыдатаў тэрмін перанесены на 20 ліпеня. Акрамя таго, каб зьнізіць напружанасьць у грамадзтве, цэнтральныя ўлады разьлічваюць да канца вясны заключыць мірнае пагадненьне з галоўнай апазыцыйнай сілай — рухам «Талібан».

Абдул Зухур Размджо, нашыя дні
Абдул Зухур Размджо, нашыя дні

Як расказаў Свабодзе Абдул Зухур Размджо, палітычная актыўнасьць у краіне зашкальвае: усе стаміліся чакаць, калі на шматпакутнай зямлі нарэшце ўсталююцца мір і згода. Зрэшты, клянавая разрозьненасьць і адсутнасьць кансэнсусу не даюць вялікіх падставаў для аптымізму:

«У Аўганістане афіцыйна зарэгістраваныя 72 палітычныя партыі, ня кажучы пра шматлікія рухі, якія легалізавацца і не намагаюцца. І ўсе хочуць, каб іх было чуваць, каб іх меркаваньне было ўлічанае. Вядома, людзі чакаюць, што стане лепш, што скончыцца вайна, што краіна пойдзе шляхам прагрэсу. Звычайныя мары: каб была праца, каб расла эканоміка, каб не баяліся дзеці. Але пакуль складана: і ўнутры дзяржавы ёсьць праблемы, і зьнешнія сілы ўплываюць. Тым ня меней, жыцьцё працягваецца і аўганцы спадзяюцца на цуд».

Партыя нацыянальнага адзінства гэтаксама не зьбіраецца заставацца ўбаку. Абдул Зухур Размджо кажа, што ў сілу паважнага ўзросту іх лідэр Саід Мансур Надэры сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта не вылучае, аднак падзеліцца багатым досьведам з годнымі аднапартыйцамі. У свой час Надэры атрымаў у спадчыну ад бацькі «тытул» кіраўніка ісмаілітаў — сукупнасьць рэлігійных шыіцкіх рухаў бярэ пачатак яшчэ ад VIII стагодзьдзя.

Кабул пад сьнегам, люты 2019-га
Кабул пад сьнегам, люты 2019-га

Адныя шкадуюць пра «шураві», іншыя радуюцца сыходу акупантаў

Падчас праўленьня прэзыдэнта Хафізулы Аміна, якога з дапамогай савецкіх спэцназаўцаў у сьнежні 1979 году замяніў Бабрак Кармаль, тры браты Саіда Мансура былі забітыя, сам ён апынуўся ў турме. Пры новай уладзе стаў чальцом Рэвалюцыйнай рады ДРА, але з устанаўленьнем у сярэдзіне 1990-х радыкальнага рэжыму «Талібана» выехаў ва Ўзбэкістан.

Вярнуўся пасьля нэўтралізацыі талібаў натаўскімі войскамі, працягнуў палітычную дзейнасьць. Паводле Абдул Зухура Размджо, практычна на ўсіх выбарах апошняга часу «Пайванд-Е-Мільлі» мае вырашальны голас.

Ускраіна Кабулу, сярэдзіна 1980-х
Ускраіна Кабулу, сярэдзіна 1980-х

«Цяперашнюю сытуацыю аналітыкі часьцяком параўноўваюць акурат з тым часам, калі з Аўганістану выходзілі савецкія войскі, а неўзабаве падаў у адстаўку доктар Наджыбула, — працягвае Абдул Зухур. — Тады настолькі абвастрыліся рознагалосьсі паміж палітычнымі і этнічнымі групоўкамі, што перамовы аб замірэньні і спыненьні агню вялі з прыцягненьнем суседніх краінаў і міжнародных арганізацый. Таму народ хвалюецца, каб на фоне высьвятленьня адносінаў зноў не прапусьціць прышэсьця талібаў. Вось і варожаць, чаго чакаць: міру ці эскаляцыі гвалту».

Суразмоўца кажа, што дзесяцігадовая прысутнасьць савецкага кантынгенту ў Аўганістане дагэтуль успрымаецца неадназначна. З аднаго боку, кажуць пра акупацыю, а зь іншага — пагаджаюцца, што гэта дазволіла істотна адтэрмінаваць захоп улады талібамі.

Абдул Зухур з жонкай Пары (стаяць зьлева) і савецкія дарадцы
Абдул Зухур з жонкай Пары (стаяць зьлева) і савецкія дарадцы

«30-я гадавіна вываду зноў прымусіла вярнуцца да тых падзеяў, — кажа Абдул Зухур. — Ацэнкі, зразумела, палярныя: прыхільнікі савецкай місіі падзяляюць пазыцыю Махамэда Наджыбулы, які назваў тое рашэньне пасьпешлівым і нават параўнаў з агульнанацыянальнай трагедыяй. Прадстаўнікі колішняй апазыцыі сьцьвярджаюць, што гэта яны спынілі агрэсію і выдварылі акупацыйныя войскі. У асноўным жа народ схіляецца да думкі, што ўсё гэта ўжо стала набыткам гісторыі, хай цяпер аналітыкі разважаюць. Бо галоўная мэта сёньня — дасягнуць міру, спакою і разьвіцьця Аўганістану».

Зь вяршыні партыйнай піраміды да пагрозы расстрэлу

Партыйны актывіст таварыш Размджо
Партыйны актывіст таварыш Размджо

Лёс самога Абдул Зухура — гэта адлюстраваньне драматычнай гісторыі Аўганістану апошніх дзесяцігодзьдзяў. На момант уводу савецкіх войскаў Абдул Зухур толькі скончыў Політэхнічны інстытут у Кабуле, атрымаў інжынэрную спэцыяльнасьць. Пры новай уладзе, падтрыманай Савецкім Саюзам, хутка зрабіў партыйную карʼеру — у 30 гадоў стаў першым сакратаром Кабульскага гаркаму партыі. Самастойна авалодаў расейскай мовай.

У 1985-1986 гадах з дарадцам ЦК КПСС пры ЦК НДПА Іосіфам Навумчыкам удзельнічаў у нарадах з удзелам вышэйшых дзяржаўных асобаў, выяжджаў у вызваленыя ад муджагедаў правінцыі. Даслужыўся да намесьніка старшыні аўганскага парлямэнту. Быў шчасьлівы ў сямейным жыцьці — у яго і жонкі Пары, таксама партыйнай актывісткі, пяцёра дзяцей.

Але з сыходам савецкіх куратараў тылы агаліліся і ён, як адзін з кіраўнікоў НДПА, у сярэдзіне 1990-х патрапіў «на мушку» да талібаў.

Іосіф Навумчык (справа) і Абдул Зухур Размджо (у цэнтры)
Іосіф Навумчык (справа) і Абдул Зухур Размджо (у цэнтры)

«У 1992 годзе нас зрынулі і, каб уратавацца, многія кіраўнікі (не кажу ўжо пра шараговых чальцоў) перайшлі ў муджагедзкія групоўкі, — згадвае былы партыец. — Хто не захацеў супрацоўнічаць, зьбеглі — у Пакістан, Расею, Таджыкістан, Узбэкістан. А я застаўся. Аўганістан заўсёды меў этнічна-плямённы падзел — на поўнач і поўдзень, усходніх і заходніх, пуштунаў і белуджаў. Я паехаў з Кабулу на поўнач, у Пулі-Хумры. Не займаўся ні палітыкай, ні грамадзкай дзейнасьцю, проста хацеў паказаць: мы — адзіныя, нас нельга падзяліць. Прыйшлі талібы і палічылі інакш».

«Талібан» заручыўся падтрымкай тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда», іх супольнага націску муджагеды ня вытрымалі і ўладу здалі. Як кажа Абдул Зухур, «дабразычліўцы» пасьпяшаліся інфармаваць палявых камандзіраў, што ў горадзе абʼявіўся паплечнік аміна Саіда Мансура Надэры, духоўнага лідэра нізарытаў — ісмаіліцкае адгалінаваньне не ў пашане ў пуштунаў, якія складалі касьцяк «Талібану». А галоўнае — ён колішні чалец Палітбюро, набліжаны да камуністаў Кармаля і Наджыбулы, якія абвясьцілі вайну прававерным мусульманам.

Іосіф Навумчык з Абдул Зухурам і яго дзецьмі
Іосіф Навумчык з Абдул Зухурам і яго дзецьмі

Такога паслужнога сьпісу было дастаткова для арышту — Размджо абвінавацілі ў «шпіянажы». Яго катавалі, зьбівалі ланцугамі, перабілі хрыбет. Урэшце павялі на расстрэл, але ў апошні момант пашкадавалі — арыштант нават у перадсьмяротныя хвіліны не спыняўся пераконваць, што ён такі ж аўганец-патрыёт.

«Урэшце я іх пераканаў, што ніякі не здраднік, а такі самы мусульманін, які любіць сваю краіну. І мяне на нейкі час пакінулі ў спакоі. Як аказалася, ненадоўга: пачалі патрабаваць грошы, інакш дакладна забʼюць. Сямʼі, сваякам усё ж удалося мяне адтуль выцягнуць. Нечакана ўзьніклі пытаньні ў іншым лягеры: чаму Наджыбулу забілі, а мяне адпусьцілі? Гэта значыць, з талібамі супрацоўнічаю? Так апынуўся паміж двума „каткамі“. Нічога не заставалася, як падацца ва ўцёкі. Спачатку ў Пакістан, адтуль абыходнымі маршрутамі ў Расею. Гэта быў 1998 год».

Сёньняшні Кабул
Сёньняшні Кабул

$20 000 за легалізацыю ў Расеі і від на жыхарства ў Беларусі

Суровы барадаты мужчына ўжо мала чым нагадваў гладкага партыйнага функцыянэра. Аднак у Маскве, са слоў Абдул Зухура Размджо, былога саюзьніка не чакалі. Нягледзячы на шматлікія звароты, віду на жыхарства ён так і не атрымаў.

Абдул Зухур, маладыя гады
Абдул Зухур, маладыя гады

Хтосьці з дасьведчаных землякоў параіў зьвярнуцца да Аляксея Мітрафанава — правай рукі лідэра ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, дэпутата Дзярждумы. Менавіта ён на чале профільнай парлямэнцкай камісіі адказваў за пытаньні міграцыі. Удалося патрапіць на прыём, той з абаяльнай усьмешкай сказаў: «Да вопросов нет: 20 тысяч долларов на стол, и все будет решено». Гэта ў той час, кажа Зухур, калі я радаваўся, што на дзень удавалася знайсьці хоць даляр. На гэтым перамовы скончыліся. Зноў спыняла міліцыя, працягваліся паборы.

Пашанцавала, што акурат у гэты час пошукі аўганскага сябра распачаў Іосіф Навумчык — ад колішніх калегаў выпадкова даведаўся, што той у Маскве. Стэлефанаваліся, празь некалькі дзён Абдул Зухур быў ужо ў Віцебску. Абмеркавалі сытуацыю, падключылі ўплывовых людзей, якія ў 1980-х таксама пабывалі дарадцамі ў Аўганістане — Мікалая Чаргінца і Сяргея Паўлюкевіча.

Каб не марнаваць час, Абдул Зухур выказаў жаданьне ўдасканаліць веды, некалі здабытыя на радзіме. Так у 1999 годзе ён стаў асьпірантам Беларускай політэхнічнай акадэміі. Яму выдзелілі пакойчык у інтэрнаце, на гэтай падставе атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. А празь нейкі час сямʼя ўзьядналася — прыехала жонка зь дзецьмі, адміністрацыя падшукала асобны жылы блёк.

Кабул пад савецкім пратэктаратам, 1985 год
Кабул пад савецкім пратэктаратам, 1985 год

Тым часам здарылася 11 верасьня 2001 году: тэрарысты «Аль-Каіды», якія раней падтрымалі талібаў, ажыцьцявілі беспрэцэдэнтныя атакі на вежы бізнэс-цэнтру ў Нью-Ёрку ды іншыя абʼекты ў ЗША. У адказ войскі НАТО распачалі апэрацыю адплаты ў Аўганістане. Празь нейкі час, калі быў вызвалены Кабул ды іншыя тэрыторыі, выпускнік асьпірантуры зазьбіраўся на радзіму. Ратавальны беларускі пэрыяд завершыўся.

Віртуальная рэальнасьць і сярэднявечча кішлака

Абдул Зухур Размджо, здымак на дакумэнты
Абдул Зухур Размджо, здымак на дакумэнты

Па вяртаньні на радзіму, распавядае Абдул Зухур Размджо, давялося пачынаць з нуля — дом быў разбураны, маёмасьць зьнішчаная. Заняўся выкладчыцкай працай, але ўлады, якія прыйшлі на зьмену талібам, таксама не адмовіліся ад спакусы пакрытыкаваць за партыйнае мінулае.

«Сёньня ўжо няма такога, каб нехта пагражаў ці казаў, што я — прычына ўсіх бедаў. Але пасьля вяртаньня я абʼявіў: хочаце ўчыніць самасуд — пачынайце зь мяне. Няма сакрэту, кім я быў, чым займаўся. Вінаваты — пакарайце. Калі не, дык навошта нападаць адзін на аднаго? Так, тады была вайна, але якая карысьць, што сёньня муджагеды пачнуць перасьледаваць былых партыйцаў ці наадварот? Давайце суіснаваць цывілізавана. Ёсьць праблемы — няхай суд вырашае. Бо калі нехта кідае „здраднік“, тое ж магу сказаць і я. А пакуль спрачаемся, ня будзе каму ратаваць радзіму».

Ці адчуваецца, што аўганскае грамадзтва, дзесяцігодзьдзямі падзеленае паводле палітычных, плямённых, рэлігійных ды іншых прыкметаў, усё ж рушыць у бок кансалідацыі?

Раварысты практыкуюцца ў Кабуле, люты 2019-га
Раварысты практыкуюцца ў Кабуле, люты 2019-га

«На шчасьце, паміж простымі людзьмі ўзаемаразуменьня паболела — у гэтым сэнсе грамадзтва ўзьнялося на прыступку, нават вышэй, — лічыць Абдул Зухур. — Чаго, на жаль, ня скажаш пра партыйныя структуры ды розныя групоўкі: па-ранейшаму глядзяць, пуштун ты ці назарыт, з поўначы ці поўдня, усходу ці захаду. Шматлікія этнасы стагодзьдзямі суседнічаюць, а палітыкі падтрымліваюць штучны падзел дзеля ўласнай выгады. У народа няма магчымасьцяў рэалізаваць свае погляды, а сярод кіраўнікоў партый адсутнічае адзінства. Адсюль і агульны разлад».

У прагрэсіўных зьменах Абдул Зухур перадусім спадзяецца на моладзь — непараўнальна больш адукаваную за сваіх бацькоў і дзядоў. Да таго ж, Аўганістан паступова далучаецца да сучасных тэхналёгій, што таксама спрыяе пашырэньню як мінімум віртуальных межаў. І ўдакладняе: многія кішлакі па-ранейшаму закансэрваваныя ў сярэднявеччы.

Кабул, люты 2018-га
Кабул, люты 2018-га

«У гарадах прагрэс заўважны: неабмежаваны інтэрнэт, тэлебачаньне, радыё, газэты — калі ласка, любая інфармацыя, — кажа Абдул Зухур. — Тут больш сучаснае жыцьцё: новыя будынкі, добрыя дарогі, гандлёвыя сеткі. Паступова падцягваюцца цэнтральныя правінцыі, ня так усё дрэнна. А вось у аддаленых кішлаках, дзе мулы, духавенства па-ранейшаму замяняюць усю ўладу, сытуацыя не такая аптымістычная. І жанчыны бяспраўныя, і прылады працы сярэднявечныя, мала што мяняецца. Адзінае, што пачатковыя школы працуюць нават у раёнах, падкантрольных талібам, ужо добра».

Капітальных пераўтварэньняў, паводле палітыка, патрабуе эканоміка. Нешматлікія прадпрыемствы, узьведзеныя яшчэ савецкімі адмыслоўцамі, у масе сваёй фізычна і маральна састарэлі. Інвэстары са зразумелых прычынаў укладаць сродкі ў зону падвышанай рызыкі не гатовыя. Прамысловы сэктар, аграрная галіна, энэргасыстэма, водазабесьпячэньне і арашэньне — галоўныя напрамкі, на якіх трэба засяродзіцца.

Наркатрафік пад духоўным прыкрыцьцём і атакі сьмяротнікаў

Як і ўсе аўганцы, Абдул Зухур не абаронены перад тэрарыстычнымі атакамі, якія раз-пораз скалынаюць вуліцы гарадоў. Практыка сьведчыць, што актыўнасьць радыкальных груповак падвышаецца напярэдадні важных палітычных кампаній, таму набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў выклікае зразумелую трывогу.

Наступствы тэракту ў Кабуле, лістапад 2018-га
Наступствы тэракту ў Кабуле, лістапад 2018-га

«Гэта не міжпартыйныя разборкі, а вайна груповак, якія паўсталі ў выніку ўнутрыклянавай барацьбы ў „Талібане“, „Аль-Каідзе“, іншых рухах, — тлумачыць суразмоўца. — Нягледзячы на тое, што многія прыкрываюцца рэлігійнымі лёзунгамі, насамрэч займаюцца наркатрафікам, кантрабандай, гандлем зброяй і г.д. Звычайны крымінал. А церпяць перадусім аўганцы, бо натаўцы ўжо не ваююць, толькі дапамагаюць трэніраваць асабовы склад нашых узброеных сілаў. У выніку гінуць мірныя жыхары і хлопцы з паліцыі, нацыянальнай бясьпекі, якія падтрымліваюць правапарадак».

Абдул Зухур Размджо не хавае: з улікам палітычнага мінулага, якое не дае спакою шмат якім сілам, напэўна, ягонай сямʼі куды спакайней было б за межамі Аўганістану. Але ня думае, што гэта было б найлепшае рашэньне ў ягоным жыцьці.

Пары Размджо, надзейны тыл Абдул Зухура
Пары Размджо, надзейны тыл Абдул Зухура

«Ад самага пачатку, калі мае таварышы пачалі зьяжджаць, я сказаў, што застануся на радзіме — чым, вядома, стварыў праблемы і сабе, і сямʼі, — кажа Размджо. — Відаць, Алах мяне ўратаваў: талібы хацелі забіць, а потым зьлітаваліся, калі ў кішэні знайшлі не партыйны білет, а Каран. Толькі калі заставацца стала немагчыма фізычна, на нейкі час зьехаў. Але заўсёды адчуваў, што патрэбны тут, што нельга кідаць Бацькаўшчыну ў цяжкія хвіліны. Дый зараз рознае можа здарыцца, пагрозы аднолькавыя для ўсіх: баімся тэрактаў, выбухаў, атак сьмяротнікаў. Праблемы былі і ёсьць».

Вялікая сямʼя Размджо жыве ў спальным раёне на ўскрайку Кабулу. Пяцёра дзяцей даўно вырасьлі, цяпер дзед Абдул і баба Пары займаюцца ўнукамі. На ўсходзе Аўганістану, дзе калісьці жылі семʼі арыстакратаў, а цяпер праходзіць лінія разьмежаваньня ўрадавых войскаў і талібаў, ёсьць дом і крыху зямлі. Калі спакойна, часам выбіраюцца і туды. Але пакуль такія вылазкі досыць рызыкоўныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG