Кровапралітны інцыдэнт адбыўся ў пятніцу ў Вэнэсуэле ў раёне мяжы з Бразыліяй. 22 лютага раніцай вэнэсуэльскія салдаты акружылі памежны пункт у вёсцы Кумаракапаі. Прыхільнікі апазыцыі заступілі дарогу вайсковай аўтакалёне, пратэстуючы супраць закрыцьця мяжы. Салдаты адкрылі агонь, параніўшы ня менш за 12 чалавек. Загінула 42-гадовая жанчына.
Пасьля інцыдэнту зьніклі трое салдат, паводле некаторых паведамленьняў, яны былі выкрадзеныя. Карэнныя жыхары раёну, дзе разьмешчана паселішча Кумаракапаі, падтрымліваюць апазыцыйнага лідэра Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе прэзыдэнтам — ён выступае за дастаўку замежнай гуманітарнай дапамогі, заяўляючы, што многія вэнэсуэльцы маюць патрэбу ў харчаваньні і прадметах першай неабходнасьці.
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура загадаў закрыць мяжу з Бразыліяй, каб не дапусьціць дастаўкі дапамогі, перш за ўсё з ЗША. Ён заяўляе. што гуманітарная дапамога — сродак для ўстанаўленьня ў Вэнэсуэле рэжыму, выгаднага ЗША.