Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: улады Вэнэсуэлы загадалі 50-ці кампаніям адкрыць рахункі ў Расеі, Кітаі, Індыі і Турэччыне


Рахдача гуманітарнай дапамогі ў Вэнэсуэле.

Агенцтва Bloomberg паведаміла пра тое, што ўлады Вэнэсуэлы загадалі адкрыць рахункі ў банках у Расеі, Турэччыны, Кітаю і Індыі прыкладна 50-ці вэнэсуэльскім гандлёвым кампаніям.

Афіцыйна гэта зроблена для таго, каб кампаніям было лягчэй выбудоўваць гандлёвыя дачыненьні зь пералічанымі краінамі і закупляць там тавары. Але Bloomberg лічыць, што ўрад Мадура такім чынам спрабуе знайсьці новыя спосабы працы ва ўмовах амэрыканскіх санкцый і замаразкі замежных актываў.

Амэрыканскія і многія эўрапейскія банкі, а таксама шматлікія аплатныя сыстэмы цяпер адмаўляюцца працаваць з вэнэсуэльскімі кампаніямі і банкамі, а многія спажывецкія кампаніі, такія як Kellogg Co. або Kimberly-Clark Corp., проста сышлі з вэнэсуэльскага рынку.

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў ня стаў камэнтаваць гэтае паведамленьне, але заявіў, што «РФ працягвае супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай, і гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва».

Паводле дадзеных Bloomberg, загад аб адкрыцьці рахункаў быў аддадзены на нарадзе, якую ў панядзелак правёў віцэ-прэзыдэнт па эканоміцы Веэнэсуэлы Тарэк Аль Айсамі і міністар унутранага гандлю Кантрэрас Вільям.

Міністэрства фінансаў Вэнэсуэлы ў найбліжэйшыя дні правядзе трэнінг для прадстаўнікоў кампаній і навучыць іх працаваць з рахункамі ў замежных банках. Адначасова кампаніі папярэдзілі, што іх чакаюць санкцыі, калі тавары, якімі яны гандлююць, ня будуць своечасова закупленыя і ня зьявяцца ў Вэнесуэле. Таксама ім быў аддадзены загад не павышаць цэны на прадаваныя тавары, нягледзячы на інфляцыю.

Кітай, Расея, Індыя і Турэччына — нешматлікія краіны, якія яшчэ працягваюць падтрымліваць рэжым Мадура, у тым ліку фінансава. Індыя, да прыкладу, цяпер зьяўляецца найбуйнейшым пакупніком вэнэсуэльскай нафты, якая раней ішла на экспарт у ЗША.

У Расеі ўладам Вэнэсуэлы часткова належыць банк «Еврофинанс Моснарбанк» (яго акцыянэрамі з расейскага боку зьяўляецца ВТБ і «Газпромбанк»). Яшчэ ў кастрычніку летась прыватныя кампаніі Вэнэсуэлы атрымалі загад адкрыць у ім рахункі, нагадвае Bloomberg.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG