Трамп зноў ня выключыў магчымасьць ваеннага ўмяшаньня ў Вэнэсуэле.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў Вэнэсуэлу, што ён разглядае «ўсе варыянты» рэагаваньня і запатрабаваў, каб левы лідэр Нікаляс Мадура разблякаваў пастаўкі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў краіну, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Зноў падкрэсьліўшы, што не выключае ваеннага ўмяшаньня, Трамп сказаў, што «ўзрушэньні» ў гэтай багатай на нафту лацінаамерыканскай краіне «засмучаюць» яго.
«Убачыце», — заявіў ён журналістам на сустрэчы са сваім калюмбійскім калегам Іванам Дуке ў Белым доме, калі яго спыталі, ці магчыма, што тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў адправяцца ў Вэнэсуэлу.
Амэрыканская дапамога, якая знаходзіцца на калюмбійскім баку мяжы з Вэнэсуэлай, стала новым ачагом напружанасьці ва ўзначаленых ЗША спробах скінуць Мадура, чый сацыялістычны ўрад мае апору ў вайскоўцах і падтрымліваецца Расеяй і Кітаем.
Мадура абвінавачвае ЗША ў выкарыстаньні заблякаваных паставак дапамогі ў якасьці падставы для ўварваньня. Аднак значная частка насельніцтва Вэнэсуэлы адчувае вострую патрэбу ў прадметах першай неабходнасьці, уключаючы харчаваньне і мэдыкамэнты.
Па словах Трампа, не дазваляючы прапусьціць гуманітарную дапамогу ў краіну, Мадура «робіць жудасную памылку».
«Мы спрабуем даставіць прадукты харчаваньня галадаючым людзям. У Вэнэсуэле ёсьць людзі, якія галадаюць», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць у яго запасны плян на выпадак, калі Мадура будзе ўтрымліваць уладу, Трамп сказаў: «У мяне заўсёды ёсьць плян „Б“. Як і плян „В“, „Г“, „Д“ і „Е“. У Вэнэсуэле адбываецца шмат такога, пра што людзі ня ведаюць».
Паводле Трампа, многія краіны хочуць дапамагчы Вэнэсуэле. «Мы шмат што ўбачым у наступныя некалькі тыдняў», — сказаў ён.
Расея, якая падтрымлівае Мадура, кажа, што ў Вэнэсуэле павінна быць магчымасьць вырашыць свае праблемы самастойна і мірным шляхам. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў паўтарыў гэты пункт гледжаньня у тэлефоннай размове зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо ў сераду, паведамілі ў расейскім МЗС.
Трамп неаднаразова заяўляў, што ён не выключае ніякіх варыянтаў разьвіцьця падзей, уключаючы ваенныя дзеяньні, у якасьці рэакцыі на ўзрушэньні ў Вэнэсуэле.
Аднак спэцпрадстаўнік прэзыдэнта па Вэнэсуэле Эліёт Абрамс быў больш просталінейны. Зьвіўшыся ў сераду ў Кангрэсе, ён заявіў заканадаўцам у Палаце прадстаўнікоў, што ваенныя дзеяньні — «гэта ня той шлях, да якога імкнуцца ЗША». На думку Абрамса, узмацненьне міжнароднага ціску і ўплыў санкцый супраць Вэнэсуэлы ўрэшце прывядуць да зрушэньня Мадура.