Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім пра перапіс-2019: Цалкам рэальна, каб 70% назвалі роднай мовай беларускую


Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім у інтэрвію Свабодзе разважае пра магчымыя вынікі перапісу 2019 году, пра «мяккую беларусізацыю» і працэс арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча.

Асноўнае з гутаркі сьцісла:

  • Перапіс 1999 году адлюстроўваў іншую сытуацыю ў краіне, людзі не саромеліся называць роднай мовай беларускую.
  • Грамадзяне самі маюць права вызначаць сваю родную мову без падказак эўрапейскіх і беларускіх статыстыкаў.
  • «Расейскую мову нам навязалі, нас адлучылі ад беларускай інфармацыйнай прасторы».
  • Цалкам рэальна, каб больш за 70% грамадзян назвалі роднай мовай беларускую, як гэта было падчас перапісу-1999.
  • ТБМ заклікае называць роднай мовай беларускую нават калі вы нарадзіліся ў горадзе.
  • У грамадзтве назіраецца запатрабаваньне да большай прысутнасьці беларускай мовы ў публічнай прасторы.

Пра перапіс 2019 году

— У верасьні 2019 году ў Беларусі адбудзецца ўсеагульны перапіс насельніцтва. У апошнія дзесяцігодзьдзі многія зь вялікай трывогай чакаюць яго вынікаў перапісаў. Гэта зьвязана з фармулёўкай моўных пытаньняў. Некалі ў СССР было ўсё проста — там пыталіся пра родную мову без тлумачэньня, што гэта такое. Цяпер пытаюцца, на якой мове чалавек навучыўся гаварыць у дзяцінстве. Дзяржаўны статыстычны камітэт грунтуецца на рэкамэндацыях эўрапейскіх статыстыкаў. Там ёсьць чатыры варыянты пытаньня пра мову, нашы выбралі два зь іх. Такім чынам пытаньні перапісу і ў значнай ступені яго вынікі, якія наўпрост закранаюць пытаньні нацыянальнай ідэнтычнасьці і будучыні беларускага народу, лёсу яго мовы і культуры, вызначаюць не навукоўцы Акадэміі навук, напрыклад, а эўрапейскія і беларускія статыстыкі. Наколькі гэта правільна і карэктна? Ці магло быць інакш?

— У кожнай справе ёсьць два бакі. Возьмем фармулёўку пытаньня «Родная мова (мова, засвоеная ў маленстве)». Тут я магу сказаць наступнае.

Вазьміце вялікую колькасьць нашых гараджан, якія, вобразна кажучы, толькі ўчора пераехалі ў горад, а дзяцей сваіх, ня маючы кватэры, аддавалі сваім бацькам у вёску. Якое асяродзьдзе было там, якую мову чулі гэтыя малыя дзеткі ў маленстве і на якой мове яны маглі размаўляць зь дзядулямі і бабулямі? Відавочна, што па-беларуску.

Перапіс 1999 году адлюстроўваў крыху іншую сытуацыю, тады людзі не саромеліся называць сваёй роднай мовай беларускую.

Сёньня наша задача зарыентаваць людзей на тое, каб яны не забываліся, што вучыліся ў беларускіх школах. Многія нашы акадэмікі, прафэсары, дактары і кандыдаты навук, чыноўнікі навучаліся менавіта ў школах зь беларускай мовай навучаньня. Мы заклікаем іх не забывацца пра гэта.

Па-другое, я лічу, што грамадзяне самі маюць права вызначаць сваю родную мову без падказак, да чаго мы іх заклікаем. Хоць нам і выстаўляюць закіды ў тым, што мы заклікаем да фальсыфікацыі. Якая фальсыфікацыя, калі чалавек альбо мае права сам вызначаць сваю родную мову альбо ня мае!

Расейскую мову нам навязалі, нас адлучылі ад беларускай інфармацыйнай прасторы — гэта што, не фальсыфікацыя таго стану, які павінен быць?

Вядома, наша ТБМ выступае за тое, каб людзі ў Беларусі не баяліся называць сваёй роднай мовай беларускую.

— У самім пытаньні пра родную мову — «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)? — ёсьць падказка, якая выключае свабодны выбар. Ці існуюць нейкія спосабы ўзьдзеяньня на Нацыянальны статыстычны камітэт, каб зьмяніць гэтыя фармулёўкі?

— Мы спрабавалі, пісалі ў свой час лісты. Гэта было яшчэ перад перапісам 2009 году. Таму цяпер траціць на гэта час, відаць, ня варта.

Мы зьвяртаем увагу на тое, каб тыя, каго апытваюць, патрабавалі, каб перапісчыкі размаўлялі зь імі па-беларускую і афармлялі адказы таксама па-беларуску. Мы ведаем, што у падрыхтаваных дакумэнтах ёсьць беларускамоўная вэрсія. Таму тут мы можам паўплываць, каб беларуская мова прысутнічала падчас перапісу.

Што тычыцца самога пытаньня пра родную мову з падказкай пра першую мову, засвоеную ў дзяцінстве... Калі, напрыклад, дзіця гадуецца ў сям’і, дзе адзін з бацькоў размаўляе па-беларуску, а другі — па-расейску? Што адказваць у такім разе? Што дзьве мовы засвоеныя ў раньнім дзяцінстве? Значыць, трэба пісаць, што дзьве родныя мовы? Таму, як кажуць, любая статыстыка — гэта толькі статыстыка, і яна не заўсёды адлюстроўвае рэчаіснасьць.

— А ці магчыма калі ня сёлета, дык наогул калі-небудзь у будучыні паўплываць на Нацыянальны статыстычны камітэт, каб зьмяніць пытаньні на наступных перапісах? Бо з вынікаў перапісу пасьля робяцца далёкасяжныя палітычныя высновы.

— Так, пэўныя высновы робяцца, але яны не заўсёды адлюстроўваюць нават вынікі перапісу. У 1999 годзе больш як 70% заявілі, што іх родная мова беларуская, але гэта ніяк не адбілася на працы дзяржаўных органаў. Так што прапановы для Нацыянальнага статыстычнага камітэту варта сфармуляваць і падаваць. Трэба спрабаваць зьмяніць сытуацыю.

— Які ваш прагноз адносна вынікаў перапісу 2019 году?

— Калі розныя палітычныя суб’екты, зацікаўленыя ў пашырэньні беларускай мовы, добра правядуць агітацыйную кампанію, то вынікі сёлетняга перапісу могуць быць амаль ідэнтычныя вынікам перапісу 1999 году.

Пра «мяккую беларусізацыю»

— Ці згодныя вы з тэрмінам «мяккая беларусізацыя» і са сьцьвярджэньнямі, што ў апошнія гады назіраецца большая зацікаўленасьць беларускай мовай з боку ўладаў?

— Перш за ўсё хачу сказаць, што зрухі відавочныя ў грамадзтве. Людзі ня проста заяўляюць пра сваё жаданьне і гатоўнасьць шырэй чуць беларускую мову, але і бароняць свае правы рознымі даступнымі сродкамі, у тым ліку і праз суд. Не заўсёды яны дамагаюцца станоўчых вынікаў, але гэты працэс нарастае.

А тое, што тычыцца дзяржаўных органаў, то ў іх таксама ёсьць адчуваньне зьменаў у грамадзтве, гэта па-першае.
А па-другое, тыя дзяржаўныя служачыя, якія выхаваныя на беларускай зямлі і ў свой час заканчвалі беларускія школы зь беларускай мовай навучаньня, яны разумеюць усю абсурднасьць той сытуацыі, якая склалася ў нашай краіне і спрабуюць нешта зьмяніць у бок пашырэньня беларускай мовы.

Не заўсёды ім хапае сьмеласьці адстойваць сваю пазыцыю да канца, але, тым ня менш, дзе могуць, яны выказваюць і вусную падтрымку мне, і спрыяюць у рэалізацыі тых ці іншых спраў.

Пра ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча

— У якой стадыі цяпер знаходзіцца справа арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча?

— Я зьяўляюся заснавальнікам гэтага ўнівэрсытэту. Як старшыня Таварыства Беларускай мовы я зрабіла пэўныя намаганьні, каб ён быў зарэгістраваны як юрыдычная асоба. Ну а цяпер мы працуем над атрыманьнем ліцэнзіі.

— Ёсьць спадзяваньне на атрыманьне фінансаваньня, нейкага гранту, напрыклад, каб унівэрсытэт запрацаваў?

— Безумоўна, трэба займацца і пошукам фінансаў, і пошукам партнэраў, якія дапамогуць фінансава, але цяпер самая галоўная задача — гэта дамагчыся ад міністэрства адукацыі ліцэнзіі на пачатак навучальнай дзейнасьці.

Гэта вельмі складана, бо, па-першае, у нас даўно не рэгістравалі новых прыватных установаў адукацыі, таму мала экспэртаў, якія могуць даць кваліфікаваныя парады адносна падрыхтаваных дакумэнтаў.

А па-другое, цяпер ва ўсім сьвеце і ў Беларусі ў тым ліку ідзе змаганьне за абітурыентаў. У нас шмат дзяржаўных унівэрсытэтаў. Яны зацікаўленыя ў тым, каб мець студэнтаў-платнікаў.

Па шэрагу публікацый мы бачым, якое ідзе змаганьне за таленавітых выпускнікоў нашых школ у расейскіх ВНУ.

— З вашага адказу вынікае, што пра канкрэтныя тэрміны пакуль гаварыць рана?

— Так, пакуль ня будзем называць канкрэтных датаў. Спачатку падамо дакумэнты на ліцэнзію, а тады ўжо будзем гаварыць пра нешта канкрэтнае. Але, у кожным выпадку, ужо цяпер дзейнасьць унівэрсытэту вядзецца. Ідзе пэўная дасьледчая праца, ідзе навучаньне людзей, якія прыйшлі на ўнівэрсытэцкія курсы.

Таму, як кажуць, унівэрсытэт дзейнічае. Пакуль ён мае на гэта права — ён будзе дзейнічаць, а калі атрымае ліцэнзію — дзейнасьць стане яшчэ шырэйшаю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG