Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ падрыхтавала законапраект «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». Дакумэнт атрымаў кожны дэпутат


Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, член Палаты прадстаўнікоў, праз сакратарыят Палаты распаўсюдзіла законапраект сярод сваіх калег.​

«Кожны дэпутат атрымаў тую частку газэты „Наша слова“, дзе надрукаваны праект гэтага закандаўчага акту. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка маёй ініцыятыве не пярэчыў», — сказала Свабодзе спадарыня Анісім.

Яна дадала, што паколькі ТБМ не зьяўляецца суб’ектам закандаўчай ініцыятывы, то законапраект пойдзе ад яе імя, у дэпутатаў такое права ёсьць.

«Хоць, вядома, гэта праца многіх і многіх актывістаў нашага таварыства, — удакладняе дэпутатка. — Цяпер мы аналізуем прапановы да дакумэнту, якія ўжо паступілі, бо законапраект быў выстаўлены і на сайце ТБМ. Пасьля гэтага займуся рассылкай законапраекту ва ўсе зацікаўленыя арганізацыі, бязь іх заключэньня прадстаўляць яго на сэсію забараняе рэглямэнт працы дэпутатаў».

10 адметнасьцяў беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь

  1. Яна фактар яднаньня беларускага народу і тым самым гарантыя дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе еднасьці і непадзельнасьці.
  2. У выніку працяглай адсутнасьці дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнаньні з мовамі, якія належаць народам зь бесьперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасьці і маюць статус міжнародных.
  3. Беларуская мова — нацыянальная мова беларускага народу.
  4. Беларуская мова — дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь.
  5. Беларуская мова — тытульная мова Рэспублікі Беларусь.
  6. Беларуская мова — нацыянальны капітал.
  7. У Беларусі распрацоўваюцца і ажыцьцяўляюцца дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы падтрымкі беларускай мовы.
  8. Ідэалягічнае і арганізацыйнае забесьпячэньне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ажыцьцяўляе Дэпартамэнт беларускай мовы пры прэзыдэнце.
  9. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь дасканала валодае беларускай мовай.
  10. Законы Рэспублікі Беларусь прымаюцца на дзьвюх дзяржаўных мовах, могуць прымацца толькі на беларускай мове.

Алена Анісім лічыць, што найбольш важнае ў законапраекце — гэта захады дзеля таго, каб выраўняць становішча зь беларускай мовай, якое склалася ў грамадзтве, асабліва ў стасунках зь дзяржаўнымі органамі; каб вярнуць ёй статус дзяржаўнай мовы і напоўніць яго адпаведным зьместам.

З поўным тэкстам дакумэнту можна азнаёміцца на сайце ТБМ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG