Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут мовазнаўства правядзе ў Беларусі Тыдзень роднай мовы


Паштоўка Аліны Чыркесавай
Паштоўка Аліны Чыркесавай

Ад 18 да 24 лютага ў Беларусі пройдзе Тыдзень роднай мовы. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук (НАН).

Тыдзень арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Як адзначаюць арганізатары, «праводжаныя мерапрыемствы павінны служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыньнікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як каштоўную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў, і якая мусіць быць перададзеная дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, мэнтальнасьці і сьветапогляду».

На працягу Тыдня роднай мовы вядучыя навукоўцы Інстытуту мовазнаўства выступяць перад грамадзкасьцю, у сродках масавай інфармацыі, возьмуць удзел у прэзэнтацыях і сьвяточных мерапрыемствах, якія будуць арганізаваныя дзяржаўнымі ўстановамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і грамадзкімі арганізацыямі Беларусі.

19 лютага ў рамках тыдня ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэту славянскіх і германскіх моваў Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Будучым лінгвістам раскажуць пра гісторыю інстытуту, прадставяць сучасныя дасьледаваньні аб нацыянальным мовазнаўстве, пакажуць выставу навуковых працаў інстытутау. Яны таксама наведаюць Музэй старажытнабеларускай культуры.

20 лютага Рэспубліканская тэрміналягічная камісія пры НАН Беларусі правядзе круглы стол «Беларуска-расейскае дзяржаўнае дзьвюхмоўе: праблемы ўпарадкаваньня і функцыянаваньня беларускай мэдычнай тэрміналёгіі». На ім будуць абмеркаваныя стан і праблемы выкарыстаньня беларускай тэрміналёгіі ў сфэры мэдыцыны і аховы здароўя ў Беларусі. У пасяджэньні возьмуць удзел выкладчыкі мэдычных навучальных установаў Беларусі, навукоўцы-філёлягі, лекары.

У гэты самы дзень у Менску пройдзе прэзэнтацыя кнігі Апанаса Ярушэвіча «Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына», падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства супольна з Нацыянальным архівам Беларусі. Як адзначаюць дасьледнікі, «Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына» — унікальны помнік нацыянальнай лексыкаграфіі, першы грунтоўны перакладны расейска-беларускі слоўнік, створаны нацыянальнай мовазнаўчай навукай.

21 лютага дырэктар Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіць зь лекцыяй «Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму» перад слухачамі факультэту павышэньня кваліфікацыі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце — кіраўнікамі галоўных упраўленьняў (аддзелаў) ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый. У сваю чаргу акадэмік Аляксандар Лукашанец у гэты самы дзень выступіць зь лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі філялягічнага факультэту БДУ.

У пятніцу, 22 лютага, адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытуту інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. У Інстытуце мовазнаўства ў гэты самы дзень адбудзецца лекцыя дасьледніка гісторыі беларускай мовы Сяргея Запрудскага «Мікалай Байкоў — знаёмы і незнаёмы», прымеркаваная да 130-годзьдзя выдатнага беларускага лексыкографа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG