Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура 2 лютага прапанаваў правесьці парлямэнцкія выбары ў гэтым годзе, а не ў наступным, як плянавалася.
Такім чынам, Мадура спадзяецца перамагчы свайго галоўнага палітычнага праціўніка Хуана Гуайдо.
На мітынгу сваіх прыхільнікаў Мадура сказаў, што Канстытуцыйная асамблея (орган, падкантрольны прэзыдэнту) павінна падрыхтаваць пазачарговыя выбары Нацыянальнай асамблеі (парлямэнта), які ўзначальвае Гуайдо. Мадура назваў гэты орган улады «буржуазным».
Чарговыя парлямэнцкія выбары ў Вэнэсуэле былі раней заплянаваны на 2020 год.
Учора скончыўся тэрмін ультыматуму, прад’яўленага Нікаласу Мадура з боку Эўразьвяза. У Брусэлі паабяцалі прызнаць Гуайдо легітымным прэзыдэнтам, калі Мадура не абвесьціць у краіне пазачарговыя выбары.