Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьця Рыбка адмовілася адказваць на пытаньні CNN пра Алега Дзерыпаску


Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка)
Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка)

Расейскія спэцслужбы забаранілі беларускай мадэлі Анастасіі Вашукевіч, вядомай як Насьця Рыбка, публічна расказваць пра мільярдэра Алега Дзерыпаску. Пра гэта сама Вашукевіч расказала ў інтэрвію CNN.

Рыбка адмовілася адказваць на пытаньне журналіста аб верагоднай датычнасьці Дзерыпаскі да ўмяшаньня ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Яна ўдакладніла, што пасьля затрыманьня ў Расеі прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў наведалі яе ў ізалятары і «выразна далі зразумець, што трэба казаць, а што не» пра бізнэсоўца.

У 2018 годзе Рыбка стала гераіняй расьсьледаваньня Аляксея Навальнага пра віцэ-прэм’ера Сяргея Прыходзьку і бізнэсоўца Алега Дзерыпаску. Нагодай для расьсьледаваньня сталі кніга і публікацыі ў Інстаграме Рыбкі. Мадэль сьцьвярджала, што мільярдэр абмяркоўваў з расейскім чыноўнікам ўмяшаньне ў выбары прэзыдэнта ЗША.

Пасьля выхаду расьсьледаваньня беларускую мадэль, а таксама Аляксандра Кірылава, які называе сябе Алексам Лэсьлі, затрымалі ў Тайляндзе, абвінаваціўшы ў арганізацыі незаконных сэкс-трэнінгаў. Дзевяць месяцаў яны правялі ў турме, пасьля чаго іхм прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартавалі. Калі Рыбка і Лэсьлі прыляцелі ў Маскву, іх зноў затрымалі — гэтым разам паводле падазрэньня ва ўцягваньні ў прастытуцыю. Пазьней іх адпусьцілі з паліцыі пад абавязаньне аб яўцы.

Юрысты Дзерыпаскі запатрабавалі прымусова спагнаць з Рыбкі і Лэсьлі, адзін мільён рублёў, які суд абавязаў іх выплаціць паводле пазову аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі расейскага мільярдэра.

Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?

28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі

У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.

17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).

Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага

22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG