Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьця Рыбка прыляцела з Тайлянду ў Маскву. Яе і яшчэ трох дэпартаваных затрымалі

абноўлена

Анастасія Вашукевіч (вядомая як Насьця Рыбка), архіўнае фота
Анастасія Вашукевіч (вядомая як Насьця Рыбка), архіўнае фота

Беларусы Анастасія Вашукевіч (вядомая як Насьця Рыбка) і Аляксандар Кірылаў (Алекс Лэсьлі), а таксама іншыя фігуранты справы аб незаконнай арганізацыі паслугаў сэксуальнага характару прыляцелі з Тайлянду ў Маскву.

З Тайлянду вярталіся 8 чалавек, чацьвярых затрымалі ў аэрапорце Шарамецева: Анастасію Вашукевіч, Аляксандра Кірылава, Марыю Жаркову і Андрэя Жэшку.

Паводле словаў Крысьціны Кірылавай, жонкі Алекса Лэсьлі, затрыманым інкрымінуюць уцягненьне ў заняткі прастытуцыяй (ч.2 арт. 240 КК РФ). Кірылава адрынае абвінавачаньні, лічыць іх беспадстаўнымі. Паводле іншых вызваленых, іх затрымалі для апытаньня, але не выстаўляюць ім абвінавачаньняў.

Пазьней стала вядома, што затрыманьне агенцтву РІА Навіны ў чацьвер пацьвердзілі ў прэсавай службе маскоўскага глаўку МУС:

«У рамках вытворчасьці па крымінальнай справе, заведзенай па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 240 КК РФ (уцягваньне ў занятак прастытуцыяй - РС), у аэрапорце Шарамецева былі затрыманыя трое грамадзян Расейскай Фэдэрацыі і грамадзянка Рэспублікі Беларусь, якія прыбылі авіярэйсам з Каралеўства Тайлянд», - адказалі ў прэсавай службе на пытаньне аб затрыманьні Леслі і Рыбкі.

У ведамстве адзначылі, што цяпер затрыманыя дастаўляюцца ў падразьдзяленьне паліцыі для правядзеньня сьледчых дзеяньняў. Максымальная санкцыя паводле часткі другой артыкулу 240 КК РФ – шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.

Перад пасадкай у самалёт Аляксандар Кірылаў расказаў «УКантакце», што ў Тайляндзе нібыта «сфабрыкавалі новую крымінальную справу» і «хацелі зьняць рабятаў з самалёта». Але з дапамогай «каманды ў Тайляндзе» «ўдалося адстаяць нашых сяброў».

З Масквы Вашукевіч і Кірылаў, дэпартаваныя з Тайлянду, маюць быць адпраўленыя ў Менск.

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны, турысты з Расеі.

Настасься Вашукевіч (Насьця Рыбка) і Аляксандар Кірылаў
Настасься Вашукевіч (Насьця Рыбка) і Аляксандар Кірылаў

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG