Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Насьці Рыбкі заявіў, што ў яе вызваленьні няма заслугі беларускіх дыпляматаў

абноўлена

23 студзеня ў Маскве прайшла прэс-канфэрэнцыя адваката Анастасіі Вашукевіч Дзьмітрыя Зацарынскага. Напярэдадні яе вызвалілі з паліцыі Масквы пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі.

Спачатку анансавалі, што гэта будзе прэс-канфэрэнцыя Вашукевіч, але яна не зьявілася.

Пра беларускіх дыпляматаў

Адвакат заявіў, што ня лічыць вызваленьне Вашукевіч дасягненьнем беларускай дыпляматыі.

«Я са зьдзіўленьнем прачытаў у прэсе, што гэта прадстаўнікі беларускай дыпляматыі вызвалілі Насьцю Рыбку. Чаму я праводзіў вочную стаўку цягам 9 гадзінаў і іх ня бачыў? Іх ня бачыў ні я, ні Анастасія Вашукевіч. Яны не наведвалі яе», – сказаў Зацарынскі.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць вызваленьне Вашукевіч вынікам працы МЗС, кіраўнік ведамства Ўладзімер Макей адзначыў, што гэта «комплексная заслуга». У консульскім аддзеле амбасады Беларусі 21 студзеня абяцалі сустрэцца з Вашукевіч неўзабаве.

Пра прэзыдэнцтва

Адвакат Вашукевіч Дзьмітры Зацарынскі назваў фэйкам інфармацыю пра пляны Вашукевіч стаць прэзыдэнтам Беларусі. Адвакат назваў гэта спробай зрабіць Вашукевіч «інструмэнтам міждзяржаўных стасункаў». Пазьней сказаў, што ня мае фактаў, якія б пацьвярджалі гэта.

Раней інфармацыю аб прэзыдэнцтве абвергла ў інтэрвію Свабодзе Крысьціна Кірылава, жонка Алекса Лэсьлі.

Пра вяртаньне ў Беларусь

Зацарынскі сказаў, што квіткі ў Менск дзяўчына не купляла, яна будзе знаходзіцца ў Маскве, каб вырашаць пытаньні са сьледзтвам.

Пра затрыманьне і новую крымінальную справу

Адвакат запатрабаваў у кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін правядзеньня праверкі па факце затрыманьня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева. Зацарынскі лічыць, што Вашукевіч вызвалілі, бо паказаньні Аляксандры Давыдавай, пасьля заявы якой завялі крымінальную справу ў Расеі, былі недастатковымі.

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?

28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі

У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.

17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).

Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага

22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG